Крыўя-Беларусь у мінуласьці

Задзіночанае гаспадарства крывіцкае (Ад палавіны ХШ да канца XVTII в.)

Мы бачылі з папярэдняга, што ў пал. XIII стаг. вялізарная бальшыня земляў крывіцкіх зусім была прыгатаваўшыся да політычнага задзіночаньня ў вадным сваім гаспадарсьцьве. Патрэбна была толькі конкрэтная ініцыятыва, каб імкненьне да задзіночаньня стала ўжыцьцяўляцца.

Нормальным было спадзявацца, што гэтая ініцыятыва выйдзе з таго гаспадарства крывіцкага, што дагэнуль стаяла на чале крывіцкіх імкненьнеў політычных, рупячыся аб вызваленьню ўсіх крывіцкіх земляў з-пад чужое ўлады. Гэткім гаспадарствам была Полаччына. I дыкжэ ў пал. XIII в. ідэя задзіночаньня пачынае рэалізавацца ў Ноўгарадку (Наваградак), каторы яшчэ ў XII в. быў удзелам Полацкага гаспадарства. У гэтую пару ў Полаччыне вымерла старая дынастыя Усяславічаў [13]. Дзеля таго ініцыятыва мусіла паўстаць у князёў іншага роду. Ініцыятарам стаў Міндоўг, князь Ноўгарадка. Балтыцкае імя новага князя было нормальным у народу, у каторага заўсёды была часьць прозьвішчаў балтыцкага паходжаньня і каторага этнічнай часьцяй складовай былі Балты.

Міндоўг прылучыў да Наваградзкага гаспадарства Ваўкавыск, Зьдзітава, Слонім ды княствы Горадзенскае, Гарадзецкае й Віленскае.

У 1258 г. да новага цэнтру політычнага ў Ноўгарадку было прылучана Падляшша (Берасьцейская й Мельніцкая землі) [14]. У тым-жа часе ўладу Ноўгарадка прызнала Полацкая мітраполія, зн. асяродак Вялікага Княства Полацкага, і дзеля таго Міндоўг пасадзіў сваіх сваякоў на княжых пасадах у Полацку, Віцебску ды ў некаторых мястох Смаленшчыны. Таксама верхнюю ўладу Ноўгарадка прызнала княства Пінскае.

Падобна да таго, як уперад Палачане прылучылі да свайго гаспадарства Лівонію, так цяперка да новага асяродка крывіцкага ў Ноўгарадку належаць іншыя землі балтыцкія, наіменна Аўкштота і свая ёй Жамойць (Жмудзь). Адылі Жамойць была нездаволіўшыся з новае гаспадарсьцьвенасьці, і там узьнялося паўстаньне, у часе каторага Міндоўг быў забіты (1263 г.). Ад гаспадарсьцьвенага перакрышу (крызысу) усьцярог сын Міндоўгаў Вайшэлк, каторы, на чале наваградзка-ваўкавыскіх войскаў, здушыў паўстаньне Жамойці.

Па сьмерці Міндоўга ў працягу кароткае пары можна назіраць аслабеньне шыбчыні задзіночаньня Крывічоў. Прычынена гэта было дынастычнымі ходаньнямі. Нязадаўга аднак шыбчыня гэтая ўзноў расьце.

Полацак прызнаў такжа верхнюю ўладу наступнога князя ноўгарадзкага Віценя. Ад 1307 г. Полацак безь перарыву належыць да новага крывіцкага асяродка політычнага ў Ноўгарадку. У першых гадох XIV стаг. прызналі сваю залежнасьць ад Ноўгарадка княжаты менскія. У тым-жа часе астача княстваў турава-пінскіх прызнала над сабою ўладу Ноўгарадка.

Наступнікам Віценя быў Гедымін (1316-1341), што залажыў новую дынастыю Гедымінавічаў. Каб быць бліжэй да земляў усходне-крывіцкіх, ён перанёс сталіцу гаспадарства ў Вільню.

Сын Гедымінаў Альгерд яшчэ за жыцьця бацькі ажаніўся з княжнай віцебскай, Марыяй, адзінай дачкою віцебскага князя Яраслава. Гэткім парадкам ён прыдбаў назаўсёды гэтае княства для новае гаспадарсьцьвенасьці. За вялікага князя Альгерда (1341-1377) быў такжа ўмацававы ўплыў задзіночанага гаспадарства крывіцкага ў княстве Смаленскім, хоць із княжай дынастыяй смаленскай мусіў яшчэ ходацца наступнік Альгердаў, вялікі князь Вітаўт. КнястваЧарнігаўска-Северскае так-сама было прылучана за гаспадараньня в. кн. Альгерда. На ўсходзе ўжо за Альгерда да задзіночанага гаспадарства крывіцкага належылі ўсе землі крывіцкія, значыцца і землі даўнейшага плямя Вяцічаў ля верхняе й сярэдняе Акі, бо гэты князь, па пераможным паходзе на Маскву, учыніў граніцу зь ёй "па Мажайск і Каломну".

Задзіночаньне земляў крывіцкіх сталася не заваяваньням іх новым цэнтрам політычным, але блізу заўсёды самахоць, бо ймкненьне да гаспадарсьцьвенага задзіночаньня было ў усіх часьцеў крывіцкага народу.

А калі ўжо землі крывіцкія былі злучыўшыся, да крывіцкага гаспадарства была прылучана - дарогаю вайны з Татарамі - часьць земляў украінскіх, наіменна княства Кіеўскае і Залынь. Гэт'кім парадкам паўстала вялізарнае гаспадарства крывіцкае; граніцы яго цягнуліся ад мора Балтыцкага да Чорнага ды ад Міжырэчча за Бугам да сярэдзіны р. Акі ўлучна.

  • [13] Довнар-Запольскнй, op. cit., бач. 71.
  • [14] В. Gorny. Monografia powiatu Bialskiego. Белая Падляская, 1939, бач. 12.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Цярэшка напiсаў(ла) 24.06.2008 17:34
Я ня разумею, чаму мова Станкевіча дасюль ня цікавіць нашых моваведаў?
Сяргей напiсаў(ла) 27.01.2012 19:29
Дата выдання, калі хто не ведае - 1942 год. Калі хто не ведае гісторыю Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай - у 1941-44 гг. Мінск быў пад нямецкай акупацыяй. І м-р Станкевіч выдаваў свае "творы" ў акупаваным Мінску з ведама і дазволу нямецкіх улад, што было магчыма толькі ў тым выпадку, калі ён з імі супрацоўнічаў. Гэтым ўсё сказана. Такі ж кошт і яго "геніяльным творам" - беларусы, значыць, "чыстыя арыйцы", а "расейцы" - "турка-татары" і "фіны". Ну-ну...
Андрэй напiсаў(ла) 15.11.2012 16:45
Сяргэй, немцам усе роуна было да гэтага. Яны ня ведали беларускуй минуласци
litva напiсаў(ла) 30.12.2012 16:24
Станкевіч мае рацыю незалежна ад таго зь кім ён "супрацоўнічаў" ці не "супрацоўнічаў".
Чытай тут
і тут

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.