Крыўя-Беларусь у мінуласьці

Ад пачагку XIV стагодзьдзя да канца XVII

Крывіцкая мова. Ня так як у бальшыні іншых краёў, дзе мова літургічная даўгі час аставалася моваю літаратурнай, у Крыўі рана настае вызваленьне ад уплываў мовы царкоўна-славянскае. Наўперад гэта сталася ў княствах Полацкім і Смаленскім, дзе гэтаму прыяў вялікі развой жыцьця гандлёвага, грамадзкога й політьганага, значыцца жыцьця ня будучага пад беспасярэднім уплывам духавенства. Ужо ад пачатку XIII стаг. ў менаваных гаспадарствах крывіцкіх, у справах практычных, пішуць пакрывіцку, а не пацаркоўна-славянску. Toe самае адносіцца да гандлёвых і дыплёматычных зносінаў із сумежнымі гаспадарствамі. Характэрна для жыцьця полацкага, што тамка на'т біскупы пісалі ў гэтых справах у мове народнай, зь невялічкімі асаблівасьцямі мовы царкоўна-славянскае.

Даўгі час была гэта крывіцкая мова народная, значыцца кажны пісаў сваёй гаворкай мясцовай. Але ў канцы XIV стаг. маем ужо крывіцкую мову літаратурную, супольную ўсім Крывічом. Яна паўстала на аснове крывіцкіх гаворкаў народных паўднявой часьці Полаччыны ў вужшым значаньню гэтага слова, наіменна на прасторы нядаўных паветаў: Браслаўскага, Дзісенскага, Лепельскага, Сянскога, Барысаўскага і часткава Капыскага [32]. Гэта была мова вельмі скрысталізаваная. Як мова літаратурная, мова вышшых сфэраў ды гаспадарсьцьвеная, яна ўжывалася на ўсім прасторы Вялікага Княства Літоўскага, значыцца, такжа на Жмудзі й Украіне. Асталася яна на Ўкраіне на'т тады, калі гэта была адарвана - у часе Люблінскае вуніі 1569 г. - ад гаспадарства крывіцкага і прылучана да Польшчы, але тады, будучы адарвана ад матчынага пня, што раз балей там упадае, паддаючыся ўплывам польскім.

Старая крывіцкая мова літаратурная была такжа моваю дыплёматыі на ўсходзе Эўропы.

Назоў старакрывіцкае мовы. Мы бачылі вышэй, што ад палавіны XIII стаг. Крьтічы часткава зваліся Ліцьвінамі, Літвой. Ад паловы XIV стаг. назоў гэты ў вадносінах да Крывічоў пераважае над назовам "Крывічы", а далей назоў "Літва", "Ліцьвіны" стаецца адзіным нацыянальным назовам Крывічоў. Нягледзячы на гэта, сваю мову, як літаратурную, так і народную, Крывічы звалі "рускай". Е на гэта мноства довадаў. Прыкладам, няма сумлеву, што моваю гаспадарсьцьвенай Вялікага Княства Літоўскага бьша мова крывіцкая, таксама кодэкс права Вял. Кн. Літоўскага, званы Статутам Літоўскім, быў выданы ў мове крывіцкай, але менаваны кодэкс заве гэтую мову "рускай" [33].

У "Аль Кітабе", рэлігійнай кнізе крывіцкіх мусульманаў, напісанай у XVI стаг. ў крывіцкай мове народнай, сказана: "па-руску няхай абракаецца" і тут-жа прыведзена крывіцкая формула абраканьня (ахвяраваньня).

Званьне крывіцкай мовы "рускай" паходзіла "луль, што Крывічы з гледзішча рэлігійнага заўсёды зваліся "Русяй", "Русінамі" (глянь вышэй), бо дасталі хрысьцянскую веру за пасярэдніцтвам Кіева-Русі. Дзеля таго-ж былі "рускімі" рэлігійныя кнігі царкоўна-славянскія і кірылічнае пісьмо гэных кнігаў. A калі гэтая мова была заменена спачатку часткава крывіцкай моваю народнай, а далей блізу зусім чыста літаратурнай, пісьмо асталося ранейшае, значыцца "рускае", а стуль і назоў мовы "руская", спачатку пісанай, а далей і гуканай.

Прыйму назову "руская" для мовы крывіцкае прыяла такжа тая акалічнасьць, што ў X-XI в. побач із назовамі пляменнымі, а ў XII-XIII побач із назовамі пляменнымі й агульна-нацыянальным "Крывічы", пад уплывам прышлых Нормана-Русаў, назовам Крывічоў політычным, а не нацыянальным - часткава быў "Русь", "Русіны", "Русічы". Гэта адносіцца да тых часьцеў народу крывіцкага, што даўжэйшы час былі ў сфэры політычных уплываў цэнтру імпэрыі Рурыкавічаў у Кіеве, значыцца наўперад да Севяран і Дзераўлян.

