Крыўя-Беларусь у мінуласьці

Вера

Прыймо хрысьцянства. Парою, калі хрысьцянства было ўрадова прынята ў Крыўі, быў 988 год і наступныя гады.

Хрысьцянства прыйшло зь Бізантыі за пасярэдніцтвам Кіева, каторы, як ведама, быў цэнтрам імпэрыі Рурыкавічаў. Ад прыходу Скандынаваў, званых Русамі, спачатку Кіеўшчына, a далей і ўся Ўкраіна дастала назоў "Русь". А прыймо хрысьцянства за пасярэдніцтвам Кіева-Русі ды герархічная залежнасьць крывічанскае царквы ад кіеўскай мітраполіі (мітраполія свая ў Ноўгарадку паўстала ў канцы стаг. XIII) зьдзеіла, што хрысьцянства ўсходняга абраду было ў Крыўі звана верай "рускай", вернікі яго "Русяй", "Русінамі". Побач із гэтым, але ў шмат меншай меры, хрысьцянства ўсходняга абраду мела назоў у Крыўі веры грэцкай, а хрысьцяне гэтага абраду зваліся Грэкамі. Назоў "руская вера", "Русь", "Русін" удзержыўся ў Крыўі за ўсходнім абрадам, гэта значыцца, за праваслаўнымі й вуніятамі, цераз усе часы, а часткава на'т дагэтуль.

Герархічная залежнасьць крывіцкае царквы ад Константынополя (перазь Кіеў) зьдзеіла тое, што з догматычным падзелам (у 1054 г.) хрысьцянства на царкву ўсходнюю, або грэцкую, і заходнюю, рымскую, Крыўя апынулася ў царкве грэцкай.

Ёсьцека даныя, што былі такжа Крывічы-каталікі, але, аж да канца ХIV стаг., маглі быць імі толькі адзінкі.

Нацыяналізацыя праваслаўнае царквы ў Крыўі. Чым балей крывічанская царква эманцыпавалася ад кіеўскае мітраполіі, тым балей праваслаўе ў Крыўі рабілася крывічанскай вераю нацыянальнай. Асабліва праваслаўе ў Крыўі нацыяналізуецца ад паўстаньня ў Ноўгарадку собскае мітраполіі, а яшчэ балей ад часу, калі з прылучэньням Кіеўшчыны да задзіночанага гаспадарства крывіцкага сяліба кіеўскіх мітраполітаў была перанесена спачатку ў Ноўгарадак, а пасьлей у Вільню.

Паганская Жмудзь і Аўкштота. Нацыянальным характарам праваслаўя ў Крыўі ў XII-XIV стагодзьдзех надабе выясьніць факт, што ня было пропаганды праваслаўя сярод народаў узбалтыцкіх (Лівонія, Жмудзь, Аўкштота) [27]. Рэзультатам гэтага было тое, што Аўкштота аставалася ў паганстве да канца стаг. XIV, а Жмудзь была ахрышчана ажно ў стаг. XV

Паганскасьць часьці насельніцтва гаспадарства была зьявішчам ад'емным такжа з гледзішча політычнага, бо компромітавала крывіцкае гаспадарства ў ваччу Заходняе Эўропы і была прычынаю ваеннае агрэсіі з боку Крыжакоў. Дзеля таго крывіцкая політыка, напасьледак, пастанавіла палажыць гэтаму канец.

Дынастыя задзіночанага гаспадарства крывіцкага, званага Вялікім Княствам Літоўскім, наўперад была праваслаўнаю. Праўда, ведаем, што вялікі князь Міндоўг якісь час быў каталіком, але ўплывы праваслаўя ў яго радзіме мусілі быць даволі вялікія, калі сын ягоны Вайшэлк стаў мніхам праваслаўным і быў закладаньнікам праваслаўнага манастыра на беразе Нёмна. Мала ведаем аб веры вялікага князя Гедыміна, але сын ягоны Альгерд разам із усімі сваімі сынамі, ня вылучаючы Ягайлы, быў праваслаўны.

Дзеля менаванага ў канцы семдзесятых год XIV стаг. вялікі князь разам ізь іншымі Гедымінавічамі зьвярнуліся да крывіцкае герархіі праваслаўнае з пасуленьням ахрысьціць Аўкштоту й Жмудзь. Але дасталі адказ адмоўны.

