Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1704-1709 і ў 1733-1736 гг.
Постаць гэтага караля польскага і вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага неадназначная. Нават гады ягонага кіравання часткова прыпадаць на час панавання двух каралёў Саксонскай дынастыі (Сасаў). Менавіта тады ў краіне былі два манархі, як гэта здарылася ў свой час у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім у 30-я гг. XV ст., калі нашы продкі мелі адразу двух вялікіх князёў - Свідрыгайлу і Жыгімонта Кейстутавіча, якія ваявалі паміж сабой за трон. Але адно можна з пэўнасцю сказаць: Станіслаў Ляшчынскі быў сапраўдным "сваім" каралём, са старажытнага магнацкага роду, чалавекам выхаваным, з добрай для свайго часу адукацыяй. Яшчэ адной адметнасцю Станіслава Ляшчынскага было тое, што ён паставіў рэкорд доўгажыхарства для каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. Ён пражыў амаль 90 гадоў.
Паходжанне
Род Ляшчынскіх герба "Вянява" з'яўляўся адным з самых старажытных у Польшчы. Паводле радаводных крыніц і хронік, род Ляшчынскіх паходзіць ад чэшскіх феадалаў Перштэйнаў, адзін з якіх, Дабеслаў, быў маршалкам двара Дуброўкі, чэшскай князёўны, якая стала жонкай польскага князя Мешка I. З гэтага роду паходзіў Дабеслаў, які за часамі Ягайлы ўдзельнічаў у бітвах з крыжакамі. Другім вядомым прадстаўніком роду Ляшчынскіх быў Рафал, сын Рафала (памёр у 1501 г.), які стаў у 1489 г. маршалкам пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха III Габсбурга ў Вене, дзе выконваў розныя дыпламатычныя даручэнні. Рафал Ляшчынскі так спадабаўся імператару, што той надаў яму ў 1473 г. тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі "на Лешне" (горад, цяпер ваяводскі цэнтр на поўдзень ад Познані, у Вялікай Польшчы, які быў прыватнаўладальніцкім горадам роду Ляшчынскіх), а таксама адмысловы герб "Вянява" з залатым ільвом наверсе (замест страўсіных пёраў). Дарэчы, прозвішча Ляшчынскія было ўзята ад назвы іх уласнага горада. Але Ляшчынскія больш ганарыліся не графскім тытулам, а тым, што гэты Рафал падчас рыцарскага турніру ў Вене перамог венгерскага і чэшскага караля Мацея Корвіна, збіўшы яго дзідай з каня. Вацлаў Ляшчынскі (памёр у 1628 г.) быў канцлерам вялікім каронным (польскім) у час канцлерства ў нашай краіне Льва Сапегі, яго калегам. Гэты Вацлаў быў старостам генеральным Вялікай Польшчы. Ягоны сын Андрэй (памёр у 1658 г.) быў таксама канцлерам вялікім каронным і арцыбіскупам гнезненскім. Ян Ляшчынскі (памёр у 1678 г.) таксама быў канцлерам вялікім каронным і ваяводам кракаўскім (лічыўся першым па месцы і значэнні ў пасяджэннях сярод ваяводаў польскіх). Прадзед Станіслава Ляшчынскага Рафал (1579-1636) быў ваяводам бэлзскім, старостам гарадзельскім і грубяшоўскім, пісаў вершы, пакінуў артыкулы па механіцы, архітэктуры і музыцы, у 1621 г. Удзельнічаў у вайне супраць Турцыі на чале 100 коннікаў і 100 пехацінцаў, якіх выставіў са сваіх маёнткаў. Дзед Станіслава - Багуслаў (1614- 1659) - быў старостам генеральным Вялікай Польшчы, потым падскарбіем вялікім каронным і, урэшце, падканцлерам каронным. Цудоўнага прамоўцу, яго тройчы абіралі маршалкам на соймах. Бацька Станіслава з'яўляўся ваяводам пазнанскім ад 1687 г., старостам генеральным Вялікай Польшчы, а з 1702 г. - падскарбіем вялікім каронным, быў удзельнікам паходу караля Яна III Сабескага пад Вену ў 1683 г. і ў Венгрыю супраць туркаў і ўзначальваў пасольства ў Канстанцінопаль.
Безумоўна, Ляшчынскія былі багатымі і ўплывовымі магнатамі, займалі найбуйнейшыя дзяржаўныя пасады, мелі сваяцтва з іншымі польскімі і беларуска-літоўскімі магнацкімі сем'ямі - Апалінскімі, Пацеямі, Валеўскімі, Нямірычамі, Рэямі, Дэнгафамі, Радзівіламі, Вішнявецкімі, Чарнецкімі, Зяновічамі, Мнішкамі, Бжастоўскімі, Патоцкімі.

Станіслаў Ляшчынскі. Невядомы мастак, да 1709 г.
Маладосць Станіслава
Станіслаў Ляшчынскі, адзіны сын Рафала Ляшчынскага (1650-1703) і Ганны Ябланоўскай (1660-1727), нарадзіўся 20 кастрычніка 1677 г. у Львове. Бацька ў гэты час быў яшчэ стольнікам каронным (значны, але не галоўны дзяржаўны і прыдворны тытул). Больш у сям'і дзяцей не было, і бацькі ўсю сваю пяшчоту і любоў аддалі сыну. Адукацыю Станіслаў атрымаў у доме бацькі. Яго вучылі гувернёры, якія далі яму агульныя веды па розных прадметах, як таго вымагала выхаванне. Дадаткова навучалі французскай мове. Аднак Станіслаў, мусіць, не меў здольнасцяў да моў, бо пісаў з арфаграфічнымі памылкамі і так і не навучыўся пісаць па-французску правільна.
Далейшай ступенню адукацыі былі замежныя падарожжы. Малады Станіслаў Ляшчынскі аб'ехаў амаль усю Еўропу, пабываў ва ўсіх вялікіх еўрапейскіх дварах. І вучоба, і падарожжы, і асабістыя рысы характару зрабілі з яго чалавека куртуазнага, добразычлівага, які лёгка знаходзіў сяброў. Станіслаў Ляшчынскі быў на той час чалавекам высокай культуры і добрага выхавання. Пасля вяртання на радзіму ён увайшоў у магнацкую эліту Рэчы Паспалітай.
У 1697 г. 20-гадовы Станіслаў Ляшчынскі атрымаў ганаровы тытул падчашага кароннага, а праз год ажаніўся з 18-гадовай Кацярынай Апалінскай (1680-1747), адзінай дачкой Яна Караля Апалінскага, кашталяна пазнанскага. Яна прынесла яму ў пасаг багатыя маёнткі і добрыя грошы, падвоіўшы ягонае багацце. Ляшчынскі стаў адным з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Праўда, сямейнае жыццё было не з лепшых. Жонка, не вельмі прывабная і без фантазіі, літаральна прывязала яго да сябе. Жыла не з ім, а пры ім, дзяліла яго ўдачы і няўдачы, але памочніцай, дарадцам у ягоных справах не была.
Палітычная дзейнасць
Пачатак палітычнай дзейнасці маладога магната адносіцца 1696 г., калі ён быў абраны паслом (дэпутатам) на канвакацыйны сойм пасля смерці караля Яна Сабескага. Потым быў дэпутатам выбарчага (элекцыйнага) сойма ў чэрвені 1697 г., дзе спачатку выступіў як прыхільнік сына Яна Сабескага Якуба, але, калі за яго выказалася меншасць, перайшоў на бок Аўгуста II Моцнага, які і быў абраны на каралеўскі трон. Падчас сойма выявіў своеасаблівыя здольнасці мірыць вяльможаў, гатовых узяцца за зброю.
За прыхільнасць новы кароль падчас сваёй каранацыі 15 верасня 1697 г. прызначыў Станіслава Ляшчынскага падчашым вялікім каронным (ганаровы тытул, які за некалькі стагоддзяў да таго абавязваў падчашага падносіць каралю кубак з віном, але спачатку мусіў пакаштаваць яго сам, каб упэўніцца, што там няма атруты). Праз два гады свайго валадарання Аўгуст II прызначыў Ляшчынскага ваяводам пазнанскім, даў яму пажыццёва Адалянаўскае, Дубенскае і Навадворнае староствы.
