33. Аднаўленне i развіццё эканомікі Беларусі ў 1945 - 1965 гг.

15.09.2009

Распачатая гітлераўскай Германіяй вайна нанесла Беларусі велізарныя людскія і матэрыяльныя страты, па агульным ўзроўні развіцця эканомікі рэспубліка была адкінута да 1928 г.

Аднаўленне народнай гаспадаркі ў БССР меркавалася завяршыць на працягу чацвёртага пяцігадовага плана (1946-1950 гг.). Акцэнт быў зроблены на паскораным аднаўленні энергетыкі і развіцці машынабудавання, стварэнні такіх галін прамысловасці, якіх раней на Беларусі не існавала: аўтамабіле- і трактарабудаванне і інш. Быў пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), першыя аўтамабілі-самазвалы былі выпушчаны ў 1947 г. Трактарны завод пачаў будавацца ў 1946 г., першыя трактары "Беларусь" зышлі з канвеера ў 1953 г. Але перакос у бок вытворчасці сродкаў вытворчасці прывёў да таго, што ў заняпадзе засталіся традыцыйныя для Беларусі лёгкая, харчовая галіны, прамысловасць будаўнічых матэрыялаў.

З сярэдзіны 50-х гг. у свеце разгарнулася навукова-тэхнічная рэвалюцыя, якая адкрывала магчымасці комплекснай аўтаматызацыі вытворчасці, выкарыстання ЭВМ, новых крыніц энергіі, матэрыялаў і інш. Гэта не магло не закрануць і эканоміку СССР, а разам з тым і БССР. Пераважнае развіццё атрымалі галіны прамысловасці, якія вызначалі тэхнічны прагрэс, - прыборабудаванне, радыётэхнічная, хімічная, нафтахімічная. У першай палове 50-х гг. у Мінску было завершана будаўніцтва і ўступілі ў строй падшыпнікавы, гадзіннікавы, радыятарны заводы, адзін з буйнейшых у Еўропе камвольны камбінат. За пятую пяцігодку (1951 - 1955 гг.) было пабудавана 150 буйных прадпрыемстваў.

У канцы 50-х гг. адбыліся перамены ў кіраўніцтве гаспадаркай, у 1958 г. быў створаны Савет Народнай гаспадаркі БССР (Саўнаргас). Саўнаргасы садзейнічалі лепшаму выкарыстанню мясцовых рэсурсаў, узмацненню спецыялізацыі і г.д.

За 1956 - 1965 гг. у рэспубліцы было ўведзена ў строй звыш 450 буйных прадпрыемстваў - БелАЗ у Жодзіне, Салігорскі калійны камбінат, Магілёўскі металургічны камбінат, Полацкі нафтаперапрацоўчы камбінат, 1-я чарга азотнатукавага завода ў Гродна. У Беларусі з'явіўся новы від транспарту - трубаправодны. Аднак з 1962 г. назіраецца зніжэнне ўсіх паказчыкаў прамысловай вытворчасці. Саўнаргасы не змаглі змяніць становішча. Прычынай зніжэння паказчыкаў было вычарпанне экстэнсіўных шляхоў развіцця. У 1965 г., пасля змены ўлады ў 1964 г. (знялі з кіраўнічай пасады Н.Хрушчова, да ўлады прыйшоў Л. Брэжнеў), адбылося вяртанне ад Саўнаргасаў да міністэрстваў.

Цяжкім заставалася становішча ў сельскай гаспадарцы, і не толькі з прычыны велізарных страт падчас вайны. Пасляваенная індустрыялізацыя БССР вялася ў многім за кошт сельскай гаспадаркі. Адбылося вяртанне да калгаснай сістэмы. У 1948 - 1949 гг. праводзілася суцэльная калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі. Вытворчасць сельскіх гаспадарак стрымлівалася наяўнасцю жорсткай падатковай сістэмы. Зверху загадвалі, што, дзе і як сеяць, колькі мець жывёлы. Дасягнуць даваеннага ўзроўню па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў чацвёртую пяцігодку не ўдалося.

Са зменай кіраўніцтва СССР (Сталін памёр 5 сакавіка 1953 г.) у 1953 г. рабіліся захады па паляпшэнні сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. У верасні 1953 г. адбыўся Пленум ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы. Былі павялічаны закупачныя цэны і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі, спісана запазычанасць з калгасаў, заменена сістэма падаткаабкладання, што мела станоўчыя вынікі. На становішча спраў у сельскай гаспадарцы Беларусі ў першай палове 60-х гг. адмоўны ўплыў аказала паспешлівасць у рэарганізацыі МТС (1958 г.). Большасць калгасаў, не маючы магчымасці выкупіць адразу ўсю тэхніку МТС, вымушана была пазычаць грошы ў дзяржавы.

Агульная колькасць насельніцтва к 1965 г. павялічылася да 8,5 млн чалавек, што адбылося як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку перасялення з іншых рэспублік. Міграцыя насельніцтва ў пасляваенныя гады была даволі інтэнсіўнай. Прыток адбываўся ў сувязі з увядзеннем у строй дзеючых сотняў новых прадпрыемстваў, што выклікала патрэбнасць у рабочай сіле. У вёсцы змяншалася колькасць насельніцтва. Адбываўся працэс паляпшэння жыцця. З 1956 па 1965 г. 3 млн чалавек атрымалі жыллё, але жыллёвая праблема не была вырашана. Наогул гады хрушчоўскай "адлігі" былі адносна спрыяльнымі ў сацыяльным развіцці рэспублікі.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.