Вацлаў Іваноўскі - 120 гадоў з дня нараджэння (1880-1943)

Вацлаў ІваноўскіЗаснавальнікам лідскай галіны Іваноўскіх з’яўляецца Станіслаў Іваноўскі (1819-1900) - службовец канцылярыі Гарадзенскага дваранскага дэпутатскага сходу і Гарадзенскай палаты дзяржаўных маёмасцяў. Пасля трох шлюбаў з мясцовымі шляхцянкамі: Антанінай Быкоўскай, Каралінай Клімантовіч, і Станіславай-Фільяменай Губарэвіч становіцца ўладальнікам фальваркаў Лябёдка, Лябёдка Клімантовічаў, часткі маёнтка Галавічполе у Стара-Васілішскай воласці Лідскага павету (зараз Шчучынскі раён) і бацькам траіх дзяцей: Марыі, Юзэфы і Леанарда.

Леанард Станіслававіч Іваноўскі (1845 - 1919) атрымаў добрую адукацыю: Віленская гімназія, Санкт-Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1868). Больш дваццаці гадоў будаваў прамысловыя прадпрыемствы па ўсёй Расіі. Стаў дзейсным стацкім дарадцам, супрацоўнічаў з Дз. І. Мендзялеевым, быў старшынём Варшаўскага таварыства агароднікаў. Заклаў у Лябёдцы сад на 20 гектараў, займаўся селекцыяй. Двойчы на ўсерасійскіх сельскагаспадарчых выставах гародніна з яго агароду была адзначана залатымі медалямі. Узяў шлюб з Ядвігай Рэйхель, з якой меў пяцёра дзяцей: Юрыя (1876-1965), Вацлава (1880-1943), Тадэвуша (1882-1970), Алену і Станіслава (1887 г. н.).

Хаця ў сям’і Іваноўскіх і карысталіся ў штодзённым ужытку польскай мовай, бацька лічыў сябе і свой род нашчадкамі шляхты старой Літвы. Сямейнае выхаванне ў падобным духу дало свой плён: ягоны сын Вацлаў, які нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 года ў Лябёдцы, вызначыў сябе, як беларуса, і гаварыў на мове свайго народа. Браты Вацлава Тадэвуш і Юры (Ежы) з узростам далучыліся да палітычнага і нацыянальнага руху: адзін – Літвы, другі – Польшчы. У 1891 г. сям’я Іваноўскіх пераехала ў Варшаву.

У 1899 годзе Вацлаў скончыў 5-ю Класічную гімназію ў Варшаве і таксама, як і бацька, Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1904). Асістэнт кафедры тэхналогіі харчовых прадуктаў роднага інстытуту (1905), стажыроўка ў Мюнхенскім палітэхнічным інстытуце, даследванні па цукровых бураках у Віленскай губерні і на грунце гэтай працы ў 1909 г. атрымоўвае ступень доктара тэхналагічных навук. У 1909-1913 г. г. дацэнт Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, выкладчык курсу ферменталогіі на Вышэйшых жаночых палітэхнічных курсах і адначасова старшы кансультант пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі. У 1912 г. выдадзена першая яго праца “Вынікі выпрабаванняў садавінных і гароднінных сушылак”. У сярэдзіне 1913 г. пераязджае ў Вільню, кіруе прамыслова-гандлёвым аддзелам Віленскага сялянскага таварыства.

Многае ў яго пераездах, змена відаў дзейнасці тлумачыцца палітычнымі прыхільнасцямі Вацлава Іваноўскага. Вацлаў Іваноўскі - адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Вызначыўшы сябе, як беларуса, ён зрабіў беларускае адраджэнне мэтай свайго жыцця.

Ужо падчас вучобы ў Пецярбургу ён здолеў згуртаваць вакол сябе студэнтаў-беларусаў, якія ўзімку 1901-1902 гадоў утварылі нелегальную Беларускую рэвалюцыйную партыю. Стаў яе лідэрам. З 1902 года БРП пачала займацца выдавецкай дзейнасцю, надрукаваўшы зварот “Да інтэлігенцыі”, адрасаваны адукаваным беларусам. Першы пункт праграмы дзейнасці нацыянальнай інтэлігенцыі быў сфармуляваны так: “Стварыць гурткі з мэтай працы над роднай мовай (граматыка), краязнаўствам, гісторыяй, літаратурай. Звярнуцца да спецыялістаў з просьбай аб выкладанні і напісанні адпаведных прац. Палегчыць іхнюю працу матэрыяльнай спамогай”.

