Крыжовы шлях Усяслава Полацкага

Славітая містычным покрывай казачнасці, постаць чарадзея Усяслава Полацкага звычайна асэнсоўваецца ў навуковай літаратуры як увасабленне свайго роду авантурніка, або, гаворачы словамі Міхайла Грушэўскага, "полацкага характару". Гэтая няпэўная яго слава грунтуецца на крыніцы такога ж няпэўнага паходжання, "Слове пра паход Ігаравы", якая ёсць галоўнай крыніцай уяўленняў пра чарадзейства Усяслава. Гэта ён, паводле "Слова пра паход Ігаравы",

...людзям суд судзіў,
Гарадамі князёў надзяляў,
А сам паночы, свету наздзіў,
Ваўкалакам ці воўкам гуляў.
Ён бо з Кіева да петухоў,
Горад Тмутаракань дасцігаў
I вялікаму Хорсу без слоў
Воўкам шлях борзда перабягаў.
Таму ў Полацку рана званы
Пазванілі ў Сафеі святой
Да завутра, - ён жа праз сны
Ужо ў Кіеве звон чуе той.
Хоць і вешчая, кажуць, душа
Ў дзёрзкім целе ягоным была,
Але часта бяды без нажа
Нацярпеўся, што доля дала [1].
Усяслаў Чарадзей Усяслаў Чарадзей як фундатар з выявай храма св.Сафіі ў руках. Мастак Яўген Кулік.

Яшчэ адзін гістарычны твор пяра старакіеўскага кніжніка - "Аповесць мінулых гадоў" - лучыць нараджэнне князя з валхваваннем, у сувязі з тым, што, калі яго нарадзіла маці, на галаве немаўляці ўбачылі пляму: "бысть ему язвено на главе его". Валхвы парадзілі Усяслававай маці накласці на язву чароўную павязку: "рекоша бо волсви матери его: "Се язвено навяжи на нь, да носить е до живота своего", еже носить Всеславъ и до сего дне на собе; сего ради немилостивъ есть на кровопролитье" [2].

Пасля смерці бацькі ў 1044 г. Усяслаў стаў паўнаўладным гаспадаром полацкага стальца. Найперш ён прыступіў да разбудовы свайго стольнага гораду. Ягонымі намаганнямі над Полацкам неўзабаве заззялі залатыя купалы велічнага Сафійскага сабору. Данатар полацкага сабору св. Сафіі не быў пасіўным паслядоўнікам пабудовы аднайменных кіеўскага і наўгародскага храмаў. Грандыёзным будаўніцтвам Сафіі Полацкай (1044-1066) ён кінуў смелы выклік моцным суседзям:

"Полоцкое "изгойное" княжество вообще заметно обособилось от Киева, тем более от Новгорода, и если князь Всеслав счел необходимым построить в своей столице большой кафедральный собор, то это вовсе не было актом ориентации на сильного соседа, а, скорее, наоборот, жестом открытого противостояния ему... Можно сказать, что как Ярослав противостоял со своей Софией Константинополю, так Всеслав противостоял со своей Софией Киеву и Новгороду" [3].

Дачыненні Усяслава з Ноўгарадам ды Кіевам і сапраўды былі варожыя. На старонках пазнейшых заходнерускіх летапісаў у гэтых дачыненнях ён паўстае ці не разбойнікам - анархістам. Але, чым жа былі абумоўлены ягоныя прэтэнзіі да дзвюх рускіх сталіцаў?

У 1065 г. Усяслаў распачаў вайну з кіеўскім князем Ізяславам Яраслававічам. Гэтая падзея не абяцала дабра Рускай зямлі. Напрыклад, "Наўгародскі Першы летапіс" сцвярджае: "Поча Вселавъ рать дрьжати: и на западе явися звезда велика". Аповед "Аповесці мінулых гадоў" пра пачатак Усяслававай "раці" таксама пачынаецца з апісання таго знамення: "В се же лето Всеслав рать почал. В си же времена бысть знаменье на западе, звезда превелика, луче имущи акы кровавы, всходящи с вечера по заходе солнечнем, и пребысть за 7 дний. Се же проявляше не на добро, посем бо быша усобице многы и нашествие поганых на Русьскую землю, си бо звезда бе акы кровава, проявляющи крови пролитье" [4].

Усяслаў напаў на Пскоў, а наступнага году захапіў і разрабаваў Ноўгарад. Як паведамляе "Наўгародскі Першы летапіс": "В лето 6574. Приде Всеслав и взя Новгород, с женами и с детми; и колоколы съима у святыя Софие. О, велика бяше беда в час тыи; и понекадила съима" [5]. Наўгародская св. Сафія з яе святынямі, відавочна, і была галоўным аб'ектам Усяслававых памкненняў. Своеасабліваю рэмінісцэнцыяй выправы Усяслава Брачыслававіча на Ноўгарад у 1065 г. ёсць паведамленне Іпатаўскага летапіснага зводу пад 1180 г., дзе ў аповедзе пра полацкага князя Святаслава Усяслававіча сказана, што ягоны дзед браў удзел у паходзе на Ноўгарад, дзе ўзяў даразахавальніцу і службовае начынне ў саборы.

Неўзабаве Яраслававічы выступілі на полацкага князя: "Ярославичи же трие, - Изяслав, Свяослав, Всеволод, - совокупивше вои, идоша на Всеслава" [6]. Халодным зімовым днём Яраслававічы завалодалі Менскам, а з надыходам вясны выйгралі вырашальную бітву з войскамі Усяслава на Нямізе. Гэтай бойцы летапіс прысвяціў такія лапідарныя словы: "И бысть сеча зла, и мнози падоша, и одолеша Изяслав, Святослав, Всеволод, Всеславъ же бежа" [7]. Гэтую падзею ў паэтычным убранні вобразна перадае "Слова пра паход Ігаравы" праз паралель жніва і бітвы:

На Нямізе снапы сцелюць Галавамі,
А малоцяць жа стальнымі Іх цапамі.
На таку жыццё кладзецца Неспадзейна,
І душу ад цела веюць Безнадзейна.
Берагі ў крыві Нямігі Па калені;
Не дабро на іх пасеяў Сейбіт жменяй,
А былі яны гусценька
Ў процьмах вузкіх
Там засеяны касцямі
Сыноў рускіх [8].

Бітва на рацэ Нямізе
Бітва на Нямізе. Мініятура Радзівілаўскага летапісу.

Яраслававічы, між тым, не паспяшаліся вярнуцца ў Кіеў. Спыніўшыся з войскам на беразе Дняпра пад Смаленскам, Ізяслаў з хаўруснікамі запрасіў пераможанага, але не скоранага Усяслава да сябе на перамовы: "целовавше крест честный к Всеславу, рекше ему: "Приди к нам, яко не створим ти зла". Он же, надеявся целованью креста, перееха в лодьи черес Днепр. Изяславу же в шатер предъидущю, и тако яша Всеслава на Рши у Смолиньска, преступивше крест. Изяслав же привед Всеслава Кыеву, всади и в поруб с двема сынома" [9].

Дзіўная рэч. Чаму, амаль паганец, палітычны авантурнік, Усяслаў паддаўся на такія "дробязі" і даў веры клятве на крыжы? Мяркую, што полацкі князь пасля "зрабавання" Сафіі Наўгародскай меркаваў, што ад таго моманту ён знаходзіцца пад асаблівай апекаю крыжа. Наўгародская св. Сафія была асвечаная ў дзень Узвіжання крыжа, - знаходжання ў Ерусаліме крыжа, на якім быў караны смерцю Хрыстос - 14 верасня. Як даводзіць М. Плюханава, у Сафійскім саборы

Храм святой Сафіі
Храм святой Сафіі ў Полацку. Рэканструкцыя Віктара Сташчанюка.

Ноўгарада прадбачылася нейкая асаблівая містычная прысутнасць крыжа:

"Будучы вялікай Хрыстовай царквою, св. Сафія не рабілася з прычыны такой сувязі Крыжаўзвіжанскай, але яе асвячэнне ў вялікае свята не магло быць выпадковым і знаменавала спецыяльную адкрытасць наўгародцаў да ідэі крыжа, уяўнае сузіранне крыжа Хрыстовагаў св. Сафіі" [10].