Прыймо каталіцтва. Дык мусілі шукаць іншага выхаду. Па колькіх гадох гэтае пытаньне зыйшлося з проектам займа вялікім князям Ягайлам польскага пасаду. Дык дайшло да таго, што вялікі князь разам із блізкімі да пасаду іншымі князьмі і баярскімі родамі пастанавілі прыняць каталіцтва адначасна з усім насельніцтвам гаспадарства (а ня толькі Жмудзяй і Аўкштотай). З боку політычнага гэткае разьвязаньне справы было разумна абдумана, бо насельніцтва гаспадарства з гледзішча рэлігійнага было-б суцэльным.

Надабе дапушчаць, што магчымасьць пераходу праваслаўных князёў крывіцкіх на каталіцтва з боку псыхічнага было прыгатавана дыплёматычнымі зносінамі іхнімі зь Немцамі.

Пастанова прыйма каталіцтва была ўнесена ў вакт Краўское вуніі 1385 г., што між іншым зьмяшчаў абяцаньне Ягайлава павярненьня на каталіцтва - на'т прынукаю-усяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага. Як потым аказалася, ня было магчымасьці споўніць гэтае абяцаньне. Дзеля таго на каталіцтва перайшла толькі бальшыня Гедымінавічаў, ды некаторая часьць іншых князёў і блізкіх да пасаду баярскіх родаў крывіцкіх, а ўвесь народ крывіцкі ды ўкраінскі асталіся пры праваслаўю. Ведама, была ахрышчана подле рымскага абраду Жмудзь і Аўкштота. Адгэнуль ужо ёсьць некаторая маса Крывічоў-каталікоў, хоць невялічкая ў вадносінах да цэласьці народу крывіцкага. З гледзішча нацыянальна-культурнага Крывічы-каталікі нічым ня розьніліся ад Крывічоў праваслаўных.

Адносіны дынастыі да праваслаўнае царквы. Цікава зацеміць, што ў гэныя часы рэлігійнага фанатызму вялікі князь Вітаўт і Ягайлавічы, дарма што горача жадалі задзіночаньня насельніцтва свайго гаспадарства ў ваднэй веры, ня толькі былі толеранцыйныя да праваслаўных, але вельмі часта адносіліся да праваслаўнае царквы зь вялікай пашанай. У поўнай меры гэта адносіцца да вялікага князя Вітаўта. Але й Ягайла, каторага дзеля яго радыкальнага абяцаньня павярненьня на каталіцтва на'т прынукаю гісторыкі часта ўважаюць за прозэліта-фанатыка, запраўды ня быў фанатыкам. Ён ня толькі не перасьледаваў праваслаўных, але й прыяў праваслаўнай царкве. Ведама, прыкладам, што на Констанцкім саборы ён вінаваціў Крыжакоў у паруханьню (зруйнаваньню) праваслаўнае царквы ў Вільні, не рабіў пры гэтым розьніцы між сьвятыняй праваслаўнай і каталіцкай. Прыведзенае выясьняецца тым, што Ягайлавічы мелі вялікія традыцыі праваслаўныя. Маці Ягайлавічаў, каралева Софія, таксама паходзіла з роду праваслаўных князёў Галынанскіх.

Шырэньне протэстанцтва ў Крыўі. Дальшая ладная зьмена ў вадносінах рэлігійных у Крыўі настала ў стаг. XVI у сувязі з рэформацыйным рухам у каталіцкай царкве на Заходзе. Пераз крывіцкую моладзеж, што вучылася на заходне-эўропэйскіх унівэрсытэтах, рэформацыйны рух, зараз па сваім паўстаньню, перакінуўся ў Крыўю. Ён шырыўся вельмі борзда паміж шляхты й мяшчанства. Шляхта пераходзіла на кальвінства, з часам такжа на соцыніянства (антытрынітарства), мяшчане звычайна на лютэранства. Протэстанцкім рухам апекаваліся крывіцкія магнаты. Апякуном кальвіністых быў князь Мікалай Радзівіл Чорны, што меў сваю рэзыдэнцыю ў Нясьвежу. Соцыніянствам апекаваліся Кішкі, маючыя свой асяродак у Лоску ў цяперашнім павеце Валожынскім.

У борздым часе вялізарная бальшыня шляхты крывіцкай і часьць мяшчан перайшла на веру евангеліцкую (протэстанцкую).