У 1903 годзе В. Іваноўскі разам з А. Пашкевіч (Цёткай), і братамі Луцкевічамі выдае ў Лябёдцы першы нумар нелегальнага часопіса “Свабода”. (Увесь наклад, каб пазбегнуць арышту, вымушаныя былі знішчыць самі выдаўцы). Да 1904 года намаганнямі Іваноўскага ў Пецярбургу і Кракаве выйшлі 8 друкаваных выданняў. Пасля расколу БРП узначаліў “Круг беларускай народнай прасветы і культуры”. У 1904-1905 г.г. сябар ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, займаўся прапагандысцкай працай, заснаваў партыйную друкарню ў Менску і выдавецтва “Грамада” ў Пецярбургу. Адначасова пад псеўданімам Вацюк Тройка супрацоўнічаў з газетамі “Наша доля” і “Наша ніва”. Адзін з арганізатараў створанай у 1906 годзе ў Пецярбургу выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”. Укладальнік першага беларускага лемантара, выдадзенага лацінкай і кірыліцай. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы з асноўнымі мовазнаўчымі тэрмінамі. Быў ініцыятарам увядзення знакаў “ч”, ”ш”, ”ж” у беларускай лацініцы па чэшскаму варыянту, каб адрозніваць яе ад польскага алфавіту.

У канцы 1909 года па запрашэнні Іваноўскага ў Пецябрург прыехаў Купала, якіі актыўна ўключыўся ў выдавецкую дзейнасць. Кіраваная Іваноўскім суполка стала прыбытковым камерцыйным прадпрыемствам, якое выдавала творы Купалы, Коласа, Цёткі, Бядулі, Гартнага, Буйлы, Журбы ды шмат іншых.

Разнабаковая грамадская работа прымусіла В. Іваноўскага адысці ад далейшай навуковай дзейнасці ў сталіцы Расіі.

У сярэдзіне 1913 года ў Вільні становіцца старшынём зноўку створанага Беларускага вы давецкага таварыства, садзейнічаў заснаванню беларускай кнігарні В. Ластоўскага. З 1906 па 1915 год створаныя ім выдавецтвы надрукавалі кірыліцай і лацінкай каля 80 выданняў агульным накладам 220000 асобнікаў. Гэта прыкладна палова ўсіх выдадзеных у гэтыя гады кніг і звыш 60% іх накладу. У канцы 1913 года гэта выдавецтва выпусціла ў свет зборнік М. Багдановіча “Вянок” з родавым гербам княгіні Магдалены Радзівіл (“лебедзь на хвалях”), якая падтрымлівала выдавецтва значнымі грашовымі сумамі. Гэты герб у знак удзячнасці княгіні фігураваў на чатырох выдадзеных у Вільні кнігах.

Асветніцкую дзейнасць перапыніла Першая сусветная вайна. У сакавіку – верасні 1915 Іваноўскі- старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, а восенню таго ж года арганізуе эвакуацыю людзей у Расію. Зімойлетам 1916 г. працуе ў Арле ў вайсковай прамысловасці, восенню вяртаецца ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і займаецца забеспячэннем абсталяваннем перапрацоўчых фабрык.

У 1916 г. завочна абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт пад старшынствам Рамана Скірмунта.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 уключыўся ў палітычную дзейнасць, удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе 1917 у Менску.

У 1918 годзе выконвае абавязкі рэктара Менскага педагагічнага інстытута і міністра асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які ўзначальваў Антон Луцкевіч. У снежні 1918, пасля адступлення нямецкіх войск, застаўся ў Менску разам з Я.Лёсікам, А.Уласавым і іншымі сябрамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, спадзеючыся на стварэнне кааліцыйнага ўраду БССР з удзелам камуністаў і сацыял-дэмакратаў. У маі 1919 г. арыштаваны савецкімі ўладамі і інтэрнаваны ў Смаленск. Пасля вызвалення з смаленскай турмы адмовіўся выехаць у Польшчу, вярнуўся ў Менск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзела Менскага губернскага камісарыята асветы Літоўска-Беларускай ССР.

Восенню 1919, пачаў супрацоўнічаць з польскай адміністрацыяй. У лютым-сакавіку 1920 г. як упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі, выступаў за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізаваў выпуск літаратурнага штотыднёвіка “Рунь”. У кастрычніку 1920 дырэктар дэпартаменту гандлю ў складзе ўрада Сярэдняй Літвы, які ўзначальваў Л. Жалігоўскі.

Падзел Беларусі ў выніку Рыжскай мірнай дамовы часова пазбавіў Іваноўскага надзеі на ажыццяўленне ідэі беларускай дзяржаўнасці. Адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і вярнуўся да навуковай працы.

У пачатку 1922 г. Вацлаў Іваноўскі запрошаны ў Варшаўскую Палітэхніку на пасаду надзвычайнага прафесара па кантракту, узначальвае кафедру і аддзел тэхналогіі ферментацыі і харчавання. У 1923 г. сумесна з Н. Мерынгам выдае падручнік па перапрацоўцы гародніны і садавіны, у наступным годзе выходзіць другое выданне. У 1925 г. становіцца ардынарным прафесарам. У 1930-1933 г. г. дэкан хімічнага аддзялення.

У сваёй навуковай дзейнасці займаўся пытаннямі перапрацоўкі садавіны і гародніны, хлебапячэння і перапрацоўкі малака, вытворчасці і выкарыстання спіртавых сумесяў, імпрагнацыі драўніны, ачысткі і выкарыстання пасляцэлюлёзных стокаў. Неаднаразова друкаваўся ў польскіх прафесійных перыядычных выданнях і за мяжой. Рэпразантаваў Польшчу на Міжнароднай канферэнцыі па пытаннях стандартызацыі аналізаў прадуктаў харчавання ў Парыжы ў 1929 г. і на Міжнародным кангрэсе малочнай вытворчасці ў Капенгагене ў 1931 г.

Значэнне даследчых прац прафесара Іваноўскага заключалася ў паслядоўным імкненні ўкаранення іх вынікаў у практычную дзейнасць польскай прамысловасці. Быў уладальнікам 7-мі патэнтаў, прадстаўленых Бюро патэнтаў Рэчы Паспалітай. Меў добрыя сувязі з прамысловасцю, якія выкарыстоўваў таксама для канцэнтравання сродкаў на будаўніцтва новых будынкаў Варшаўскай палітэхнікі – хімічнай тэхналогіі і электратэхнікі, якія былі пабудаваны з 1928 года аб’яднаннем “Тэхналагічнае навучанне”. Быў ён пастаянным сакратаром тэхналагічнай камісіі гэтага аб’яднання, а таксама кіраўніком праектных работ новых лабараторый у будынку хімічнай тэхналогіі.

У 20-я годы ў Баярках, якія атрымаў у спадчыну з маёнтку Лябёдка, арганізаваў агародныя і садовыя гаспадаркі. У 1935-1937 г. г. кіраўнік вайсковага навучання Варшаўскай Палітэхнікі.

Прафесар В. Іваноўскі быў шматгадовым куратарам інстытуцкіх таварыстваў “Гурток вільнян”, ”Гурток зямлі Наваградскай”. Быў вялікім сябром моладзі, любімцам студэнтаў. Для дыпламантаў знаходзіў субсідыі з ферментатыўна-харчовай прамысловасці і аказваў дапамогу ў атрыманні работы. Як гуманіст і дэмакрат быў талерантным да палітычных перакананняў студэнтаў.

Адыход ад палітычнай дзейнасці не азначаў змены поглядаў Іваноўскага. Палітыка польскага ўраду ў дачыненні да беларускай меншасці, існаванне БССР з яе палітыкай беларусізацыі зрабілі сваю справу: як і значная частка беларускіх дзеячоў, Іваноўскі быў гатовы прыняць саюз з Расіяй. Восенню 11 верасня 1939 пакінуў Варшаву перад самым акружэннем яе нямецкімі войскамі. Калі восенню 1939 года былы студэнт Іваноўскага, сустрэўшы прафесара ў Вільні, спытаў, чаму ён не ўцякае на Захад, той адказаў: “Чакаю ад’езду ў Менск, каб будаваць Беларусь: вы ж ведаеце, я – беларус. Я хачу быць у цэнтры падзей”. Усё ж Іваноўскі застаўся ў Вільні, дзе да чэрвеня 1941 году В. Іваноўскі быў кіраўніком кафедры хімічнай тэхналогіі Віленскага ўніверсітэту.

