Г. Сагановіч - Айчыну сваю баронячы (Канстанцін Астрожскі, 1460-1530)
- Да чытача
- Нашчадак ваярскага роду
- Конадні вялікіх перамен
- Трагедыя на Вядрошы
- Кайданы маскоўскай няволі
- Перамога, што ратавала княства
- "Жыцця свайго не шкадаваў"
- "Непараўнальны з ніводным"
Да чытача
Хто прыгадае, калі на Беларусі адзначалі хоць якую гадавіну бітвы пад Воршай? Эўрапейскія народы шануюць памяць не толькі аб перамогах, але і аб нацыянальных трагедыях. Палякі, прыкладам, памятаюць і Грунвальд, і Легніцу, французы - і Марыньяну, і Павію, шведы - і Нарву, і Палтаву, чэхі - і Віткаву Гару, і Белую... У кожнага ёсць свой гонар і свой боль, свая слава і свая ж няслава. А што мы, беларусы?
Пра дзень 8 верасня 1514 года - дзень абароны суверэнітэту краіны - ведаюць, баюся, адзінкі. І адзначаць яго пачалі, здаецца, толькі ў 1990 годзе дый то вузкім колам, калі менская ды аршанская моладзь паставіла ў дзень слаўнае перамогі вялікі шасціканцовы крыж на месцы пабаявішча. А яшчэ менш вядомы шырокай грамадскасці творца той велікапышнай перамогі - князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.
Гляньма ў энцыклапедыі, падручнікі, папулярныя кніжкі. У БелСЭ сцісла апавядаецца пра род Астрожскіх наагул, і Канстанцін Іванавіч узгадваецца там між іншых[1]. Як "военачальнік", гетман, кашталян віленскі, ваявода троцкі, радца Рады Вялікага Княства Літоўскага, які "ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татараў" і перамог больш як у 60 бітвах... Большага чытач у беларускай гістарычнай літаратуры, бадай, не знойдзе.
Дзіўна, але яшчэ менш напісана пра яго ў сучасных украінскіх энцыклапедыях, прыкладам "Украинской Советской Энциклопедии" ды "Радяньскої енціклопедії історії України". Куды большая ўвага звернута на сына пераможцы Аршанскае бітвы - Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. Воляй гісторыі бацьку і сына блыталі здаўна, а пасля і наагул гаварылі амаль выключна пра кіеўскага ваяводу, вядомага культурнага дзеяча Канстанціна Канстанцінавіча. Нават ягоны партрэт нярэдка ўважалі за бацькаў.
Яшчэ ў 1897 годзе ў Смаленску выйшла асобнае даследванне пра гетмана К.Астрожскага. Гісторык А.Ярушэвіч пісаў, што славутага князя несправядліва забываюць, ды, узнаўляючы далёкія падзеі, ці не ўпершыню стварыў вобраз гэтага незвычайнага чалавека[2]. Пазней у Вільні невялікую працу пра К.Астрожскага выдаў польскі даследнік В.Харкевіч[3]. У Кіеве і Петраградзе друкаваліся асобныя выданні пра род князёў Астрожскіх[4]. Толькі ў беларускай літаратуры яшчэ не было нічога, прысвечанага вялікаму абаронцу Айчыны.
Дык, можа, ён чужы Беларусі? Якраз жа не! У беларускую гісторыю славуты князь трывала ўвайшоў і паходжаннем, і справамі, і ўсім сваім жыццём. Такія постаці, як Кастусь Астрожскі, складаюць гонар кожнага народа. І яны мусяць вяртацца ў памяць нацыі - нават пасля стагоддзяў забыцця.
Нацыя жыве, пакуль у ейнай свядомасці жывуць яе героі. Без іх яна памірае.
дзякуй велікі, вельмі файна
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.