Па слядах аднаго міфа

М. Ермаловіч 16.03.2010

Прадмова

У гістарычнай навуцы ўмацавалася думка, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне ХІІІ ст. бярэ пачатак ад заваёвы літоўскім князем Міндоўгам шэрагу беларускіх земляў, і ў першую чаргу так званай Чорнай Русі з гарадамі Новагародкам, Ваўкавыскам, Слонімам, Горадняй ды інш. [1]. Здавалася б, такое рэдкае ў навуцы аднадумства павінна трымацца на бясспрэчных гістарычных сведчаннях. Але некалі яшчэ М.Дашкевіч заўважыў, што "ў верагодных крыніцах не дайшло да нас ніякіх звестак аб пакарэнні Літвой гэтага ўчастка" [2]. З таго часу прайшло больш за 100 гадоў, а ў руках даследнікаў не з'явілася ніводнай крыніцы, якая б пацвярджала "літоўскую заваёву" як гэтай, так і якой-небудзь іншай беларускай зямлі [3].

Нават У.Пашута ў сваёй вялікай працы пра ўтварэнне Літоўскай дзяржавы, дзе можна было б чакаць дэталёвага разгляду гэтай гістарычнай падзеі, гаворыць пра яе мімаходзь: "У Чорнай Русі, якой Міндоўг авалодаў у 40-х гадах ХІІІ ст., выкарыстаўшы цяжкія для Рускай зямлі вынікі мангольскага нашэсця, княжыў яго сын Войшалк" [4]. І ўсё ж... гэты даследнік, кніга якога спрыяла яшчэ большаму ўмацаванню ў нашай гістарыяграфіі сцверджання пра літоўскую заваёву Беларусі, відаць, не быў упэўнены ў правільнасці гэтага ды іншых сваіх тэзісаў, звязаных з утварэннем і далейшай гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, калі палічыў патрэбным адзначыць: "Далейшыя поспехі нашай навукі, магчыма, прывядуць да перагляду прапанаваных тут аргументаў і высноваў. Чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепш" [5]. Так, перагляд неабходны. Сучасная гістарычная навука, перад якой ставіцца задача ліквідаваць усе "белыя плямы" нашага мінулага, не можа мірыцца з бяздоказнымі сцверджаннямі, і таму пытанне пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага павінна быць прыведзена ў адпаведнасць з праўдзівымі гістарычнымі сведчаннямі.

На ўзроўнi ХVІ ст.

Як паказвае досвед чалавецтва, часцей за ўсё тэндэнцыйна скажаецца пачатковая гісторыя той ці іншай дзяржавы. Так здарылася і з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, першыя старонкі якой да непазнавальнасці зацемненыя міфам пра "літоўскую заваёву" Беларусі. Ён мае даўнюю гісторыю. Яго ўзнікненне адносіцца да ХVІ ст., калі ішла зацятая барацьба Маскоўшчыны за беларускія землі (землі Вялікага Княства Літоўскага). Тады была выкарыстана не толькі вайсковая сіла, але і ідэалагічныя сродкі барацьбы. Патрэбна было абгрунтаваць "законныя правы" Масквы на Беларусь і Ўкраіну. Гэта і было адной з мэтаў літаратурна-публіцыстычнага твора "Сказание о князьях владимирских", які з'явіўся ў першай траціне ХVІ ст. Дзеля гэтага ў яго і быў улучаны раздзел "Родословие литовских князей", змест якога коратка зводзіцца да наступнага.

Ратуючыся ад татарскага пагрому Батыя, нейкі Віцянец, які нібыта быў родам са смаленскіх князёў, уцёк у Жамойць (так тут называецца Літва), пасяліўся там і ажаніўся з дачкой бортніка. Праз трыццаць гадоў ён быў забіты перуном. Пасля гэтага жонку Віцянца забраў ягоны раб конюх Гегіменік. І вось неўзабаве маскоўскі князь Юрый Данілавіч паслаў гэтага Гегіменіка "на Волоскую землю и на Киевьскую (г.зн. на Ўкраіну) и на обь сю страну Меньска (г.зн. у Беларусь)" браць з іх царскія даніны. Гегіменік, "мужь храбр зело и велика разума", беручы даніны, назбіраў шмат багацця, пачаў валодаць многімі землямі і дзякуючы нязгодам і міжусобіцам паміж рускімі князямі стаў першым вялікім літоўскім князем6. Палітычная мэта гэтай выдуманай гісторыі пра літоўскіх князёў Віценя - Віцянца і Гедзіміна* - Гегіменіка відавочная: літоўскія князі, выкарыстаўшы цяжкі для Русі час, самаўпраўна прысвоілі сабе беларускія і ўкраінскія землі і зараз павінны вярнуць іх законным гаспадарам - маскоўскім князям.