З нападам Гітлера на СССР працягваецца трагедыя Іваноўскага. Не знайшоўшы падтрымкі беларускай справы ва ўрадаў Польшчы і СССР, з пачаткам германа-савецкай вайны ён спрабуе наладзіць кантакты з акупацыйнымі ўладамі. На той час адзінай мэтай Іваноўскага і ягоных аднадумцаў было захаванне народу, яго асвета і пашырэнне нацыянальнай свядомасці да часу, пакуль, згодна з іхнімі спадзяваннямі, Германія і СССР не знясіляць сябе ў вайне і адбудзецца перадзел Еўропы заходнімі хаўруснікамі. А пакуль Іваноўскі ўдзельнічае ў стварэнні нелегальнай ва ўмовах акупацыі Партыі беларускіх нацыяналістаў, якая магла б даць пачатак ўраду незалежнай Беларусі ў паваеннай Еўропе.

У першыя месяцы нямецкай акупацыі кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам. У канцы 1941 года прыехаў у Менск. Ён легальна супрацоўнічае з акупацыйнымі ўладамі. У 1942 годзе прызначаны на пасаду бурмістра Менску. Ведучы адначасова канспіратыўную палітычную дзейнасць, імкнуўся стварыць незалежную беларускую дзяржаву. Разлічваў пры гэтым на супрацоўніцтва польскага эміграцыйнага ўраду і яго мясцовых улад. Увосень 1941 года прадстаўнік польскай Арміі Краёвай у Менску даносіў лонданскаму ўраду: “…беларусы змушаны манеўраваць так, каб ніякім чынам не звярнуць на сябе ўвагі немцаў, прынамсі, да часу стварэння беларускай арміі (яна мае налічваць 150 000 асобаў), бо сёння галоўнай іх працай ёсць працягванне сваіх людзей у аддзелы з тым, каб стварыць суполкі партыі аж да поўнага апанавання войска і паліцыі… Беларусы імкнуцца да таго, каб мірным шляхам атрымаць ад немцаў як найболей, а рэшту забраць па іхнім разгроме”.

Іваноўскі быў ініцыятарам перамоваў з галоўным камандаваннем польскай Арміі Краёвай, абяцаў ёй не перашкаджаць у рабоце. З другога боку, пад апякунствам Іваноўскага ў гэты час у адной з гарадскіх управаў у Менску працаваў падпольшчык Баляслаў Берут, будучы прэзідэнт ПНР. У гэтай дзейнасці меў у Менску не толькі памочнікаў, але і ворагаў, якія абвінавачвалі яго перад гестапа за прапольскую дзейнасць.

У 1943 г. - старшыня Беларускай рады даверу пры генеральным камісары Беларусі В. Кубэ, адначасова намеснік старшыні Беларускага навуковага таварыства. На гэтай пасадзе вельмі шмат зрабіў для справы беларусізацыі: яго намаганнямі на акупаванай тэрыторыі Беларусі было адкрыта шмат беларускіх школ і іншых навучальных устаноў.

З забойствам Кубэ ў ноч з 21 на 22 верасня 1943 г. сітуацыя змянілася. Новым рэйхскамісарам Беларусі стаў генерал-лейтэнант паліцыі фон Готберг.

Готбергу значна больш імпанаваў Радаслаў Астроўскі, стары нямецкі шпіён, які пасля эвакуацыі са Смаленску у лістападзе 1943 года быў адкліканы Готбергам у Менск. Тут ужо знаходзілася СД, якое пераехала са Смаленска, і з якім быў цесна звязаны Астроўскі. З дапамогай СД Астроўскі пераканаў Готберга ў неабходнасці “актывізацыі” існага Камітэта даверу, але без В. Іваноўскага. Агенты Астроўскага са згоды нямецкай паліцыі пачалі рыхтаваць змову супраць Іваноўскага.

Спадзяванні Вацлава Іваноўскага ў чарговы раз аказаліся марнымі. У 1943 годзе савецкія войскі рухаліся на захад, а перамога ў вайне СССР, роўна як і Германіі, азначала закрыццё пытання аб стварэнні беларусамі самастойнай дзяржавы.

Памёр В. Іваноўскі 7 снежня 1943 году з прычыны ран, атрыманых у выніку замаху, здзейсненага ягонымі палітычнымі супраціўнікамі. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.

Адзін са сведкаў замаху ўспамінаў: ”Вацлаў Іваноўскі ехаў на брычцы. У самым пачатку вуліцы Астроўскага, каля Кацярынскай царквы, вылецелі з двара двое. Кінуліся да яго, выцягнулі наган і наганам збілі яго да паўсмерці… Памёр Іваноўскі праз некалькі гадзін у шпіталі. Ксёндз Зянон Ігнатовіч, які служыў у Чырвоным касцёле, застаў яго яшчэ жывым і зрабіў яму апошняе намашчэнне.

Немцы загадалі ксяндзу Ігнатовічу хаваць В. Іваноўскага. Але той адмовіўся, сказаў, што Іваноўскі не каталік, і таму патрэбны спецыяльны дазвол віленскага біскупа. Намеснік біскупа сабраўся ехаць у Менск, але чыгуначныя каляі былі разабраны, і ён з паўдарогі вярнуўся. Хавалі В. Іваноўскага праваслаўныя святары. На яго магіле быў пастаўлены крыж з надпісам па-беларуску. Хутка пасля 3-га ліпеня 1944 года надпіс знік, а крыж стаяў яшчэ доўга, гадоў пятнаццаць”.

Смерць Іваноўскага выклікала ў Менску вялікую жалобу, а пахаванне яго вылілася ў масавую дэманстрацыю. Труна з целам была выстаўлена ў гарадскім тэатры. Ля труны стаяла ганаровая варта Саюза Беларускай Моладзі. Тысячы мянчан ішлі развітацца з “бацькам горада”, як яго папулярна тут звалі. На пахаванне прыехаў шэраг дэлегатаў з па-за Менску. Сярод іх былі: Францішак Аляхновіч і дырэктар Беларускай гімназіі, у адкрыцці якой ён так шмат прыклаў намаганняў, д-р Ф. Грышкевіч з Вільні, віца-старшыня Беларускага Аб’яднання ў Беласточчыне інж. У. Тамашчык і іншыя.

“Яму снілася незалежная Беларусь, - піша доктар Туронак у прадмове да сваёй кнігі. – Толькі гэтая мэта надавала сэнс усім ягоным намаганням, скіраваным на абуджэнне і пашырэнне нацыянальнай свядомасці народа. Ужо маладым студэнтам ён зразумеў, што дасягненне гэтай мэты не будзе магчыма без рэальнай вонкавай падтрымкі. Таму ён супрацоўнічаў з Расіяй, Польшчай, Нямеччыннай – усё залежала ад часу падзеяў ды ад здольнасці і зацікаўленнасці магчымых хаўруснікаў у падтрымцы інтарэсаў Беларусі. Аднак жа толькі ёй адзінай ён прысягнуў на вечную вернасць, іншых жа ўспамінаў праз прызму інтарэсаў Беларусі і чакаў ад іх разумення і падтрымкі”.

9-га снежня 1990 года да 110-х угодкаў з дня нараджэння Вацлава Іваноўскага на яго магіле зноў пастаўлены дубовы крыж.

  1. Калубовіч А. Крокі гісторыі: Дасьледаванні, артыкулы, успаміны. – Беласток:ГаМакс; Вільня: “Наша Ніва”; Менск: Маст. Літ., 1993;
  2. Омелько С. В. По следам рода Ивановских. Шчучыншчына. Мінулае і сучаснасць. Гродна-Шчучын. 1995-1997 г. г., стар. 90-93.
  3. Панада У. “Вацлаў Іваноўскі: шлях да смерці”/ Наша слова, №39, 1993;
  4. Сакалоўская А.С.. Кальварыя - ,Мн.: Касцёл Св.Сымона і Св.Алены,1997;
  5. Туронак Ю. Жыццё і дзейнасць Вацлава Іваноўскага. Наш радавод. Кніга 6. Ліда, 1994 г. г., стар 99-102;
  6. Туронак Ю. “В. Іваноўскі і адраджэнне Беларусі” / Маладосць , №8,1994;
  7. Хацкевіч А. “Хто забіў Іваноўскага?” / Звязда, 22.07.1993;

Антось Савук
Надрукавана ў "Лiдскiм Летапiсцу" № 11
Крыніца: "Павет"

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.