Пропаганда каталіцтва. Але вось настае каталіцкая рэакцыя. Зьяўляюцца езуіты, у Крыўі раней як у Польшчы. У Вільні ў 1569 г. была закладзена езуіцкая колегія, борзда ператвораная ў вакадэмію. Кошты на яе наўперад даў каталіцкі біскуп віленскі, Валяр'ян Пратасэвіч, Крывіч. Езуіцкімі школамі борзда быў усеяны ўвесь край. Крывіцкая шляхта й мяшчане, як протэстанты, так і праваслаўныя, ахвотна аддавалі свае дзеці ў езуіцкія школы, што тады стаялі на высокай роўні. Яны не бая-ліся, што іхнія дзеці, гадуючыся ў езуітаў, пярэйдуць на каталіцтва; гэта-ж дагэнуль 2 стагодзьдзі крывіцкая моладзеж вучылася на каталіцкіх унівэрсытэтах заходне-эўропэйскіх, а ня было выпадкаў пераходу на каталіцтва. Гэтак думаючы, яны ня прынімалі пад увагу факту, што на Заходзе ўнівэрсытэты мелі наўвеце моладзеж каталіцкую, а ў Крыўі езуіцкія ўнівэрсытэты або акадэміі мелі заданьні місыйныя. Дзеля таго зь езуіцкіх школаў у Крыўі моладзеж выходзіла каталіцкаю. Гэткім парадкам сталася, што за пасярэдніцтвам рэформацыі і беспасярэдне вялізарная бальшыня шляхты крывіцкай - у гэтай лічбе блізу ўсе выдатныя роды-ды шмат мяшчанства перайшло ў каталіцтва.

Царкоўная вунія. Праваслаўным аставалася сялянства, бальшыня мяшчанства і часьць драбное шляхты. Каб і гэтых праваслаўных павярнуць на каталіцтва, паўстаў проект царкоўнае вуніі, г. зн. злучэньня праваслаўных із Рымам із захаваньням аднак усходняга абраду. Зрабеньню царкоўнае вуніі прыяла акалічнасьць, што праваслаўная царква ў Крыўі перажывала тады моральны й організацыйны крызыс (перакрыш).

Праваслаўная вышшая герархія крывіцкая прыступіла ад імя свае царквы да вуніі на царкоўным саборы ў Берасьцю 1596 г. Ддгэнуль увесь век XVII і часткава XVIII адбывалася навярненьне праваслаўных на вунію. Дзеля таго што просты народ ня мог орыентавацца ў догматычнай розьніцы абедзьвіх вераў, а ў вабрадзе ня было розьніцы, перамога ў кажным асобным прыпадку наўперад залежыла ад таго, да якое царквы належыў біскуп і настаяцель у дадзенай мясцовасьці. Сьвецкая ўлада ў такіх прыпадках мела шырокае поле да мяшаньня. А дзеля таго, што ўлада была ўжо каталіцкая, яна найчасьцей падзьдзержавала вуніятаў, з крыўдаю для праваслаўных. Надабе ведаць, што ад рэлігійнае толеранцыі з часоў крывіцкае дынастыі Ягайлавічаў цяперка нічагусенькі не асталося. Дык было шмат несправядлівасьцеў і гвалтаў. Разгарэлася фанатычнае рэлігійнае ходаньне (барацьба) сярод таго самага народу. Ведама, што гэткі спосаб наварачаньнеў на вунію быў шкодны крывіцкаму народу.

Умацаваньне вуніі. У стагодзьдзю XVIII царкоўная вунія ў Крыўі зусім чыста запанавала. Хто ня быў лаціньнікам, той быў вуніятам. Праваслаўных Крывічоў у собскім гаспадарсьцьве аставалася вельмі мала, праўда, што й гаспадарства гэтае не абыймала ўжо цяпер усіх земляў крывіцкіх, як гэта было калісь за часоў красаваньня гаспадарсьцьвенасьці крывіцкай. Адылі (аднак) надабе зацеміць, што вялізарная бальшыня вернікаў зь перакананьня належыла цяпер да вуніі. А вуніяцкая царква ў гэтым часе свае духоўныя, маральныя і нацыянальна-культурныя павіннасьці да народу крывіцкага (беларускага) спаўняла зусім добра. Наагул гэта была ўжо царква карысная нацыянальнасьці крывіцкай. Дык характар царквы беларускай, які ўпе-рад мела праваслаўе, цяпер перайшоў на царкву вуніяцкую.

Скасаваньне вуніі. Дзеля вышменаванага было шкодным, калі просьле прылучэньня Крыўі да Расеі ў часе I i II падзелу польска-крывіцкае Рэчыпаспалітай расейскі ўрад пачаў перасьледаваць тых, што былі перакананымі вуніятамі, бо вуніяты з прынукі самі цяпер павярнуліся ў праваслаўную царкву.