Зразумела, што ў Вялікім Княстве Літоўскім усё гэта не магло застацца без адказу. Тым больш што ў 1561 г. яно ўступіла ў Інфлянцкую (Лівонскую) вайну, і пагроза страты часткі беларускіх земляў стала рэальнасцю: на пачатку 1563 г. войскі Івана Жахлівага занялі Полацак. У гэты крытычны момант і з'явіліся летапісы, якія ў сучаснай навуцы прынята называць беларуска-літоўскімі, бо ў іх, як лічыў М.М. Улашчык, выкладаецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і напісаны яны на беларускай мове. Менавіта яны і створаная пазней ў значнай меры на іх аснове "Кроніка" польскага гісторыка М.Стрыйкоўскага побач з іншым павінны былі даказаць гістарычныя правы вялікіх князёў літоўскіх на ўсе беларускія землі, у тым ліку і на Полацак, заняты тады маскоўскімі войскамі. Захоп літоўскімі князямі беларускіх земляў гэтыя летапісы і "Кроніка" Стрыйкоўскага, як і "Сказание о князьях владимирских", таксама адносяць да часу нашэсця Батыя, толькі прыпісваюць гэта іншым асобам, а менавіта жамойцкім князям. Чаму гэта так, стане зразумелым, калі прыгадаць, што апошнія тым часам апынуліся ў больш выгадным становішчы. У выніку Грунвальдскай перамогі (1410 г.) спыніліся напады нямецкіх крыжакоў на Жамойць (заходняя частка сучаснай Летувы). У той жа час шматлікія спусташальныя войны, якія вяліся ў ХV-ХVІ стст. паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, адбываліся на беларускіх землях, што аслабляла пазіцыі беларускіх феадалаў. Жамойцкія магнаты, адчуўшы сваю сілу, сталі прэтэндаваць на першынство ў Княстве і таму імкнуліся прыпісаць сабе заслугу ў яго стварэнні. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы "Кронікі" Стрыйкоўскага адыграў біскуп Гедройц - ідэолаг жамойцкай нацыянальнай партыі ў другой палове ХVІ ст. Ён забяспечыў Стрыйкоўскага шматлікімі і, відаць, тэндэнцыйна адрэдагаванымі ім летапісамі і фінансаваў друкаванне "Кронікі" ў Кёнігсбергу ў 1582 г.

Таму не дзіўна, што, паводле гэтых летапісаў і "Кронікі" Стрыйкоўскага, менавіта вялікі князь жамойцкі Мантвіл, убачыўшы, што ў выніку нашэсця Батыя рускія землі спустошаныя і князі рускія разагнаныя, даў войска свайму сыну Ердзівілу, і той, перайшоўшы Вяллю, а пасля і Нёман, знайшоў гару прыгожую і заснаваў на ёй горад, які назваў Новагародкам і зрабіў сваёй сталіцай. Пасля гэтак жа сама ўзнавіў іншыя гарады, разбураныя Батыем[7].

Аўтары летапісаў і Стрыйкоўскі да непазнавальнасці заблыталі гісторыю: перайменавалі гістарычных асобаў, паперастаўлялі падзеі, а то і проста сфальшавалі іх. У гэтым дачыненні паказальная перадача падзей, якія нібыта прывялі да заваёвы Літвой Полацка. Тут засталіся некаторыя дэталі, якія даюць магчымасць аднавіць гістарычную праўду. У Іпацеўскім летапісе пад 1162 і 1167 гг. апавядаецца пра міжусобную барацьбу полацкіх і менскіх князёў. У 1162 г. полацкі князь Рагвалод пайшоў на аднаго з менскіх князёў Валадара Глебавіча. Апошні, ухіліўшыся ад бою днём, уначы выступіў са сваім войскам, набраным з "літвы", на палачан і разбіў іх пад Гарадцом. Параза была страшэнная, і Рагвалод пабаяўся варочацца назад у Полацак. Палачане ўзялі сабе новага князя Ўсяслава Васількавіча. У 1167 г. ужо сам Валадар Глебавіч пайшоў на Полацак і перамог палачан. Усяслаў Васількавіч уцёк з Полацка ў Віцебск, а Валадар Глебавіч стаў на кароткі час полацкім князем, пакуль не быў разбіты на Дзвіне [8].