Тагачасныя Маскалі ды Ўкраінцы таксама звалі сваю мову "рускай". Дык як можна было адрозьніць адну ад другое? Вось-жа адрозьневаць было лёгка, бо кажны народ зваў кажную з трох моваў апрычоным назовам. Гэтак Крывічы (Беларусы) мову маскоўскую так і звалі "маскоўская". Гэтак-жамаскоўскую мову звалі Украінцы. А Маскалі мову крывіцкую звалі "літоўскай". Украінцы тэксты беларускае мовы літаратурнае вымаўлялі часткава - на колькі гэта дазваляў яго крывіцкі правапіс - паўкраінску, а, гукаючы гэтай моваю, праўдападобна, вымаўлялі яшчэ балей або й чыста пасвойму; дзеля таго - ды пад асыміляцыйным уплывам крывіцкім-уважалі крывіцкую мову літаратурную за сваю собскую і звалі яе "рускай", а крывіцкую мову народную звалі заўсёды "літоўскай". Крывічы ўкраінскую мову народную звалі розна - "валынская", "чаркаская" і інш., але ніколі ня руская. Палякі крывіцкую мову, як літаратурную, так і народную часткава звалі "літоўскай", а ў бальшыні прыпадкаў, дзеля даволі частых зносінаў з крывіцкай шляхтаю, звалі яе - пакрывіцку - "руская".

Званьне тым самым назовам "руская" свае мовы кажным із трох - Крывічоў, Украінцаў, Маскалёў - розных народаў мела сваё жарало ў супольнай "рускай" веры ды ў імпэрыі Русаў-Рурыкавічаў, у межы каторай ўходзіла ў сваім часе ўся Украіна, уся пазьнейшая Маскоўшчына ды меншая або большая часьць - як да пары - Крыўі.

Літаратура. а) Рэлігійная. У гэтую пару вельмі разьвілася ўсестароньняя літаратура рэлігійная. Мае тут вялікае значаньне пераклад Біблі на мову крывіцкую. Часткава Бібля была ўжо перакладзена ў XV в., але поўны пераклад зрабіў у першай чэцьверціХУІ в. др. Пранціш-Юры Скарына. Ад Біблі Скарыныўся літаратура рэлігійная борзда пераходзіць із мовы царкоўна-славянскай на крывіцкую, калі дагэнуль толькі творы сьвецкія былі пісаны пакрывіцку. У стаг. XVI пры царкоўна-славянскай мове астаюцца толькі кнігі літургічныя.

б) Літаратура сьвецкая. Яшчэ балей, як рэлігійная, разьвілася ў гэтую пару літаратура сьвецкая.

Ё тутка розныя сераднявечныя павесьці й раманы, як міжнародныя ("Аб каралю Гвідону", "Аб рыцару Таўдулу", "Трыстан і Ізольда" і інш.), так нацыянальныя ("Волат Волатавіч" і інш.).

Літаратуру гісторычную наўперад прадстаўлялі т. зв. літоўскія летапісы. Хундамэнт ім быў паложаны ў Смаленску ў канцы XIV і на пачатку XV в. Далей яны былі пісаны паўсёй Крыўі. Е колькі гэтых крывіцкіх летапісаў. Яны адзначаюцца консэквэнтным і гарачым патрыётызмам нацыянальным і гаспадарсьцьвеным. Апрача звычайных веданьнеў аб розных здарэньнех, гэтыя летапісы маюць шмат мастацкіх павесьцяў і апавяданьнеў, часта вельмі харошых, прыкладам, "Перамога Альгерда пад Масквою", "Пахвала вялікаму князю Вітаўту" [34]. Свайго роду гісторычным фальсыфікатам ё даўгое апавяданьне аб паходжаньню Крывічоў з Рыму. Мэтаю яго было давесьці, што шляхта крывіцкая, важнейшая, лепшага паходжаньня, як шляхта польская.

Прыкладам тагачаснай крывіцкай літаратуры аратарскай ё мовы князя Лява Сапегі, канцлера Вялікага Княства Літоўскага.

Зь літаратуры сатырычнай надабе наўперад назваць "Мову смаленскага каштэляна Мялешкі", быццам сказаную ім на сойме.

3 поэзіі вершаванай успомню аб вершах Пр. Скарыны, Андрэя Рымшы і Я. Пашкевіча.