У сярэднявеччы крыж быў найгалоўным сымбалем хрысціянскіх дабрачыннасцяў. У адпаведнасці з бізантыйскай традыцыяй, крыж і вобраз Божае Маці ўтваралі ідэальны комплекс у сымболіцы хрысціянскага царства. Ён мае сінтэзуючую моц, здатную аб'яднаць нябеснае і зямное, пры гэтым крыж увасабляе набытыя праз далучэнне да хрысціянства ахову і выратаванне [11]. Традыцыя шанавання крыжа, у прыватнасці, звычай яго цалавання пры складанні пагадненняў, паўстала ў рэчышчы сфармаваных хрысціянскім вучэннем уяўленняў пра законнасць і парадак.

Крыж быў сымбалем хрысціянскіх цнотаў: "Крыж уратаваў род чалавечы, - хрысціяніна ратуюць дабрачыннасці, ім сімвалізаваныя, г. зн. сам крыж, які маем зразумець у ягонай сутнасці" [12]. У палітычнай культуры ды ідэалогіі Кіеўскай Русі крыж выступае ўніверсальным чыннікам, здатным і ўратаваць, і асвяціць, і пакараць.

Купяціцкі крыж Купяціцкі крыж, сучаснік Усяслава, які шанаваўся як цудатворны, - сведчанне веры нашых продкаў у моц хрысціянскіх сымбаляў. Гравюра ананімнага аўтара XVII ст.

Цалаванне крыжа як сымбалю замацавання міжкняскіх пагадненняў узнікла ў выніку асаблівага статусу князя і, як трапна адзначае А. Талочка, "спадчынаю пераканання сучаснікаў пра падсправаздачнасць князя толькі Богу і роўным яму паходжаннем, але не перад законам і людзьмі" [13]. Адгэтуль, княскі род утвараў замкнёную кансэнсусную групу з уласцівымі ёй сацыяльна-рэлевантнымі каштоўнасцямі. Інстытут цалавання крыжа як форма дамоўных дачыненняў паміж князямі грунтаваўся на ідэі і практыцы дамовы паміж роўнымі людзьмі, што бралі на сябе ўзаемныя, хоць часам і няроўныя абавязкі.

Аднак браты, парушыўшы крыжовае цалаванне, адправілі Усяслава ў кіеўскую вязніцу. Таму ў Кіеве, калі надышоў час, ён апынуўся пад асабліваю апекаю крыжа. У дзень Узвіжання чэснага і жыццядайнага крыжа Гасподняга (15 верасня), ён памаліўся крыжу, і Бог паказаў сілу крыжа - Усяслаў быў звольнены кіянамі з порубу, "и прославиша и среде двора княжа". Паведамляючы пра ўкняжэнне ў Кіеве Усяслава Брачыслававіча "Аповесць мінулых гадоў" пад 1068 г. змяшчае разгорнутае ўхваленне крыжа:

"Всеслав же седе Кыеве. Се же Бог яви силу крестную, понеже Изяслав целовав крест, и я и; тем же наведе Бог поганыя, сего же яве избави крест честный. В день бо Въздвиженья Всеслав, вздохнув, рече: "О кресте честный! Понеже к тобе веровах, избави мя от рва сего". Бог же показа силу крестную на показанье земле Русьстей, да не преступают честнаго креста, целовавше его, аще ли преступит кто, то и зде приимет казнь и на придущемь веце казнь вечную. Понеже велика есть сила крестная: крестом бо побежени бывают силы бесовскыя, крест бо князем в бранех пособит, в бранех крестом согражаеми вернии людье побежаюют супостаты противныя, крест бо вскоре избавляет от напастий призывающим его с верою. Ничего же ся боят беси, токмо креста" [14].

