Вацлаў Ластоўскі (1883-1938)

Вацлаў ЛастоўскіЁн прыйшоў на сьвет 8 лістапада 1883 году. Малая радзіма Ластоўскага - Дзісеншчына, дзе ў засьценку Калесьнікаў жылі ягоныя бацькі-арандатары. Маючы за плячыма толькі пачатковую школу, Вацлаў здолеў шляхам самаадукацыі здабыць бліскучыя веды ў гуманітарных навуках, разьвіць свой талент літаратара і гісторыка.

Ад 1906 году Вацлаў Ластоўскі жыў у Вільні, быў сябрам нашай першай палітычнай партыі - Беларускае Сацыялістычнае Грамады.

У 1909-м ён стаў сакратаром выдаванай у Вільні штотыднёвай беларускай газэты "Наша Ніва". На яе старонках часта зьяўляліся гарачыя публіцыстычныя артыкулы, вершы і апавяданьні Ластоўскага, падпісаныя псэўданімамі Юры Верашчака і Власт. Яго пяру належыць гістарычна-фантастычная аповесьць "Лябірынты", якую можна лічыць першым фантастьганым творам у беларускай літаратуры. У аповесьці ідзе гаворка пра існаваньне высокаразвітай крыўскай цывілізацыі, ня менш старажытнай за антычныя.

Глыбока перакананы, што нацыянальнае адраджэньне немагчымае без вяртаньня народу праўды пра яго мінуўшчыну, Ластоўскі грунтоўна вывучае беларускую даўніну і ў выніку піша "Кароткую гісторыю Беларусі", якая ўпершыню была надрукаваная ў "Нашай Ніве", а ў 1910 годзе выйшла асобнай кнігай. У прадмове да яе гаварілася : "Гісторыя- гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу. I нам, каб адбудаваць сваё жыцьцё, трэба пачаць з фундамэнту, каб будынак быў моцны. А фундамэнт у нас важны, гісторыя наша багата: "жатва многа, а делатель мало", як кажа Сьвятое Пісаньне. Поле пустое, бо сыны Бацькаўшчыны нашай к чужым у найміты пайшлі, чужыя гумны і засекі багацяць! Працу гэтую ахвярую сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю Бацькаўшчыны ў сваёй роднай мове".

Бясспрэчнае лідэрства ў нашай гісторыі крывічоў і іх нашчадкаў сталася падставаю ўзьнікненьня полацка-крывіцкае канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці й культуры. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі й мастацкай інтуіцыі. Пазьней, ужо ў 20-я гады, ён пісаў: "Крывія, Русь, Літва - патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць нашае нацыянальнае "я"... Адыходзіць удаль, але не замірае імя "Крывія", "Крывічы". Недзе ў мінуўшчыне, а таксама глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшаньня, напоўмістычнае імя "Крывія", якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчальным агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу".

У 1916-1917 гадох Вацлаў Ластоўскі рэдагаваў у Вільні грамадзка-палітычную і літаратурную газэту нацыянальна-дэмакратычнага кірунку "Гоман". Ён чынна працаваў у Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе, змагаючыся за нацыянальную самастойнасьць Бацькаўшчыны. Стаў адным з аўтараў "Мэмарандуму прадстаўнікоў Беларусі", які адстойваў права беларускага народу на нацыянальна-дзяржаўнае разьвіцьцё і які быў прадстаўлены ў 1916 годзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Лазане.

Ластоўскі быў адным з тых палітыкаў, што стаялі ля вытокаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў сьнежні 1919-га ўзначаліў яе Раду міністраў.

Ён неаднаразова выступаў у абарону растаптанай бальшавікамі беларускай дзяржаўнасьці перад Лігаю Нацый.

Кіраўніцтва БНР знайшло прытулак у суседняй Летуве.

Першая Ўсебеларуская канфэрэнцыя 1921 году ў Празе прызнала ўрад Ластоўскага адзіным законным беларускім урадам. Ягоны прэм'ерна пачатку 20-х гадоў наведаў з дыпляматычнымі місіямі Бэльгію, Ватыкан, Італію, Нямеччыну, Францыю, Чэхаславакію, Швайцарыю... Паўсюль ён выступаў за нацыянальныя правы суайчыньнікаў, якія пасьля Рыскае дамовы апынуліся ў дзьвюх дзяржавах - Польшчы і марыянеткавай БССР, што ў 1922 годзе стала часткаю Савецкага Саюзу.