Літаратуру філёзофічна-пэдагогічную наўперад прадстаўляе др. Пр. Скарына сваймі перадмовамі да асобных кнігаў зробленага ім перакладу Сьвятога Пісьма (1517 г.). Ен быў ініцыятар асьветы ўсяго народу.

Права крывіцкае. Надзвычайных рэзультатаў дапялі даўнейшыя Крывічане ў галіне права.

Ужо ў пары папярэдняй - апрычоных гаспадарстваў крывіцкіх - ня толькі мусіла быць разьвіўшыся крывіцкае права звычаёвае, але адносіны ў гандлю міжнародным, а часткава і нутраным нормаваліся правам пісаным, так званымі "тарговымі праўдамі". У задзіночаным гаспадарсьцьве крывіцкім, званым Вялікім Княствам Літоўскім, спачатку было крывіцкае права звычаёвае [35] ды констытуцыі асобных земляў крывіцкіх, вытвараныя ў папярэднія вякі. Іх гварантавалі вялікія князі літоўскія, спачатку агульнымі забавязаньнямі, выказаванымі ў заяве: "Мы, вялікі князь, старыну ня рухаем, а навіну ня ўводзім", а далей адумысловымі гваранцыямі ў хорме, т. зв. прывілееў. Гэтак, вялікі князь Вітаўт выдаў такую констыту-цыйную гваранцыю зямлі Полацкай, Віцебскай і Смаленскай. Гэтыя констытуцыі між іншым гварантавалі асабістую бясьпечнасьць сялянцаў [36] (асабістую незачэпнасьць: ніхто ня мог быць пазбаўлены свабоды і караны бяз суду й соку), права выезду ў суседнія землі ды заграніцу гаспадарства, неадказнасьць радзімы за злачынства ("выступ") аднаго зь яе сяброў і іншыя [37].

У 1457 г. вялікі князь Казімер выдаў прывілей духавенству, князём, баярам і мяшчанам. Характэрнай рысаю гэнага прывілею было тое, што права, выданае асобным станам, упяршыню прасьцягалася на ўсё гаспадарства, а ня толькі на асобныя землі. Гэтым прывілеям між іншым была гварантавана асабістая незачэпнасьць, наіменна, што ніхто ня мог быць караны без адпаведнае судовае пастановы, далей, што жонка, дзеці, або слугі не адказуюць за віну іхняга айца, мужа, пана і што, напасьледак, кажны мае права вольнага выезду за граніцу. Як бачым, гэта галоўныя пункты констытуцыяў асобных земляў крывіцкіх (Полаччыны і інш.), прытарнаваныя да ўсяго гаспадарства. "Прывілей" гварантаваў такжа, што сьвецкія й духоўныя ўрады будуць займаць толькі родзічы Вялікага Княства Літоўскага. Апрача таго вялікі князь пацьвердзіў у прывілею забавязаньне ня зьменшыць граніцаў гаспадарства.

"Констытуцыя, выданая - на жаданьне станаў - вялікім князям Казімерам у хорме менаванага прывілею сталася хундамэнтам (асноваю) усяго ладу Вялікага Княства Літоўскага. Вялікі князь Аляксандра, наступнік Казімераў, забавязаньні, выданыя Казімерам, унёс у сваю констытуцыйную хартыю, і ў гэтай хорме констытуцыя гэтая была пацьвярджана наступнымі гаспадарамі" [38].

У 1468 г. Казімер выдаў кодэкс права ("судзебнік"), блізу вылучна крымінальнага характару.

Статут Літоўскі. У стагодзьдзі XVI паўстае поўны кодэкс правоў для ўсяго гаспадарства, званы Статутам Літоўскім. Ён паўстаў з крывіцкага права звычаёвага, з вышменаваных констытуцыяў асобных земляў крывіцкіх і з констытуцыі 1457 г., выданай вялікім князям Казімерам [39]. Зьмяшчае ён такжа некаторыя ўплывы правоў заходне-эўропэйскіх, наўперад рымскага, каторага знацьцё прыносілі даўнейшыя Крывічане із сваіх студыяў унівэрсытэцкіх на заходзе.

Ёсьцека тры поўныя кодэксы права ўсекрывіцкага, або тры Статуты Літоўскія - з 1529, 1566 і 1588 г. Другі Статут быў ладне паўнейшы за першы. Найпаўнейшы быў Статут з 1588 г. Гэты быў апрацаваны ў вакалічнасьцех надзвычайных.

Тэкст Люблінскае вуніі (1569 г.) вымагаў, каб акт гэтай вуніі быў унесены ў новы "папраўлены" Статут Літоўскі ды каб гэты апошні быў узгоднены із "Статутам польскім, каб у ўсіх гаспадарствах" Жыгімонта Аўгуста "яку ваднэй Рэчыпаспалітай было адно права". Гэткім парадкам папраўлены Статут Літоўскі меў быць далей зацьверджаны супольным - Польшчы й Літвы - соймам. Тымчасам сталася зусім накш. Комісія да паправы Статуту Літоўскага асталася тая самая, што была да Люблінскае вуніі. Да комісіі гэнае належылі вылучна Крывічы. Прыгатаваны камісіяй проект новага Статуту быў разгляданы й папраўляны на павятовых соймах, а далей быў узгоднены й прыняты на зьезьдзе прадстаўнікоў усяго гаспадарства крывіцкага. Галоўным рэдактарам статуту 1588 г. быў слаўны юрысты крывіцкі, князь Леў Сапега, канцлер Вялікага Княства. Гэткім спосабам апрацаваны й прыняты крывіцкім гаспадарствам кодэкс яго правоў ня быў зацьверджаны супольным із Палякамі соймам, але зацьвердзіў яго Жыгімонт III Ваза, як вялікі князь літоўскі. Каб Палякоў і Жыгімонта III Вазу прымусіць на гэта згадзіцца, Вялікае Княства Літоўскае перад выбарамі караля й вялікага князя збройна (аружна) да гэтага прыгатавалася.

Дзеля таго-ж Статут Літоўскі 1588 г. зусім чыста нарушыў акт Люблінскае вуніі. У Статуце 1588 г. маем: 1) захаваньне поўнай апрычонасьці ад Польшчы Вялікага Княства Літоўскага і захаваньне даўнейшага (да Люблінскае вуніі) яго гаспадарсьцьвенага значаньня ды цэласьці яго тэрыторыі із забавязаньням для гаспадара вярнуць у ягоны склад тое, што іншымі гаспадарствамі ад яго было адарвана або ўпрашона; 2) апрычоную прысягу гаспадара Вялікаму Княству Літоўскаму, каторую быў скасаваўшы акт Люблінскае вуніі; 3) асобную й незалежную ад Рады ў Польшчы дзейнасьць гаспадарсьцьвенай Рады Вялікага Княства Літоўскага; 4) права нажываньня зямлі ды займаньня ўрадаў у Вялікім Княстве Літоўскім толькі родзічам гэтага княства [40].

Наагул пры ўкладаньню Статуту 1588 г. Вялікае Княства Літоўскае ані ня лічылася зь Люблінскай вуніяй. Трэйці Статут Літоўскі быў укладзены вылучна дзеля патрэбаў Вялікага Княства Літоўскага, як гаспадарства самастойнага й паўнапраўнага [41].

Ацэнюючы Статут Літоўскі з гледзішча юрыдычнага, мусім прызнаць, што гэты поўны ўсекрывіцкі кодэкс праўны быў для свайго часу зьявішчам надзвычайным. Дзівяцца зь яго юрыстыя ўсяго сьвету. Ёсьцека аб ім вялізарная літаратура.

Наагул можам сконстатаваць, што ў часе свайго даўгога жыцьця гісторычнага крывіцкі народ наўперад адзначыўся ў трох наступных галінах: у галіне гаспадарсьцьвенасьці, у галіне права ды раньнім развоям мовы літаратурнай і яе пашырэньням.

Мастацтва. а) Архітэктура. Адзін із найноўшых дасьледаваньнікаў крывіцкае архітэктуры гэтак аб ёй кажа: "Вьпгаткава багатую гісторыю Крыўі, хіба, ні на чым іншым немагчыма так выразна дасьледаваць, як на яе архітэктуры. Міналі стагодзьдзі, адна пара зьмянялася другою, але памяткі архітэктуры жылі далей і жывуць дагэтуль, адбіваючы ў сваіх хормах мінулыя стагодзьдзі" [42].

Дагэтуль захаваліся з гэнае пары цікавыя памяткі будаўніцтва дзярвянага, як, прыкладам, царква ў Ваўкавыску [43] або "тры старыя найхарошшыя цэрквы дзярвяныя з XV стагодзьдзя, каторымі захапляюцца давядальнікі да места (Слуцку)" [44].

Стыль будаўніцтва мураванага разьвіваецца ў гэтую пару ў колькіх кірунках. Адзін ізь іх прадстаўляе дальшы развой каменнага будаўніцтва царкоўнага пары папярэдняй, адначасна зь некаторым уплывам готыкі. Прадстаўніком гэтага кірунку можа быць царква ў Супрасьлю (каля Беластоку) з 1503-1510 г. "Сваёй композыцыяй яна прыпамінае прынцып цэнтрычных вежаў свайго папярэдніка, старавечнага сабору сьв. Сохвіі ў Полацку" [45].

Аднак пануючым стылям у гэтую пару ёсьць крывіцкая готыка, што разьвілася з готыкі паўночна-нямецкае, каторая прыйшла ў Крыўю дарогаю на Рыгу [46] ды праўдападобна так-жа на Кенігсбэрг і Горадзен. У готыцкім стылю будавалі шмат замкаў, прыкладам, два замкі - верхні й дольны - у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе, Ноўгарадку, Горадне. Ня меней у готыцкім стылю будавалі сьвятыняў, прыкладам, касьцёл сьв. Ганны й Бэрнардынаў у Вільні, цэрквы ў Сынкавічах і Мажэйках [47].

Далей у крывіцкай архітэктуры чародна наставалі ўсе тыя стылі, што паўставалі на заходзе, значыцца рэнэсанс (замак у Смалянах ля Воршы і шмат іншых), барока (касьцёл сьв. Антона ў Віцебску, б. жаноцкі манастыр Бэрнардынаў у Менску, брама праваслаўнага манастыра Сьв. Тройцы ў Вільні) і іншыя.

б) Малярства, скульптура, графіка таксама стаялі на высокай роўні. 3 гэтае пары дахаваліся найхарошшыя фрэскі й мозаіка ў сьвятынях і княскіх замках (прыкл., у Троках). У ваднэй з трох менаваных цэркваў у Слуцку, наіменна ў царкве сьв. Юр'і "ёсьцека яшчэ яе стары іконастас, выразаны й размаляваны мясцовымі мастакамі; наагул гэтая царква ў сваіх пазорных [48] хормах, у сваёй любой гармоніі зьяўляецца каронаю ўсіх крывіцкіх (беларускіх) цэркваў. Як сказана, у Слуцку можна знайсьці творы старое крывіцкае школы малярства... Найранейшае веданьне аб гэтай школе знаходзім у подпісе пад абразом із XV стаг., што ў саборы ў Кракаве, дзе кажацца, што маляр ізь места Вільні намаляваў гэты абраз па загаду гаспадара Казімера Ягайлавіча. У Вільні ёсьць найхарошшы абраз Мадонны ў Войстрай Браме; гэта такжа твор старое школы крывіцкае... 3 абразоў XVII й XVIII вякоў розныя захаваліся ў слуцкіх цэрквах, далей добрыя творы ёсьць у музэі ў Магілеве" [49]. Можна дадаць, што цяперка шмат дарагіх памяткаў гэтага мастацтва крывіцкага ёсьць у розных музэях крывіцкіх, паміж іншым вельмі цэнныя ў Крывіцкім Музэі ў Вільні.

"Надта цікавым у ўсіх гэтых творах зьяўляецца мізэрны ўплыў у іх мастацтва візантыйскага [50]. Кідаецца ў вочы лучнасьць із мастацтвам нямецкім, напэўна за пасярэдніцтвам Балтыку. Асабліва гэта паказуюць творы із срыбра. Вельмі орыгінальныя вырабы слуцкія із срыбра. Найбалей пашыранымі матывамі тутка тульпаны й васількі. Поўнацэннымі зьяўляюц: ца старыя бармы і дыядэмы, асталыя ад Алелькавічаў; яны цяперка служаць прыборамі на абразе Мадонны ў слуцкім манастыры Сьв. Тройцы" [51]. Далей "часткава высакамастацкія антымінсы, на каторых служаць абедню ў усходніх цэрквах, твораць адну інтэгральную цэласьць" [52].

Ня меней мастацтва графічнае ў усёй гэтай пары стаяла на высокай роўні. Найвышшага свайго развою яно даходзіць у 1-й чэцьверці XVI стаг. ў выданьнях др. Пр. Скарыны з Полацку. Гравюры ў гэтых выданьнях, як і працы пазьнейшых гравераў крывіцкіх, дарма што былі на тэмы біблійныя й нашыя рэлігійныя, сваёй хормаю глыбака рэалістычныя і адтваралі рэальнае жыцьцё крывіцкае. Найлепшы патрэт самога Скарыны (1517). Гравюры (малюнкі) у кнігах, друкаваньгх Скарынаю, ня ўступаюць найлепшым тагачасным гравюрам нямецкім [53].

Зь вялікае колькасьці гравюраў няведамых аўтараў, каторых працамі прыбіраліся крывіцкія старадрукі XVII-XVIII стаг., адзначаецца школа гравераў магілеўскіх, найвыдатнейшы зь іх Васіль Вошчанка (захаваліся яго гравюры з 1698-1730), далей Хведар Ангілейка, Апанас Вошчанка і іншыя [54].

Прычыны культурнага развою. Ад чаго залежыў высокі развой культуры Крыўі (Беларусі) у гэтую пару? Асновы культурнаму развою давала незалежнае жыцьцё політычнае. Добрыя ўмовы ствараў вялікі развой жыцьця грамадзкога шляхты й мяшчанства ("майтборскае" права, рамесьніцкія цэхі).

Школы. Культурнаму развою прыялі школы, як собскія, хоць іх было недаволі, так і студыі на ўнівэрсытэтах загранічных. Школы найчасьцей былі ў руках духавенства.

Шырака ведамы былі праваслаўныя школы ў Вільні, Слуцку, Нясьвіжу, Заслаўю, Ноўгарадку ды інш.

Шмат балей было школаў рымска-каталіцкіх, наўперад езуіцкіх. У Вільні быў шырака разбудаваны езуіцкі ўнівэрсытэт, а езуіцкія колегіі былі расьсеяны па ўсім краю, між іншым у Полацку, Смаленску (з 1580 г.), Дзьвінску (з 1582 г.), Нясьвіжу (з 1584 г.), Мсьціслаўлю, Воршы (каля 1616 г.), Віцебску (з 1640 г.), Менску і інш. [55].

Езуіцкія школы, ведама, прычыняліся да падыйма культурнае роўні, але - з гледзішча нацыянальнага-уплывалі ад'емна, бо памалу дэнацыяналізавалі крывіцкую моладзеж.

Што іншае школы васіліянскія (базылянскія, вуніяцкія). У школах гэтых моладзь гадавалася ў духу нацыянальна-крывіцкім. Васіліянскія манастыры, а пры іх школы былі ў Вільні, Ноўгарадку, Менску, Полацку, Магілеве, Мсьціслаўлю, Пінску, Смаленску і інш. [56].

У часе шырэньня протэстанцтва была некаторая колькасьць школаў протэстанцкіх.

Іншыя асяродкі культурных уплываў. Культурнае жыцьцё зусярэджавалася ля манастыроў і імі падзьдзержавалася. Ня меншымі асяродкамі культурнымі былі двары вялікіх князёў і двары магнатаў-мэцэнасаў крывіцкіх, як Радзівілы, Ходкевічы, Сапегі, Алелькавічы, Кішкі, Агінскія, Статкевічы і шмат іншых.

На асаблівую ўвагу заслугуюць таварыствы праваслаўных Крывічан, званыя брацтвамі. Сябрам брацтва мог быць кажны бяз розьніцы стану. Заданьням іх было абарона веры, апека над цэрквамі ды асьвета. Яны мелі вялікае значаньне, як культурнае, так і моральнае ды таварыскае. Найстаршае брацтва было ў Вільні. Далей найведамшымі брацтвамі былі наступныя: Магілеўскае, Аршанскае, Мсьціслаўскае, Слуцкае, Менскае, Полацкае, Віцебскае, Шклоўскае, Крычаўскае і іншыя. Блізу ўсе брацтвыўдзержавалі школы, некаторыя зь іх, прыкладам Магілеўскае, мелі собскія друкарні [57].

Друкарства. У вялікай меры да развою культуры прычынялася друкарства. Першыя кнігі крывіцкія былі надрукаваны ў 80-х гадох XV стаг. ў Кракаве. Надрукаваў іх Швайпольт Фіоль, як сам піша ў тых-жа кнігах "Немец ізь нямецкага народу, Франк" (мяшчанства польскіх местаў было тады нямецкае).

Закладаньнікам крывіцкага друкарства быў доктар Пранціш-Юры Скарына з Полацку. У1517 г. коштам "Віленскага брацтва панскага" (бурмістраў і райцаў м. Вільні) ён залажыў крывіцкую друкарню ў Празе (у Чэхіі), каторую ў 1525 г. перавёз у Вільню. Гэта была першая друкарня на ўсходзе Эўропы. Друкарня Скарыніна стаяла на дужа высокай роўні і выклікалашмат насьледаваньнеў ня толькі ў краю, але і заграніцай (на Украіне, Балканах, у Маскве) [58].

Дальшую друкарню крывіцкую залажыў Рыгор Ходкевіч, гэтман Вялікага Княства Літоўскага, у сваім Заблудаве (ля Беластоку).