Затое "Слова пра паход Ігаравы" ўратаванне Усяслава і яго ўзыходжанне на кіеўскі сталец звязвае з чарадзействам і звадамі, на якія ўдаўся полацкі князь:

У сёмы Траянавы век
Уздумаў Ўсяслаў варажыць
Аб мілай дзяўчыне сабе,
Што з славай яго заручыць.
Пусціўшыся ў хітрыкі, ён
На борздага ўсеўся каня
І скончыў, памчаўся чым свет
Да Кіевагрода, да дня.
І кіеўскі дзідаю там
Пасад дакрануў залаты [15].

Большасць даследнікаў, намагаючыся "рэалістычна" патлумачыць паэтычныя радкі, звязвае іх з рэальнаю гістарычнаю сітуацыяй, якая склалася ў Кіеве ў 1068 г. Напрыклад, Д. Ліхачоў даводзіў, што "Усяслаў прыйшоў да кіеўскага княжання ў выніку паўстання кіянаў, якія патрабавалі ў кіеўскага князя Ізяслава коней і зброі. Гэтым патрабаваннем кіянамі коней і скарыстаўся Усяслаў... адпаведна, "абаперся" на тыя коні, якія даў кіянам" [16].

Кіева-Пячорскі манастыр
Кіева-Пячорскі манастыр.

Італьянскі славіст Рыкарда Пікіа нават заняўся пошукамі маладой дзяўчыны - "старажытнарускай Алены", з-за якой быццам і распачалася вайна (як і Траянская) паміж Яраслававічамі і полацкім князем [17]. Але ў эпічнай баладзе пра Усяслава "Слова пра паход Ігаравы" варта хутчэй убачыць не гістарычныя рэаліі, але асацыятыўна-мастацкую паралель з гамераўскаю топікаю матыву траянскага каня, а ў кіданні Усяславам жэрабя на дзяўчыну, кніжна-біблейскую канатацыю вобразу гораду-дзяўчыны, гораду-нарачонай [18]. Як вядома, у грамадска-палітычнай свядомасці сярэднявечнай Русі Кіеў быў богазасцеражоным і богаўратаваным горадам. Невыпадкова яго называлі "маці гарадоў Рускіх", што было індыкатарам сакральнага статусу Кіева - "Другога Іерусаліма".

Усяго сем месяцаў праседзеў на кіеўскім стальцы абранец і ўлюбёнец народу. Пра ягоную дзейнасць у Кіеве нічога не вядома. Можам толькі канстатаваць, што Усяслава падтрымаў ігумен Кіева-Пячорскага манастыра - Антоні. Улічваючы значны духоўны аўтарытэт свяціцеля, гэта мела вялікае значэнне. Калі вясною 1069 г. Ізяслаў Яраслававіч разам з цесцем - польскім каралём Баляславам Храбрым увайшоў у Кіеў, ён накіраваў свой гнеў на Антонія Пячорскага: "нача гневатися Изяслав на Антонья из Всеслава" [19]. Антоні быў змушаны пакінуць Кіеў і пайшоў у Чарнігаў, дзе з вялікаю радасцю быў прыняты Ізяслававым братам Святаславам Яраслававічам.

Кіева-Пячорскі манастыр
Баляслаў Храбры выкупляе мошчы св.Войцеха. Фрагмент рэльефаў дзвярэй сабора ў Гнезне, Польшча, другая палова XII ст.

Усяслаў не выпрабоўваў лёс у бойцы з Ізяславам і ягоным польскім хаўруснікам. Спыніўшыся са сваім войскам каля кіеўскага прыгараду - Белгарада, ён неспадзявана ўначы ўцёк з лагеру інсургентаў. Паводле вобразнага выразу "Слова пра паход Ігаравы":

Ад іх скочыў зверам лютым
З Белгорада ў поўнач; тады
Ахутаўся сіняю мглой [20].