Для аўтараў летапісаў гэтыя падзеі былі вельмі зручныя для апрацоўкі ў патрэбным кірунку. Там падзеі 1162 і 1167 гг. аб'яднаныя ў адну, Валадар Глебавіч названы Мінгайлам - сынам жамойцкага князя Ердзівіла, які быццам бы княжыў у Новагародку. Дык вось нібыта пасля смерці бацькі Мінгайла, разбіўшы палачан пад Гарадцом, захапіў Полацак і стаў адначасова вялікім князем полацкім і новагародскім. Пасля яго смерці засталіся два сыны, адзін з якіх, Гінгвіл, стаў быццам бы княжыць у Полацку. Ён, ажаніўшыся з цвярской князёўнай Марыяй, прыняў хрысціянства. Пасля ягонай смерці ў Полацку княжыў яго сын Барыс, які заснаваў горад Барысаў і пабудаваў у Полацку царкву святой Сафіі [9]. Каб зрабіць гэтыя звесткі яшчэ больш пераканаўчымі, Стрыйкоўскі ў сваёй "Кроніцы" сцвярджаў, што на свае вочы бачыў недалёка ад Полацка Барысаў камень, на якім было напісана: "Помоги господи рабу твоему Борису, сыну Гингвилову" [10]. Няма чаго казаць, што ўсё гэта выдумка. Барысавага каменя з такім надпісам ніколі не было і не магло быць, бо полацкі князь Барыс быў сынам славутага Ўсяслава Чарадзея. І наагул, полацкія князі не маглі паходзіць ад жамойцкіх, бо княжылі задоўга да апошніх. Гаворка тут можа ісці пра адваротнае - пра паходжанне князёў Літвы ад полацкіх, што мае пад сабой, як мы ўбачым далей, рэальныя падставы.

Пра тое, як сфальшаваў Стрыйкоўскі гісторыю ў кірунку перабольшвання жамойцкай сілы і небяспекі, яскрава сведчыць такі факт, прыведзены некалі М.Дашкевічам. Усходнеславянскі летапіс пад 1089 і 1103 гг. паведамляў, што на рускую зямлю напалі "прузи", г.зн. саранча. Пад пяром польскага краніста ХV ст. Я.Длугаша "прузи" ператварыліся ў прусаў, адно з балцкіх плямёнаў. Стрыйкоўскі ж, беручы гэтае месца ў Длугаша, да прусаў дадаў яшчэ літву і яцьвягаў. Так былі ўнесены ў "Кроніку" прыдуманыя напады прусаў, літвы і яцьвягаў на рускую зямлю [11].

Такім чынам, у ХVІ ст. у Маскоўскай дзяржаве і ў Вялікім Княстве Літоўскім узнікла версія пра заваёву Беларусі Літвой. Толькі ў "Сказании о князьях владимирских" даводзілася, што літоўскія князі зрабілі гэта па даручэнні маскоўскага князя, а летапісы, створаныя ў Вялікім Княстве, і "Кроніка" Стрыйкоўскага сцвярджалі, што жамойцкія князі з сваёй ініцыятывы ўзялі пад апеку беларускія землі, спустошаныя татарамі. Кожны з гэтых варыянтаў, як мы бачылі, адпавядаў палітычным мэтам іх стваральнікаў. У далейшым гістарычная навука высветліла, што не існавала ніякіх ні Мантвіла, ні Ердзівіла, ні Мінгайлы, ні Гінгвіла. Аднак міф пра літоўскую заваёву Беларусі застаўся. Замест іх былі знойдзеныя іншыя кандыдаты на ролю заваёўнікаў, у прыватнасці Міндоўг, які да сённяшняга дня фігуруе ў гэтай ролі.