У Вільні другой посьле друкарні Скарынінай была друкарня братоў Мамонічаў, зь іх Кузьма быў бурмістрам вілейскім, a Лука скарбным (міністрам скарбу) Вялікага Княства Літоўскага. Друкарня Мамонічаў была надта вялікая і шырака ведамая ў сьвеце. Апрача таго былі ў Вільні крывіцкія друкарні пры манастырох - Сьвятой Тройцы (вуніяцкая) і Сьвятога Духа (праваслаўная).

Вонках сталіцы былі крывіцкія друкарні ў наступных мясцовасьцях: у Еўі ля Вільні, закладзеная князем Багданом Агінскім, у Нясьвіжу князя Мікалая Радзівіла Чорнага, у Заслаўю, Любчы, Супрасьлю, Куцейне (у Воршы), Магілеве, Дарэчыне (закладзеная князем Лявом Сапегам у 1585 г.), Ашмяне, Кнышыне, Слоніме, Горадне, Полацку, Менску, Пінску, Бялынічах і іншых.

Цікавая падарожная друкарня (з 1570 г.) ведамага дзяяча культурнага Васіля Аміляновіча, подле двара Цяпіна (недалёка Лепля) званага Цяпінскім.

Менаваная колькасьць друкарняў і іх роўня сьветчаць аб высокім развою культурным тагочасных Крывічоў.

Упадак і яго прычыны. Ад канца 1-ае чэцьверці XVII в. зьмяншаецца тэмп культурнага развою і пачынаецца яго ўпадак. Аднэй з прычынаў гэтага было пагоршаньне політычнага палажэньня крывіцкага гаспадарства. Але былі і прычыны характару культурнага. Наўперад узгадаваньне ў езуітаў прычынілася да культурнага ўпадку. У езуіцкіх школах у Крыўі адно ў дужа невялічкай ступені вучылі Палякі, a з пачатку якісь час блізу ўсі вучыцялі й узгадавацелі езуіцкіх школаў паходзілі із Заходняй Эўропы - з Італіі, Гішпаніі, Нямеччыны і г. д. Адылі гэта не ратавала палажэньня, бо менаваныя розных нацыяналь-насьцеў Эўропэйцы маглі гадаваць крывіцкую моладзеж толькі ў каталіцкім духу космополітычным, a не ў крывіцкім нацыянальным. Пазьней заўсёды сярод вучыцельства ў езуіцкіх школах пераважалі Крывічы, але ўжо ў вялізарнай бальшыні спалячаныя. Гэткім парадкам дэнацыяналізаваўся найкаштоўнейшы ў тагачасных умовах крывіцкі стан панскі, стан ня толькі багаты, але і кіруючы, бо наўперад гэты стан вучыў свае дзеці ў езуітаў. 3 дэнацыяналізацыяй гэтага стану ня стала мэцэнасаў крывіцкае працы культурнае, што ад'емна па ёй адбілася, запыняючы яе развой. Калі ў гэтых акалічнасьцях культура польская пачала перавышаць культуру крывіцкую, менаваны стан скосмополітызаваны палячыўся і гэткім парадкам рабіўся з абыякавага для справаў нацыянальных варожым ім. Гэтак Крывічы былі пераможаны не Палякамі, як напару абмыльна думаюць, але культурнымі сіламіўсяе каталіцкае Заходняе Эўропы. Усьцерагчыся гэтае паражкі можна было пры двух эвэнтуальнасьцях: пры пераходзе ўсяго народу крывіцкага на веру рымскакаталіцкую, як гэтаўважала карысным крывіцкая політыкаў часе Краўское вуніі 1385 г., або не аддаючы свае дзеці ў школы езуіцкія, а на'т наагул у рымскакаталіцкія школы манастырскія, замест іх закладаючы школы собскія, абапертыя, як на ўмовы XVII стаг., на царкве праваслаўнай і вуніяцкай, карыстаючыся, ведама, у поўнай меры із здабычаў навукі заходне-эўропэйскае. Гісторычнае дазнаньне з канца XIV стаг. пераканала, што першая эвэнтуальнасьць была таксама немагчымай. Дык аставалася другая. Іншага выхаду ня было, бо немагчыма было ходацца ізь сіламі ўсяе Заходняе Эўропы.

Трэба таксама прыняць пад увагу дэморалізуючы ўплыў на шляхту крывіцкую шляхты польскай зь яе раскошным жыцьцём, бо, з прычынаў натуры політычнай, яна была звычайна вольная ад ваеннага клопату і яго цяжараў, што заўсёды мучылі Крывічоў.

Напасьледак, вельмі важным мамэнтам, аслабляючым нацыянальнае жыцьцё крывіцкае, было рэлігійнае ходаньне, між верай праваслаўнай і грэцка-каталіцкай.

Усе менаваныя мамэнты зьдзеілі, што пад канец стагодзьдзя XVII ладная бальшыня крывіцкага стану кіруючага, значыцца панства ці багатае шляхты, была ўжо спалячана. Гэтая бальшыня ў 1697 г. прыняла права, каторым гаспадарсьцьвенай моваю ў Вялікім Княстве Літоўскім, замест крывіцкай, была прызнана польская.

Аднак трэба зацеміць, што, нягледзячы на свой культурны ўпадак, Крывічы, найменей да пачатку стагодзьдзя XVIII, з гледзішча культурнага значна перавышалі Маскалёў. Дзеля таго Масква старалася прыцягнуць да сябе некаторых наўчоных і культурных дзеячоў крывіцкіх. У 1664 г. прыехаў туды выдатны наўчоны крывіцкі, Сымон Сітняновіч Полацкі. Ён быў узгадавацелем наступніка пасаду маскоўскага і паклаў асновы пад новую асьвету ў Маскоўшчыне. Крывіцкім эмігрантам у Маскве быў такжа Труцэвіч, што прыехаў туды разам із сваёй друкарняй.

  • [32] Я. Станкевіч. Рэцэнзія працы Chr. Stang "Die westrussische Kanzleisprache des Grossfurstentums Litauen" (Balticoslavica, II, Вільня, бач. 374 i наст.).
  • [33] Глянь у Статуце Літоўскім: "А пісар земскі маець па руску, літарамі й словы рускімі ўсі лісты, выпісы й позвы пісаці" (подле цяп. прав.).
  • [34] Я. Станкевіч. Павесьці й апавяданьні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў (Маладая Беларусь, Вільня, 1936).
  • [35] Довнар-Запольский, op. cit., бач. 80.
  • [36] Жыхараў.
  • [37] Довнар-Запольский, op. cit., бач. 73.
  • [38] Там-жа, бач. 78.
  • [39] Там-жа, бач. 81.
  • [40] Лаппо, op. cit., бач. 162.
  • [41] Там-жа, бач. 166.
  • [42] А. Далин. Архитектура (Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии, Масква-Пецярбург, 1940, бач. 31).
  • [43] Там-жа, бач. 36.
  • [44] Dr. Albert Ippel. Zur weissruthenischen Kunst ("Weissruthenien", herausgegeben von Walter Jager, Бэрлін, бач. 90).
  • [45] Далин, op. cit., бач. 39.
  • [46] M. Шчакаціхін. Нарысы гісторыі беларускага мастацтва. Менск, 1928.
  • [47] Там-жа.
  • [48] Харошых звонку.
  • [49] Dr.A.Ippel.
  • [50] Там-жа, бач. 91.
  • [51] Там-жа.
  • [52] Там-жа, бач. 93.
  • [53]Д. Генин. Графіка (Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии, бач. 86); прыр. такжа: А. Іппэль, op. cit., бач. 93.
  • [54] Там-жа, бач. 89.
  • [55] Довнар-Запольскнй, op. cit., бач. 91.
  • [56] Там-жа, бач. 97.
  • [57] Там-жа, бач. 100.
  • [58] Прыр.: Генин, op. cit., бач. 87.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Цярэшка напiсаў(ла) 24.06.2008 17:34
Я ня разумею, чаму мова Станкевіча дасюль ня цікавіць нашых моваведаў?
Сяргей напiсаў(ла) 27.01.2012 19:29
Дата выдання, калі хто не ведае - 1942 год. Калі хто не ведае гісторыю Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай - у 1941-44 гг. Мінск быў пад нямецкай акупацыяй. І м-р Станкевіч выдаваў свае "творы" ў акупаваным Мінску з ведама і дазволу нямецкіх улад, што было магчыма толькі ў тым выпадку, калі ён з імі супрацоўнічаў. Гэтым ўсё сказана. Такі ж кошт і яго "геніяльным творам" - беларусы, значыць, "чыстыя арыйцы", а "расейцы" - "турка-татары" і "фіны". Ну-ну...
Андрэй напiсаў(ла) 15.11.2012 16:45
Сяргэй, немцам усе роуна было да гэтага. Яны ня ведали беларускуй минуласци
litva напiсаў(ла) 30.12.2012 16:24
Станкевіч мае рацыю незалежна ад таго зь кім ён "супрацоўнічаў" ці не "супрацоўнічаў".
Чытай тут
і тут

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.