Падобны вобраз уцёкаў Усяслава малюе і "Аповесць мінулых гадоў" у часе 1069 г.: "В лето 6577. Поиде Изяслав с Болеславом на Всеслава; Всеслав же поиде противу. И приде Белугороду Всеслав, и бывши нощи, утаився кыян бежа из Белагорода Полотску" [21]. У Сінадальным спісе "Наўгародскага першага летапісу" пасля паведамлення пра ўцёкі Усяслава ў Полацк дададзены наступныя звесткі: "В то же лето, осень, месяца октября в 23, на святого Якова брата господня, в пятничи, в чяс 6 дни, опять приде Все[слав] к Новугороду; новгородци же поставиша плк противу их, у Зверинця на Кземли; и пособи Бог Глебу князю с новгородци. О, велика бяше сеця Вожяном, и паде их бещисленное число; а самого князя отпустишя Бога деля". Пасля гэтай рэмаркі ў летапісе з'яўляецца загадкавае паведамленне: "А на заутрие обретеся крест честныи Володимир у святеи Софие Новегороде, при епископе Федоре" [22]. У "Сафійскім першым летапісе" гэтыя звесткі пададзены больш дэталёва: "А заутра обреетеся крест князя Володимера в святой Софеи, его же взял бе князь Всеслав ратию в святей Софеи" [23].

Дагэтуль на старонках летапісных тэкстаў не паведамлялася пра тое, што Усяслаў падчас "рабавання" наўгародскага сабору св. Софіі забраў з сабою крыж. Толькі некалькімі стагоддзямі пазней, кіеўскія і наўгародскія паведамленні, аб'яднаныя ў адзіную гісторыю ў "Першым Сафійскім летапісе" запэўняць, што Усяслаў, абрабаваўшы св. Сафію Наўгародскую, апынуўся на пэўны час пад апекаю таго самага крыжа. З дапамогаю апошняга яму пашанцавала захапіць уладу ў самым Кіеве. Аднак наступныя паразы і страты полацкага князя, яго выгнанне з Полацка і паняверка давялі да страты ім гэтае апекі, што была асэнсавана сярэднявечнымі кніжнікамі як вяртанне крыжа ў св. Сафію. Пасля Манамахавых спусташэнняў Полаччыны ў 80-я гг. ХІ ст., састарэлы ўжо Усяслаў утаймаваўся і ціха дажываў свае дні, аж пакуль у 1101 г. не адышоў у вечнасць.

Паход Усяслава Чарадзея на Ноўгарад
Паход Усяслава Чарадзея на Ноўгарад. Мініятура Радзівілаўскага летапісу.

На пагляд афіцыйнага Кіева і Ноўгарада Усяслаў быў злодзеем-авантурнікам. Але ў сваіх разбойных нападах ён, перакананы, імкнуўся улічыць і ўвасобіць у рэальнасць не толькі і не столькі прыземлена-матэрыяльныя інтарэсы. Як заўважае М. Плюханава, "верагодна, што Усяслаў, выступаючы ў дачыненні да Кіева і Ноўгарада з пазіцыяў адпаведных летапісаў як разбойнік-анархіст, рэалізаваў у сваіх разбойных нападах нейкія спецыяльныя полацкія прэтэнзіі, не ўспрынятыя сучаснікамі і суцэльна забытыя ў летапісах" [24].©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Асноўны змест гэтых полацкіх прэтэнзіяў, мяркую, вызначаўся імкненнем Усяслава ўзвысіць стаус Полацка да ўзроўню сталіцы, раўнапраўнай, раўназначнай Кіеву і Ноўгараду і легітымізаваць дзяржаўна-палітычную самастойнасць Полацкае зямлі.

Крыніцы:

