03. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй. Грунвальдская бітва.

15.09.2009

Вялікую небяспеку для беларускіх зямель у XIII - XV стст. уяўляла крыжацкая агрэсія (крыжакі - нямецкія рыцары, бязлітасныя і жорсткія заваёўнікі з Захаду). Нашэсце Тэўтонскага Ордэна пагражала не толькі разбурэннем славянскіх і балцкіх гарадоў і вёсак, фізічным знішчэннем народаў, але і духоўным упадкам, анямечваннем этнічных груп, што насялялі Усходнюю Еўропу. Таму барацьба з тэўтонамі стала барацьбой за выжыванне славянства і на пярэднім краі гэтай барацьбы стаялі беларускія землі, беларускі народ, які закрыў сабою іншыя ўсходнеславянскія землі ад крыжацкай навалы. Палачане першымі ўступілі ў адкрытую барацьбу супраць агрэсіі нямецкіх рыцараў. У ніжнім цячэнні Дзвіны знаходзіліся гарады-крэпасці Кукенойс і Герцыке, якімі кіравалі васалы полацкага князя. Рыцары наблізіліся да горада Кукенойса. Тут княжыў Вячка, які паходзіў з дынастыі полацкіх князёў. З невялікай дружынай ён доўга і мужна адбіваўся ад захопнікаў; у 1208 г. мусіў спаліць Кукенойскі замак. Ён усё жыццё змагаўся з крыжакамі і загінуў у жорсткім баі ў 1224 г. У 1209 г. рыцары абрабавалі і спалілі другі старажытны фарпост Полацкага княства - горад Герцыке.

Полацк умацоўваў палітычныя сувязі з наўгародскай зямлёй. Полацкія дружыны прымалі ўдзел у бітвах супраць шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240) і Чудскім возеры (1242).

У бітве на Няве адвагай вызначыўся Якаў палачанін, які служыў пры двары Аляксандра Неўскага. У жорсткай рукапашнай схватцы ён, узброены толькі мячом, напаў на цэлы "полк" шведаў і адзін вытрымаў бой супраць цэлага атрада рыцараў.

У гісторыі захавалася таксама імя гарадзенскага ваяводы Давыда, сына князя Доўманта і княгіні Марыі, унучкі А. Неўскага. У 1314 г. Давыд Гарадзенскі са сваёй дружынай разбіў крыжакоў, што напалі на Наваградак, а ў 1319 г. узначаліў пераможны паход гарадзенцаў на Прусію. Пскавічы паслалі к Давыду за дапамогай і той выратаваў горад ад крыжакоў. Наступны ўдар Ордэну Давыд нанёс у Мазовіі ў 1324 г., а праз два гады арганізаваў паход на Брандэнбург, у час якога быў па-здрадніцку (ударам нажа ў спіну) забіты наёмным польскім рыцарам. Воіны-гарадзенцы прынеслі цела свайго ваяводы дамоў на шчытах і пахавалі на беразе Нёмана каля старажытнай Каложы.

15 ліпеня 1410 г. на вузкім полі каля вёскі Грунвальд (зараз Дуброўна на тэрыторыі Польшчы) сышліся на бітву аб'яднаныя войскі Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства з крыжацкім войскам. Гэтая бітва ўвайшла ў гісторыю як вялікая. Вялікая таму, што ніводная з бітваў сярэднявечча не збірала такой колькасці воінаў - некалькі дзесяткаў тысяч, і таму, што яна прадвызначыла далейшае развіццё многіх еўрапейскіх народаў і стала фіналам страшнага, больш чым двухсотгадовага супрацьстаяння дзвюх магутных сіл - славян і крыжацкіх заваёўнікаў.

На грунвальдскім полі войскі ВКЛ налічвалі 40 харугваў (харугва - баявы атрад, у якім налічвалася ад 60 да 600 коп'яў), сярод якіх значыліся Гарадзенская, Лідская, Полацкая, Віцебская, Наваградская, Берасцейская, Пінская, палкі Аршанскі, Слуцкі, Магілёўскі, воіны з Нясвіжа, Кобрына і інш. Кожны беларускі горад, мястэчка выправілі на гэту бітву сваіх прадстаўнікоў.

Грунвальдская бітва
Грунвальдская бітва

Раніцай 15 ліпеня адзін супраць аднаго сталі ордэнскае і польска-вялікакняскае войскі. У апошнім пераважалі славяне (палякі, беларусы, украінцы, рускія, чэхі) у саюзе з літоўцамі. Сілы бакоў былі прыкладна роўныя. Пачалася бітва атакай конніцы ВКЛ, якая панесла значныя страты, трапіўшы ў "воўчыя ямы", накапаныя крыжакамі. Потым сышліся ў бойцы левы фланг союзнага войска, які займалі харугвы Вялікага княства, і жалезная рыцарская лавіна. "Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і дзіды накіроўваліся ў твары ворагаў... Стаяў страшны грухат, людзі біліся, коні давілі людзей". Сеча з пераменным поспехам цягнулася шэсць гадзін. У магістра ордэна Ульрых фон Юнгінгена ў падмацаванні знаходзілася яшчэ 16 харугваў (прыкладна трэць крыжацкага войска), і калі ён адчуў, што сілы саюзнікаў канчаюцца, стаў на чале свайго войска і пайшоў на разгром праціўніка. Але пралічыўся, бо польскі кароль Ягайла і вялікі князь ВКЛ Вітаўт мелі некранутыя рэзервы. У гэтай апошняй, рашаючай сутычцы войска ордэна было раздаўлена. Удар для тэўтонаў быў настолькі ашаламляльны, што землі ўсходніх славян пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі. Разгром крыжакоў павысіў аўтарытэт ВКЛ і Польшчы ў Заходняй Еўропе. На месцы Грунвальдскай бітвы ў 1960 г. быў устаноўлены помнік.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.