Жывучасць версіі пра літоўскую заваёву Беларусі тлумачыцца тым, што яна была выкарыстана расейскай дакастрычніцкай гістарыяграфіяй з мэтай пацвярджэння рэакцыйнага тэзіса пра выратавальнае значэнне для Расейскай імперыі самадзяржаўя. Афіцыйныя гісторыкі сканструявалі схему, паводле якой Расея ў выніку заняпаду самадзяржаўя слабела, а Літва нібыта ў выніку зараджэння ў ёй моцнай манархічнай улады Міндоўга мацнела і таму стала для Расейскай дзяржавы такім жа страшным ворагам з захаду, як татары з усходу. В.Тацішчаў казаў: "Тогда татары, нашед, всем обладали, литовцы бывшую под властию многую часть государства отторгнули" [12]. Тое ж самае паўтарыў і С.Салаўёў: "Русь находилась между двумя страшными врагами: татарами с востока и Литвой с запада" [13]. Гэта сцвярджалі і іншыя гісторыкі ХІХ ст. Не дзіўна таму, што ў дакастрычніцкай гістарыяграфіі тэзіс пра літоўскую заваёву стаў догмай.

На жаль, і ў савецкай гістарыяграфіі пытанне ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага не атрымала дэталёвага асвятлення. Таму ў падручніках і працах па гісторыі літоўская заваёва Беларусі прымаецца безумоўна як нешта добра вядомае. Пра гэта сведчыць і кніга Ў.Пашуты "Образование Литовского государства" (1959), а таксама адпаведныя артыкулы "Советской исторической энциклопедии" ды іншыя выданні. Вось характэрнае для сённяшняй гістарычнай навукі тлумачэнне прычын літоўскай заваёвы Беларусі і ўтварэння Літоўскай дзяржавы: "Літоўскія князі са сваімі дружынамі, карыстаючыся феадальнай раздробленасцю заходніх земляў Русі і Польшчы, часта ўрываліся ў іх прасторы. Уварванне літоўцаў у заходнія землі Русі стала асабліва частым з другой паловы ХІІ ст. У 20-х гадах ХІІІ ст. дружыны літоўскіх князёў гаспадарылі ў Полацкай зямлі, нападаючы адсюль на паўднёвыя ўскраіны Смаленскага княства і Чарнігаўшчыну. Літоўскія князі, скарыстаўшы цяжкую барацьбу рускага народа з татара-манголамі на ўсходзе і нямецкімі агрэсарамі на захадзе, сталі падначальваць сваёй уладзе землі заходняй Русі. Адзін з літоўскіх князёў Міндоўг падначаліў сабе другіх князёў Літвы і захапіў землі па верхнім цячэнні Нёмана. Гэтым быў пакладзены пачатак стварэнню Літоўскай дзяржавы. Утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў, якія хацелі ўмацаваць сваё панаванне над літоўскім сялянствам і ўсталяваць сваю ўладу ў суседніх землях Русі" [14].

Такім чынам, тут вызначаны наступныя моманты захопу літоўскімі феадаламі беларускіх земляў: 1) раздробленасць беларускіх земляў і, як вынік гэтага, іх слабасць; 2) частыя літоўскія набегі на гэтыя землі; 3) цяжкая барацьба беларускіх земляў з мангола-татарамі і нямецкімі агрэсарамі як фактар, які спрыяў іх заваёве літоўскімі феадаламі; 4) захоп Міндоўгам беларускіх земляў па верхавіне Нёмана як пачатак утварэння Літоўскай дзяржавы; 5) утварэнне яе вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў.

Крынiца: Мікола Ермаловіч. Па слядах аднаго міфа. Менск, Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00876-3.

Крыніцы:

  • [1] Антонович В.Б. Очерки истории Великого княжества Литовского. Киев, 1878. С.25; Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства. М., 1915. С.14; Советская историческая энциклопедия. Т.3. С.246; Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1972. Т.1. С.125-126; История Литовской ССР. Вильнюс 1978. С.34.
  • [2] Дашкевич Н.П. Литовско-Русское государство // Университет. изв. Киев, 1882. № 8. С.325.
  • [3] Алексеев Л.В. Полоцкая земля. М., 1966. С.288.
  • [4] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959. С.341.
  • [5] Ibidem. С.8.
  • [6] Дмитриева Р.П. Сказание о князьях владимирских. М.; Л., 1955. С.109.
  • [7] Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). М., 1975. Т.32. С.17-19, 130.
  • [8] ПСРЛ. М., 1962. Т.2. Стб.526-527.
  • [9] ПСРЛ. Т.32. С.20, 21, 23, 130.
  • [10] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmudska i wszystkiej Rusi. Warszawa, 1846. T.1. S.242.
  • [11] Дашкевич Н.П. Княжение Даниила Галицкого. Киев, 1873. С.175.
  • [12] Татищев В.Н. Разговор двух приятелей о пользе науки и училищ // Чтения в имп. О-ве истории и древностей российских. М., 1887. Кн.1. С.138.
  • [13] Соловьев С.М. История России. М., 1963. Т.3. С.151.
  • [14] История БССР. Мн., 1961. Т.1. С.64-65.
Каментары чытачоў
Рысик напiсаў(ла) 18.06.2011 14:47
Литовские историки несколько иначе рассматривают нахождение летописной Литвы. Так, академик Зигмас Зинкявичус пишет: "Названием Литва в ранние времена, по-видимому, называли не всю этническую Литву, а только её часть. Это видно и из позднейших источников. Так, Великий князь Гедиминас (Гедимин) в договоре с меченосцами (рыцарями ордена Меча) от 1322 г. пишет (оригинал на латыни): "А те земли, с которыми и для которых мы решили сделать вышеуказанный договор - в первую очередь земля короля (т. е. Гедиминаса) Литва, Аукштаиты, Жемайты (Lethovia, Eustoythen, Samayten) и другие". Из данной формулировки видно, что Литва, как отчизна Гедиминаса, упоминается на первом месте и что с ней были тесно связаны Аукшайты (Верхняя Литва) и Жемайты (Жмудь, Нижняя Литва)".
Алесь напiсаў(ла) 23.10.2011 08:09
А як можна выказацца тады наконт таго, што прафесар Баранаускас замак Варуту размяшчае на землях сучаснай Летувы? Асноуны доказ гiпотэзы Баранаускаса заснаваны на расповядах нейкага дзядулькi... Спараудны Баранаускас, пафесiянал. Хаця Ермаловiч першы выказауся наконт таго, што замак Рута (Варута, во Рута)размяшчауся на землях Беларусi, магчыма, на месцы сучасных Карэлiч.
Архивариус напiсаў(ла) 23.10.2011 08:14
По этому вопросу я уже высказывался ранее. Из летописей известно, что во время одного из походов на Литву галицких князей в этом замке укрывался Миндовг. Возможно, что замок был резиденцией либо родовым гнездом великого князя. Некоторые историки из современной Летувы придерживаются мнения, что Рута находилась на территории их государства. Однако есть некоторые сведения про Руту, которая была расположена на территории современной Беларуси, в непосредственной близости от Новогрудка. Так, в «Литовских епархиальных ведомостях» за 1885 год была помещена большая статья под названием «Виленский Свято-Троицкий монастырь», в которой есть упоминание про поместье Руту Новогрудского воеводства: «Имение Свираны (21 верста от Вильны) некогда принадлежало князьям Гольшанским. Часть Свиран, с фольварками Крошты и Шешоли, достались Константину Острожскому в качестве приданого, которое он получил за женою своею Татьяной из князей Гольшанских. Эта часть Свиран, пожалованная в 1552 году князем Константином Острожским Пречистенскому собору, отдана была Рутским в обмен на Руту». Известный белорусский писатель Ян Чачот (1796- 1847) в письме к Юзефу Ежовскому от 22 августа 1820 года писал о своем намерении поехать в скором времени из Новогрудка в Щорсы, причем маршрут должен был пролегать через Руту. В то время поместье Рута под Новогрудком принадлежало судье Медарду Растоцкому, другу и опекуну Мицкевичей. Ко всему вышесказанному следует добавить, что в Кареличском районе Гродненской области в наше время существуют целых две деревни под названием Рута, причем расположенных рядом – Горная Рута и Дольная Рута. Не вызывает никакого сомнения, что такое название имеет чисто славянскую основу. В переводе с украинского языка «рута» - это роза. В белорусском же языке слово «рута» могло происходить от названия народа «рутены» и их страны Рутении. В самой России схожее название есть у города Старая Руса. Исходя из приведенного материала, вполне можно утверждать, что замок Миндовга находился именно в западнобелорусских землях, на территории т. н. «Черной Руси».

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.