Бацька Станіслава ўзначальваў апазіцыю ў Вялікай Польшчы. Пасля ягонай смерці (1703 г.) Станіслаў Ляшчынскі ўзначаліў антыкаралеўскую апазіцыю сам. Сітуацыя ў Рэчы Паспалітай змянілася. У 1700 г. кароль Аўгуст II у саюзе з Пятром I пачаў вайну супраць Карла XII - караля Швецыі, але не як польскі кароль і вялікі князь літоўскі, а як курфюрст Саксоніі. Ён хацеў захапіць для сябе ў шведаў Ліфляндыю з Рыгай. Рэч Паспалітая спачатку заставалася нейтральнаю ў Паўночнай вайне. Саксонскія войскі каля Рыгі былі разбіты, і Карл XII з войскамі праз Літву ўвайшоў у Польшчу. Асноўнай мэтай Карла XII было пазбаўленне Аўгуста II трона ў Рэчы Паспалітай. Грамадства Рэчы Паспалітай было ў разгубленасці: адна частка выступала за тое, каб захаваць уладу за каралём Аўгустам II, другая частка патрабавала новых выбараў, трэцяя імкнулася да заканчэння вайны і замірэння з Карлам XII. Станіслаў Ляшчынскі становіцца прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступае за абранне каралём Якуба Сабескага. Ён - адзін з ініцыятараў Варшаўскай генеральнай канфедэрацыі, якая 14 лютага 1704 г. абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе.
На каралеўскі пасад!
Карл XII схіляўся да думкі правесці на трон каралевіча Якуба Сабескага. Аднак Аўгуст II, прадухіляючы гэты крок, загадаў арыштаваць двух старэйшых сыноў Яна III Сабескага - Якуба (1667-1737) і Канстанціна (1680-1726), якія знаходзіліся ў Сілезіі. Яны былі пасаджаны ў саксонскую крэпасць Кёнігштайн. На волі застаўся іх брат Аляксандр (1677-1714), якому Карл ХІІ прапанаваў каралеўскую карону. Але той адмовіўся на карысць старэйшага брата. Тады шведскі кароль прапанаваў карону Станіславу Ляшчынскаму, якога высока цаніў.
Па загаду Карла XII на полі каля Варшаўскага прадмесця Воля сабраліся нешматлікія выбаршчыкі, якіх абкружылі шведскія войскі. У такіх абставінах 12 ліпеня 1704 г. Станіслаў Ляшчынскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, пра што абвясціў біскуп пазнанскі Мікалай Свянціцкі. У наступным годзе, 4 кастрычніка, Ляшчынскі быў каранаваны ў Варшаве арцыбіскупам львоўскім Канстанцінам Зяліньскім. Тады ж Станіслаў Ляшчынскі заключыў з Карлам XII трактат аб прыязні, паводле якога Рэч Паспалітая знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Швецыі. У Станіслава Ляшчынскага не было шматлікага войска і прыхільнікаў, і без шведаў улада яго была нетрывалая.
З абраннем новага караля грамадства Рэчы Паспалітай падзялілася на два лагеры: хаця Аўгуста II не любілі, але патрыятычныя колы мусілі пагаджацца з ім. Як казалі тады: "Адны пайшлі да Саса, другія - да Ляса" (Ляшчынскага). Калі Карл XII нанёс чарговую паразу Аўгусту II і расійскім войскам у Польшчы і перанёс ваенныя дзеянні ў Саксонію, Аўгуст Моцны вымушаны быў заключыць Альтранштэцкі мір (1706) і адмовіцца ад польскай кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага.
Толькі тады Ляшчынскі быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы, на Беларусі і Літве. Ад самага пачатку на Беларусі яго падтрымлівалі саюзнікі шведаў - Сапегі. Цяпер караля Станіслава падтрымалі таксама Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія, Чартарыйскія.
Аднак Сандамірская канфедэрацыя і генеральная канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з польным гетманам Грыгорыем Агінскім, якія падтрымаў Пётр I, працягвалі барацьбу супраць шведаў і Станіслава Ляшчынскага. Большасць шляхты, што найбольш цярпела ад шведскіх парадкаў, Ляшчынскага не прызнавала. Праўда, у 1707 г. расійскія войскі былі выціснуты з Польшчы, у 1708 г. - з Літвы і большай часткі Беларусі. Некаторы час здавалася, што Станіслаў Ляшчынскі стане каралём. Ён прызначыў новых саноўнікаў і намагаўся навесці парадак у дзяржаве. Аднак бітва пад Палтавай у ліпені 1709 г. перакрэсліла ягоныя планы. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага сталі пакідаць яго ў масавым парадку, асабліва пасля таго, як з усходу на тэрыторыю Беларусі, а потым і Польшчы, зноў увайшлі расійскія войскі, а з захаду ў Рэч Паспалітую ўступілі саксонскія войскі на чале з Аўгустам II. З рэшткамі шведскіх войскаў Станіслаў Ляшчынскі адышоў на тэрыторыю Пярэдняй Памераніі, якая належала Швецыі, і застаўся ў Шчэцінскай крэпасці, а адтуль пераехаў у Швецыю. Яго маёнткі ў Польшчы былі канфіскаваныя.
У эміграцыі
Карл XII, які застаўся ў Бендэрах (Малдова) пасля паразы пад Палтавай, спрабаваў схіліць Турцыю да вайны з Расіяй. Адтуль ён прызначыў Станіслава Ляшчынскага камандаваць шведскай арміяй, якая ў 1712 г. павінна была пачаць наступ з тэрыторыі шведскай Памераніі на Польшчу.
Але фактычна арміяй камандавалі шведскія генералы. У Швецыі Станіслава Ляшчынскага не любілі, бо лічылі, што гэта менавіта з-за яго Швецыя вядзе бесперспектыўную вайну, на якую траціцца шмат грошай. Станіслаў Ляшчынскі бачыў, што і ў Рэчы Паспалітай яго не чакаюць. Ён вырашыў адмовіцца ад кароны.
Але дзеля гэтага трэба было атрымаць згоду Карла XII, і кароль Станіслаў з двума афіцэрамі паехаў у далёкае падарожжа ў Малдову. Пры сустрэчы Карл XII не згадзіўся з ягоным планам адмовы ад трона. Планы ўцягнуць Турцыю ў вайну скончыліся няўдачай, і ў 1714 г. абодва каралі адзін за адным вяртаюцца ў Швецыю. Карл XII перадае Станіславу Панятоўскаму ў кіраванне сваё спадчыннае графства ў Пфальцы (Заходняя Нямеччына] - Цвайбрукен (шведскі кароль па далёкай жаночай лініі паходзіў ад дому Вазаў, а па бацькоўскай - ад Вітэльсбахаў з Пфальца). Прадстаўнік шведскага караля - Станіслаў Панятоўскі (бацька апошняга караля і вялікага князя) абвясціў Станіслава Ляшчынскага мясцовым уладаром з захаваннем тытула караля польскага. Ляшчынскі меў шанцы зноў заняць трон у Варшаве - з-за вялікага незадавальнення Пятра I паводзінамі Аўгуста II, які спрабаваў пазбавіцца апекі расійскага цара. Да Аўгуста дайшлі звесткі, што шведскі міністр барон Гёрц, упаўнаважаны Карлам XII, вядзе перамовы з Пятром I аб міры і аб замене Аўгуста Станіславам Ляшчынскім.
Тады Аўгуст Моцны арганізаваў серыю замахаў на Ляшчынскага, намагаючыся захапіць або забіць канкурэнта. Саксонскі афіцэр Л. Лакруа з падкупленымі дванаццаццю салдатамі і крымінальнымі злачынцамі прыбыў у Цвайбрукен і запланаваў захапіць (або забіць) Станіслава Ляшчынскага 15 жніўня 1716 г. падчас ягонай паездкі ў капліцу Гравенталь са сталіцы графства. Аднак С. Панятоўскі выкрыў змову. Злачынцы былі арыштаваныя і судом прыгавораныя да смяротнага пакарання. Станіслаў Ляшчынскі памілаваў злачынцаў даў ім свабоду і нават грошы на выезд у Саксонію. У Еўропе гэты акт амністыі падвысіў аўтарытэт С. Ляшчынскага: вестка пра тое шырока распаўсюдзілася ў Рэчы Паспалітай. Аўгуст II вымушаны быў выдаць публічную пратэстацыю, у якой заявіў што нічога не ведаў пра змову і планы забойства Ляшчынскага.
Замах, смерць Карла ХІІ (загінуў у 1718 г. падчас аблогі крэпасці Фрыдрыхсгал у Нарвегіі), асабістае гора, калі Станіслаў Ляшчынскі страціў сваю любімую старэйшую 17-гадовую дачку Ганну, інтэлігентную і добрую дзяўчынку, - усё гэта прывяло Ляшчынскага і яго жонку ў роспач. Да таго ж пасля смерці Карла ХІІ графства Цвайбрукен перайшло да пфальц-графа Густава. Станіслаў Ляшчынскі звярнуўся з просьбай да французскага караля Людовіка XV даць яго сям'і прытулак у Францыі і атрымаў дазвол пасяліцца ў Эльзасе, у Вісэмбургу, куды сям'я пераехала ў 1719 г. Ад французскага караля ён атрымаў невялікую пенсію. Тут ён у асноўным займаўся навуковай працай і выхаваннем малодшай дачкі Марыі. Спробы ўзнавіць прэтэнзіі на польскую карону або пагадзіцца з Аўгустам II скончыліся няўдачай. С. Ляшчынскі лічыў ужо, што ягоная палітычная кар'ера скончылася.
Раптам усё змянілася. Каралеўскі ўрад Францыі пасля абвяшчэння паўналецця французскага караля Людовіка XV (1710-1774), якому споўнілася 14 гадоў, пачаў шукаць яму нявесту. Прыдворныя перш за ўсё паглядзелі ў еўрапейскі генеалагічны каляндар, у якім былі пералічаны ўсе члены каралеўскіх і княжацкіх сем'яў. Выбар упаў на каралеўскую дачку - Марыю Ляшчынскую (1703-1768), якой ужо быў 21 год. Разлічвалі, што яна - прыгожая дзяўчына, шчырая каталічка, добрага здароўя, значыць, можа даць каралю шмат дзяцей. Бралася ў разлік і тое, што яна бедная і яе сям'я не мае аніякіх уплываў на прыдворнае жыццё Францыі. Значыць, і каралева няздольная да прыдворных інтрыг, а будзе займацца толькі сямейнымі справамі. У гэтым яны не памыліліся. Каралю партрэт дзяўчыны спадабаўся, і ён вырашыў ажаніцца з ёй.
Нечакана для Станіслава Ляшчынскага ў Вісэмбург, гэтае невялікае мястэчка ў Эльзасе, з'явілася пасольства ад караля на чале з прынцам дэ Раганам, біскупам страсбургскім. Біскуп ад імя караля папрасіў у С. Ляшчынскага дазволу на шлюб з ягонай дачкой. Калі бацька гэта пачуў, ён самлеў ад нечаканасці і ўражання. Потым ужо Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся ў Страсбург, дзе 15 жніўня 1725 г. ва ўрачыстай цырымоніі пракурацыйнага шлюбу ўдзельнічаў ад імя караля (на месцы жаніха ў касцёле) сваяк Людовіка XV - герцаг Луі Арлеанскі. Урэшце 5 верасня 1725 г. у Парыжы адбылася цырымонія шлюбу з удзелам самога караля. Каралева Марыя Ляшчынская, сапраўды, стала маці 10 каралеўскіх дзяцей (праўда, трое памерлі ў дзяцінстве).
Сын яе, дафін Луі (1729-1765), быў здольным чалавекам, але памёр раней за бацьку. Маці вельмі перажывала страту любімага сына, які, дарэчы, быў бацькам ажно трох каралёў Францыі - Людовіка XVI (загінуў на гільяціне ў 1793 г.), Людовіка XVIII і Карла X. Нашчадкі Марыі Ляшчынскай па жаночай лініі жывуць і цяпер (пармская лінія Бурбонаў, у тым ліку вялікі герцаг люксембургскі Жан I, Габсбургі, іспанская лінія Бурбонаў, у тым ліку цяперашні кароль Іспаніі Хуан Карлас I і іншыя).
Аднак сямейнае жыццё каралевы Марыі ўрэшце стала нешчаслівым. Малады муж стаў шукаць уцехі з іншымі кабетамі, з'явіліся вядомыя фаварыткі - маркіза Пампадур, графіня Дзюбары і шмат іншых жанчын і дзяўчат.