  • [1] Цытуецца паводле: Слова пра паход Ігаравы / Песня аб паходзе Ігара. Пераклад Янкі Купалы. - Мн., 1986. - С. 121-122.
  • [2] Повесть временных лет / Под ред. и с предисл. В. П. Адриановой-Перетц. - М., Л., 1950. - Ч. 1. - С. 104.
  • [3] Вагнер Г. Искусство мыслить в камне (Опыт функциональной типологии памятников древнерусской архитектуры). - М., 1990.- С. 44.
  • [4] Повесть временных лет. Ч. 1. С. 110.
  • [5] Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов / Под ред. и с предисл. А. Н. Насонова. - М., Л. - 1950. - С. 17.
  • [6] Повесть временных лет. Ч. 1. С. 111-112.
  • [7] Тамсама. С. 112.
  • [8] Слова пра паход Ігаравы / Песня аб паходзе Ігара. Пераклад Янкі Купалы. С. 121.
  • [9] Повесть временных лет. Ч. 1. С. 112.
  • [10] Плюханова М. О традициях Софийских и Успенских церквей в русских землях до XVI века // Лотмановский сборник. - М., 1997. - Вып. 2. - С. 496.
  • [11] Гл.: Плюханова М. Средневековая символика власти: крест Константинов в русской традиции // Уч. Зап. Тартусского гос. унта. Труды по русской и славянской филологии. - Тарту, 1987. № 781. - С. 188-162.
  • [12] Карсавин Л. Символизм мышления и идея миропорядка в средние века (XII-.XXIII века) // Карсавин Л. Монашество в средние века. - М., 1992. - С. 164.
  • [13] Толочко А. Князь в Древней Руси: власть, собственность, идеология. - К., 1992. - С. 78-79.
  • [14] Повесть временных лет. Ч. 1. С. 115.
  • [15] Слова пра паход Ігаравы/ Песня аб паходзе Ігара. Пераклад Янкі Купалы. С. 121.
  • [16] Лихачев Д. Комментарий исторический и географический // "Слово о полку Игореве" / Под ред. В. П. Адриановой-Перетц. - М., Л., 1950 - С. 455-456; Параўн.: Рыба ков Б. Петр Бориславич: Поиск автора "Слова о полку Игореве". - М., 1991. - С. 44- 45.
  • [17] Пиккио Р. Мотив Трои в "Слове о полку Игореве" // Проблемы изучения культурного наследия. - М., 1985. - С. 95.
  • [18] Гогешвили А. Три источника "Слова о полку Игореве". Исследование. - М., 1999.- С. 218-227.
  • [19] Повесть временных лет. Ч. 1. С. 128.
  • [20] Слова пра паход Ігаравы / Песня аб паходзе Ігара. Пераклад Янкі Купалы. С. 121.
  • [21] Повесть временных лет. Ч. 1. С. 115.
  • [22] Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов. С. 17.
  • [23] Софийская летопись // Полное собрание русских летописей. Т. V. С. 143.
  • [24] Плюханова М. О традициях Софийских и Успенских церквей в русских землях до XVI века. С. 506.

Крыніца: часопіс "Спадчына" №6 2003

Каментары чытачоў
Liv напiсаў(ла) 28.11.2013 20:47

Пискаревский летописец:

О взяти Новаграда Великого от Всеслава Брячиславичя полотскаго. 

В лето 6575 заратися Всеслав, сын Брячиславль полотский, и зая Новград до Неревского конца, и пожже, и пойма все у святей Софеи, паникадила и колоколы, и отъиде. Ярославичи же трие - Изяслав, Свя­тослав, Всеволод - совокупиша вой, идоша на Всеслава, зиме сущи велице. И приидоша къ Менску, и меняне затворишася во граде. Сии же князи взяша Менеск град, изсекоша мужи, а жены и дети даша на щит, и поидоша к Немизи. И Всеслав поиде противу, и совокупишася обои на Немизе месяца марта въ 3 день; бе бо снег велик. И поидоша противу себе, и бысть сеча зла, мнози падоша. И одолеша Ярославичи, а Всеслав побежа. По нем же идоша июля в 10 день Изяслав, Святослав, Всеволод, целовавше крест ко Всеславу, рекущи ему: “Приди к нам, яко не сотворим ти зла”. Он же надеявся о целовани креста, поехав в лодии через Днепр. Изяславу же в шатер идущу, Всеславу вышедшу из лодии по нем идущу, и яша Всеслава на Рши у Смоленска, преступивше крест. Изяслав приведе Всеслава къ Киеву и всади в полубу з двема сынома. 

Палачанин напiсаў(ла) 29.11.2013 11:48
Берестяная грамота № 590 из раскопок древнего Новгорода: «литва въстала на корелоу». 
Историков сначала он поставил в недоумение: где и как столь далеко живущие друг от друга народы могли встретиться? Но после уточнения датировки по стратиграфии культурного слоя (60—70 годы XI века) академик В. Л. Янин справедливо отнес грамоту к событиям похода Всеслава на Новгород 1069 года

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.