Падаўшы ў 1923-м ў адстаўку, Ластоўскі застаўся ў Коўне, што тады была сталіцаю незалежнай Летувы. Ён рэдагаваў там беларускі часопіс "Крывіч". Там пабачылі сьвет яго славутыя працы "Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" і "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі", у якой дадзена апісаньне манускрыптаў і друкаваных выданьняў ад канца X да пачатку XIX стагодзьдзя.

У сярэдзіне дваццатых гадоў наш герой адышоў ад чыннай палітычнай дзейнасьці. Паездка ў Менск на міжнародную навуковую канфэрэнцыю ў 1926 годзе пакінула ў Вацлава Ластоўскага ўражаньне, што ўрад БССР сапраўды зацікаўлены справаю нацыянальнага адраджэньня і стварае добрыя ўмовы для працы навуковай і творчай інтэлігенцыі. У наступным годзе былы прэм'ер па прыкладзе некаторых іншых дзеячоў БНР вярнуўся на Бацькаўшчыну.

Напачатку ён працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю. Пад ягоным кіраўніцтвам ішло плённае зьбіраньне і дасьледваньне даўніны. Толькі адзін прыклад: дзякуючы намаганьням Ластоўскага была знойдзеная і перавезеная ў Менск нацыянальная сьвятыня беларусаў - крыж найпадобнейшай Эўфрасіньні Полацкай. Ад 1928году Вацлаў Ластоўскі быў акадэмікам і неадменным сакратаром Беларускай Акадэміі навук.

Часу для працы на карысьць радзіме яму заставалася зусім мала. Над беларускай інтэлігенцыяй ужо была ўзьнятая крывавая сякера сталінскіх рэпрэсій. 21 ліпеня 1930 году Ластоўскага арыштавалі па справе гэтак званага "Саюзу вызваленьня Беларусі" і праз дзесяць месяцаў турэмнага зьняволеньня, допытаў і катаваньняў выслалі ў Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам адцзелу рэдкіх рукапісаў у бібліятэцы мясцовага ўнівэрсытэту. Але ў 1937-м зноў быў арыштаваны. 23 студзеня 1938 году куля бальшавіцкага ката абарвала жыцьцё вялікага сына беларускага народу. Вернасьць свайму абавязку інтэлігента і навукоўца ён захоўваў да канца.

Адзін зь вядомых дзеячоў беларускага замежжа Янка Станкевіч пісаў пра Ластоўскага: "Ён пасьвяціў сябе ўсяго адраджэньню беларускага народу, належачы да тых нямногіх, што ня толькі ўсёй душою аддаліся справе беларускай, але і ўвесь час свой аддавалі ёй".

Імя Вацлава Ластоўскага вярнулася ў кантэкст нашага нацыянальнага жыцьця толькі напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У 1988-м ін быў рэабілітаваны. Празь сем гадоў у выдавецтве "Навука і тэхніка" ў сэрыі "Нашы славутыя землякі" выйшла прысьвечаная нашаму герою кніга Язэпа Янушкевіча "Неадменны сакратар Адраджэньня". А першая на Бацькаўшчыне кніга твораў самога Вацлава Ластоўскага пабачыла сьвет толькі ў 1997-м у недзяржаўным выдавецтве "Беларускі кнігазбор". Узятым зь яе вершам у прозе "У час аблогі" мы і завершым перадачу:

На грудзе, абкружаным глыбокаю вадой, я горад збудаваў.
Змацаваў яго дубоваю сьцяной, байніцамі, на зводах мост уздоймны палажыў.
У клеці зьвёз усякага дабра,- калі б на грод лягла аблога...
I вояў здрадных, лжывых я разьлічыў, каб зь вернаю дружынай толькі
дзяліць мой белы й чорны дзень...
I от нахлынуў вораг многі.
Ударыў я у звон трывожны.
Дзынёў патужна цяжкі сьпіж...
Аднак на клік мой зоўны ніхто ка мне не пасьпяшаў:
У горадзе маім - такім мацоўным - адзін я быў!..

Уладзімер Арлоў
Крыніца: "ГАЛЕРЭЯ КЛІО" на Радыё Рацыя

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.