Але ўсё гэта было потым. Цяпер жа Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся з жонкаю ў Парыж, жыў у блізкіх да сталіцы замках Версаль, Шамбор, Мядон, карыстаўся павагай як каралеўскі цесць.
Зноўку на троне
Сітуацыя зноў змянілася, калі ў ноч на 1 лютага 1733 г. у каралеўскім замку ў Варшаве памёр Аўгуст Моцны. Французская дыпламатыя, якую ўзначальваў кардынал Флеры, вылучыла на каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Кардынал, якога падтрымаў Людовік XV, разлічваў, што Расія і Аўстрыя будуць процідзейнічаць гэтай кандыдатуры. Станіслаў Ляшчынскі з дапамогай Францыі здолеў бы абараніць незалежнасць Рэчы Паспалітай, а гэта сарвала б планы Расіі і Аўстрыі канчаткова падпарадкаваць гэтую краіну.
У Рэчы Паспалітай, асабліва ў Польшчы, кандыдатура Ляшчынскага была ўспрынята добра, бо людзям надакучыла панаванне чужаземнага манарха, якое прынесла краіне шмат непрыемнасцяў бяду і войны. Агітацыя ў Варшаве французскага пасла маркіза дэ Манці павялічыла колькасць прыхільнікаў Ляшчынскага. Ён патаемна выехаў у Варшаву і спыніўся ў французскага пасла. Праз два дні Ляшчынскага пазналі ў касцёле капуцынаў, і жыхароў сталіцы ахапіла радасць. 10 верасня 1733 г. ён сустрэўся з шляхтай-выбаршчыкамі ў касцёле Святога Крыжа, апрануты не як французскі арыстакрат, а як звычайны шляхціч. Прысутныя ўскрыкнулі: "Віват, кароль Станіслаў!" Вокліч быў паўтораны на вуліцах Варшавы. 12 верасня 12 тысяч выбаршчыкаў абвясцілі Станіслава Ляшчынскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Ляшчынскі ў другі раз стаў законным каралём, які карыстаўся падтрымкай большасці, бо ў ім бачылі гаранта незалежнасці дзяржавы.
Але Расія і Аўстрыя не маглі пагадзіцца з гэтым. Меншасць выбаршчыкаў была супраць Ляшчынскага. Не падтрымалі яго і часці літоўскага войска. На тэрыторыю Літвы і Беларусі праз Горадню і Смаленск і маршам далей на Варшаву прайшлі расійскія арміі генерал-аншэфа П. П. Ласі і генерал-паручніка Загражскага пад агульным камандаваннем генерал-фельдмаршала Б. К. Мініха. Ужо 1 кастрычніка расійская армія заняла прадмесце Варшавы Прагу. Туды з'ехаліся выбаршчыкі з меншасці выбарчага сойма, у тым ліку кракаўскі ваявода Т. Любамірскі, наваградскі ваявода М. Ф. Радзівіл, расійскі фельдмаршал Я. К. Сапега, Агінскі, Завіша і іншыя. Пад аховаю расійскіх войскаў яны 5 кастрычніка 1733 г. абвясцілі каралём і вялікім князем літоўскім саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II, сына караля Аўгуста Моцнага, які быў абвешчаны каралём польскім і вялікім князем Аўгустам III (1696-1763). Такім чынам, Станіслаў Ляшчынскі быў каралём у Варшаве толькі 14 дзён, а потым вымушана выехаў у Гданьск, дзе чакаў дапамогі з Францыі: каронныя войскі былі слабыя, і дастатковага адпору расійскаму войску даць не здолелі. Аднак вайна за польскую спадчыну цягнулася два гады (1733-1735). 7 ліпеня 1734 г. Гданьск капітуляваў. Хоць на баку Станіслава Ляшчынскага выступіла ў 1734 г. Дзікоўская канфедэрацыя шляхты, аднак экс-кароль не змог яе ўзначаліць. Ён здолеў уцячы з Гданьска ў Прусію. Вайна за польскую спадчыну перакінулася ў Еўропу. Францыя ваявала з Аўстрыяй і Саксоніяй, якім дапамагала Расія. Вайна скончылася ў 1735 г. прэлімінарным мірам (канчатковы быў падпісаны ў 1738 г.). Францыя прызнала польскім каралём і вялікім князем літоўскім Аўгуста III, Станіслаў Ляшчынскі адмаўляўся ад кароны і атрымліваў герцагства Латарынгію (на ўсходзе Францыі), якое пасля ягонай смерці павінна была перайсці да Францыі. За ім пажыццёва захоўваўся тытул караля польскага. 26 студзеня 1736 г. Станіслаў Ляшчынскі адмовіўся ад кароны на карысць Аўгуста III. Яму вярталіся маёнткі ў Польшчы. Сваім каралеўскім актам Станіслаў Ляшчынскі вызваліў усіх сваіх прыхільнікаў ад прысягі, дадзенай яму, і ў чэрвені 1736 г. вярнуўся ў Францыю.