Уцякаючы ад перасьледваньня, вуніяты, ня гледзячы на перашкоды, масава пераходзілі на абрад лацінскі, бо каталікі гэтага абраду не перасьледваліся. Уцекі вуніятаўу лацінскі абрад прынялі вялізарныя разьмеры за дзяржавы (гаспадараньня) цароў Паўлы й Аляксандры I, што падзьдзержвалі рымскака-таліцкую царкву і ад яе біскупаў зрабілі залежнай беларускую царкву вуніяцкую. У 1839 г. расейскі ўрад скасаваў вунію. Часьць вуніятаў была сілком прынучана (прымушана) да пераходу ў праваслаўе, іншая часьць, ня гледзячы на перашкоды, перайшла ў вабрад лацінскі.

Напасьледак у Крыўі (Беларусі) Заходняй некаторая колькасьць праваслаўных перайшла ў каталіцтва (лацінскае) за апошнія дваццаць год (1921-1939) прыналежнасьці яе да Польшчы. Гэты пераход блізу заўсёды быў з прычыны фактычных агранічэньняў польскай уладаю крывіцкага насельніцтва праваслаўнага.

Вера ў Крыўі цяперка. Дык так сталася ў працягу вякоў, што цяперка крывіцкі народ з гледзішча рэлігійнага дзеліцца на праваслаўных і рымскіх каталікоў, пры гэтым астатніх каля 4-х міліёнаў на каля 18 міліёнаў праваслаўных. Крывічоў веры евангеліцкае вельмі мала. Апрача таго ёсьцека каля 10 тысячаў Крывічоў-мусульманаў.

3 боку нацыянальнага мае значаньне не падзел на розныя веры з гледзішча догматычнага, але падзел подле абрадаў, хоць-бы тае самае веры (рымскія каталікі і грэцкія каталікі або вуніяты). Дзеля таго зусім добра можна ўважаць, што падзел народу крывіцкага з гледзішча рэлігійнага на дзьве вялікія часьці стаўся толькі ў канцы XVIII в., бо ўперад Крывічоў-лаціньнікаў адносна было мала.

Крывічы праваслаўныя й каталікі ня толькі таго самага паходжаньня і тае самае псыхікі, але й маюць тыя самыя традыцыі гісторычныя і тыя самыя звычаі. Апрача таго Крывічы-каталікі не насяляюць апрычонага прастору, але памешаны з праваслаўнымі і дзеля таго ня гукаюць апрычоным нарэччам ані на'т якой-колечы апрычонай гаворкай языка крывіцкага (беларускага), але ўсюды карыстаюцца тэй самай моваю, што і Крывічы праваслаўныя.

Непрыязьнь між Крывічоў праваслаўных і каталікоў, пасеяная маскоўскай і польскай прапагандаю, цяперка з адраджэнскім рухам крывіцкім блізу ўсюды шчэзла, і ўсе Крывічы бяз розьніцы вераў уважаюць сябе за братоў - сяброў таго самага народу крывіцкага.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Цярэшка напiсаў(ла) 24.06.2008 17:34
Я ня разумею, чаму мова Станкевіча дасюль ня цікавіць нашых моваведаў?
Сяргей напiсаў(ла) 27.01.2012 19:29
Дата выдання, калі хто не ведае - 1942 год. Калі хто не ведае гісторыю Другой Сусветнай і Вялікай Айчыннай - у 1941-44 гг. Мінск быў пад нямецкай акупацыяй. І м-р Станкевіч выдаваў свае "творы" ў акупаваным Мінску з ведама і дазволу нямецкіх улад, што было магчыма толькі ў тым выпадку, калі ён з імі супрацоўнічаў. Гэтым ўсё сказана. Такі ж кошт і яго "геніяльным творам" - беларусы, значыць, "чыстыя арыйцы", а "расейцы" - "турка-татары" і "фіны". Ну-ну...
Андрэй напiсаў(ла) 15.11.2012 16:45
Сяргэй, немцам усе роуна было да гэтага. Яны ня ведали беларускуй минуласци
litva напiсаў(ла) 30.12.2012 16:24
Станкевіч мае рацыю незалежна ад таго зь кім ён "супрацоўнічаў" ці не "супрацоўнічаў".
Чытай тут
і тут

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары.