У 1569 г. у г. Любліне была падпісана ўнія - пагадненне аб дзяржаўна-палітычным саюзе ВКЛ з Польшчай, паводле якога ўтварылася федэратыўная дзяржава - Рэч Паспалітая (з польск. рэспубліка). На карце Еўропы з'явілася новая дзяржава - адна з самых вялікіх і магутных. Прычыны ўніі:
1) Унутрыкласавыя супярэчнасці ў пануючым шляхецкім саслоў'і. Паны-рада (магнаты) праводзілі толькі свае рашэнні на сейме, шляхта не мела ніякай рэальнай улады. Такога нельга было сустрэць у суседняй Польшчы, дзе шляхта ўплывала самым рашучым чынам на ўнутраную і знешнюю палітыку ўрада. Польскія шляхецкія вольнасці прываблівалі шляхту Княства. Падтрымліваючы ідэю ўніі, яна імкнулася да улады, меркавала заняць такое ж вызначальнае становішча ў сваёй дзяржаве, як польская ў сваёй.
2) Цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ. Маскоўская дзяржава пачала Лівонскую вайну (1558 - 1583 гг.). Гэта была барацьба за выхад да Балтыйскага мора. Выйсце ў Еўропу закрывала Польшча, ВКЛ, Лівонія (заснавана рыцарамі Лівонскага ордэна). Самым слабым звяном у гэтым ланцугу дзяржаў, што перашкаджалі Маскоўскаму царству "зачапіцца" за Балтыку, на той час была Лівонія. Супраць Лівоніі і нацэліў удар Іван IV. У ВКЛ быў заключаны ваенны саюз з Лівоніяй, таму княства было ўцягнута ў гэтую вайну з Масквой. Акрамя таго, Іван IV імкнуўся вярнуць "рускія вотчыны" на беларускіх землях. Маскоўскія войскі стаялі ля сцен Віцебска, Оршы, Шклова, у 1563 г. быў захоплены Полацк. Вайна выцягнула са скарбу ўсе сродкі. Неадкладна патрабаваўся саюзнік. Позірк быў кінуты на захад, таму што княства мела значны вопыт унітарных дагавораў сужыцця з Польшчай ад часоў Ягайлы.

Рэч паспалітая
3) Польшча сама дамагалася ўніі. Гэта было звязана з тым, што:
- па-першае, польскай шляхце стала цесна ў каралеўстве, яна сквапна паглядала на княжацкія землі, якія б далі новыя багацці, новыя пасады, узнагароды;
- па-другое, Польшча з'яўлялася самым магутным каталіцкім бастыёнам ва Усходняй Еўропе, а таму Ватыкан адводзіў ёй галоўную ролю ў экспансіі каталіцызму на ўсход – на беларускія, украінскія, рускія землі.
10 студзеня 1569 г. пачаўся Люблінскі сейм, які доўжыўся шэсць месяцаў. Кожны ставіў свае ўмовы, ніхто не саступаў. Польскі бок пайшоў на дэманстрацыю сілы, захапіўшы Падляшша, Валынь, Падолле і Кіеўшчыну. Гэта яшчэ больш аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной эканоміку княства. Вялікакняскі ўрад не мог ісці на ваенны канфлікт з Польшчай. З такога становішча было адзінае выйсце сесці за стол перамоў з Польшчай.
Умовы аб'яднання былі наступныя:
- Вышэйшым органам улады станавіўся агульны сейм, які мог збірацца толькі на тэрыторыі Польшчы. На чале дзяржавы стаяў кароль, якога выбіралі феадалы Польшчы і ВКЛ
- Выключна да кампетэнцыі Рэчы Паспалітай адыходзіла знешняя палітыка.
- Дазвалялася набываць маёнткі і валодаць імі паляку ў Літве, а літоўцу ў Польшчы.
- У ВКЛ поўнасцю захоўваліся былы адміністрацыйны апарат, заканадаўства і судовая арганізацыя, войска.
Такім чынам, нельга трактаваць Люблінскую ўнію як паглынанне Польшчай ВКЛ. Рэч Паспалітая была федэрацыяй суседніх дзяржаў, у якой княства існавала да канца XVIII ст, Іншая справа, што Польшча, якая ў той час была ў лепшым палітычным і эканамічным становішчы і таму валодала ініцыятывай у Рэчы Паспалітай, магла ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да ўсходнеславянскага насельніцтва.
Шляхта ВКЛ хацела большай самастойнасці. Гэтая барацьба прывяла да таго, што ў 1588 г. быў прыняты Статут, які, па сутнасці, скасаваў многія пастановы Люблінскай уніі Палякі больш не маглі набываць землі на тэрыторыі ВКЛ. Статут 1588 г. - збор законаў феадальнага права - доўгі час лічыўся самым дасканалым зводам законаў у Еўропе і дзейнічаў на беларускіх землях да 1840 г.
Барацьба за захаванне самастойнасці праявілася ў змаганні за захаванне дзяржаўнасці беларускай мовы ў княстве, у адстойванні адвечных на зямлі Беларусі ўсходнеславянскіх духоўных каштоўнасцей. Палымяным прапагандыстам гэтай ідэі быў полацкі шляхціц Васіль Цяпінскі, яго падтрымаў магнат, вялікакняскі канцлер Леў Сапега, адзін са складальнікаў Статута 1588 г.
Пры падтрымцы прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя шырокае распаўсюджанне ў ВКЛ атрымала дзейнасць брацтваў - нацыянальна-рэлігійных арганізацый праваслаўнага насельніцтва, што ўзніклі ў адказ на каталіцкую палітыку ўрада Рэчы Паспалітай. Яны адыгрывалі вялікую ролю ў прапагандзе беларускай мовы, пашырэнні асветы і кнігадрукавання на Беларусі.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.