У Латарынгіі
Раней некалькі стагоддзяў Латарынгія была асобным герцагствам у складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. Апошні герцаг латарынгскі Франц Стэфан на пачатку 1736 г. ажаніўся з дачкой імператара Карла VI Марыяй Тэрэзіяй, якой у спадчыну перайшлі ўсе аўстрыйскія землі. Францыя падчас вайны за польскую спадчыну фактычна адваявала Латарынгію для сябе, даўшы ў якасці кампенсацыі Францу Стэфану вялікае герцагства Таскану ў Італіі.
Ляшчынскі вёў шырокае будаўніцтва ў латарынгскіх гарадах. У Люневілі, Нансі, Камерсі былі пабудаваны палацы, пасаджаны паркі. Для насельніцтва будаваліся свірны для захавання зерня, праводзіліся дабрачынныя акцыі. Стваральная дзейнасць былога польскага караля павялічыла колькасць ягоных прыхільнікаў сярод насельнікаў Латарынгіі, якія спачатку не вельмі ахвотна прынялі чужынца з Усходняй Еўропы ў ролі валадара. Народ нават даў яму мянушку Дабрачынны. Захаваліся ягоныя партрэты гэтага перыяду, на пляцы Станіслава ў Нансі - ягоная статуя, у касцёле Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур можна пабачыць ягонае надмагілле.
Апошнія дзесяцігоддзі Станіслаў Ляшчынскі, нягледзячы на свой век, прызвычаіўся да дзвюх рэчаў - добра пад'есці і прыемна правесці час з кабетамі. У апошнія гады жыцця ён ужо не нагадваў маладога стройнага прыгажуна. Гэта быў вельмі тоўсты стары, які хадзіў з палкай, абапіраючыся на яе. Але трымаўся ён даволі моцна і, бадай, мог пражыць яшчэ некалькі гадоў, каб не той няшчасны выпадак. 15 лютага 1766 г. ён стаяў ля каміна ў сваім кабінеце ў адным з аддаленых пакояў палаца, далёка ад слуг. Раптам яго шлафрок загарэўся. Ён хацеў патушыць агонь рукамі, але занадта нахіліўся і паваліўся ў агонь каміна, ягоная левая рука пачала гарэць.
Станіслаў Ляшчынскі доўга крычаў, клікаў на дапамогу, але ніхто яго не пачуў. Толькі дым і пах ад ахопленага агнём адзення і цела ўрэшце занепакоіла слуг. Калі яны прыбеглі ў кабінет, Ляшчынскі быў ужо непрытомны. У яго былі цяжкія апёкі цела. На жаль, дактары і тагачасныя лекі не дапамаглі. 23 лютага 1766 г. Ляшчынскі памёр і быў пахаваны ў касцёле Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур, пра які мы згадвалі. Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі натоўп выкінуў яго астанкі з труны, хтосьці адрэзаў галаву і панёс дахаты. Аднак былы прыдворны бляхар Мікалай Кранц, які ў 1766 г. першы прыбег на паратунак да Ляшчынскага, адабраў галаву і зноў склаў астанкі ў труну, якая была пастаўлена на ранейшае месца. Частка праху з труны была ў адмысловай урне ўзята ў 1814 г. генералам Сакальніцкім, які з салдатамі вяртаўся з Францыі ў Польшчу. Урна была перададзена кафедральнаму касцёлу ў Познані.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"
Постаць Станіслава Ляшчынскага мае супрацьлеглую трактоўку ў розныя перыяды ягонага жыцця, але ў кожным разе яна дастаткова прывабная і цікавая.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.