23. Утварэнне БССР, Літоўска-беларускай ССР. Барацьба з польскай інтэрвенцыяй

15.09.2009

У лістападзе 1918 г., пасля паражэння аўстра-германскага блока ў сусветнай вайне і рэвалюцыі ў Германіі, бальшавікі анулявалі Брэсцкі мір і рушылі на Захад. 10 снежня 1918 г. Чырвоная Армія заняла Мінск. Мінскі Савет аб'явіў аб аднаўленні Савецкай улады. Адна частка Рады БНР пераехала ў Гродна, дзе арганізавала органы мясцовай улады, другая - эмігрыравала, а сацыял-дэмакратычная фракцыя засталася ў Мінску. К сярэдзіне лютага 1919 г. амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі зноў усталявалася ўлада бальшавікоў.

Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці (Аблвыканкамзах) не прызнаваў існаванне беларускай нацыі. Узначальвалі камітэт А. Мяснікоў і В. Кнорын. У кіраўніцтве РКП(б) панавала думка, што чалавецтва знаходзіцца напярэдадні сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. Германія і Польшча быццам бы ўжо стаялі на мяжы сацыяльнага ўзрыву. Самавызначэнне нацый, стварэнне самастойных рэспублік здавалася справай непатрэбнай, нават шкоднай, таму што вяло да пабудовы бар'ераў на шляху сусветнай рэвалюцыі. Аднак надзеі на пралетарскую рэвалюцыю ў Польшчы і Германіі не збываліся. Пашыраўся рух за нацыянальнае самавызначэнне ў Літве, на Беларусі, ва Украіне. Гэта прымусіла бальшавіцкае кіраўніцтва прыслухацца да патрабаванняў нацыянальных секцый ЦК РКП(б) аб стварэнні беларускай дзяржаўнасці. ЦК РКП(б) пайшоў насустрач патрабаванням беларускіх камуністаў і прыняў рашэнне аб стварэнні БССР.

30 снежня 1918 г. у Смаленску адбылася VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). Вырашалася пытанне аб утварэнні БССР і КПБ. Было прынята рашэнне аб стварэнні самастойнай сацыялістычнай рэспублікі, перайменаваць Паўночна-Заходнюю арганізацыю РКП(б) у КП(б)Б. ЦК КП(б)Б узначалілі А. Мяснікоў, В. Кнорын, якія не былі беларусамі і яшчэ напярэдадні выступалі супраць беларускай дзяржаўнасці. Урад БССР узначаліў беларус З. Жылуновіч. 1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест урада Беларусі, які абвясціў утварэнне БССР. Уся ўлада аб'яўлялася толькі за Саветамі. Сталіцай БССР стаў Мінск, куды са Смаленска пераехаў ўрад. 2-3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся I Усебеларускі з'езд Саветаў. (Паколькі ні I З'езд КП(б)Б, ні ЦК КПБ(б) не мелі права абвяшчаць дзяржаву і ствараць уладныя органы, каб надаць дэмакратычнасць гэтым актам, склікаўся з'езд Саветаў.) У перыяд падрыхтоўкі з'езда адбыліся наступныя змены: ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб далучэнні да РСФСР Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губерняў і аб'яднанні БССР з Літоўскай ССР. Гэта рабілася дзеля таго, каб адмежаваць РСФСР ад Польшчы з мэтай прадухілення адкрытай вайны з ёю і для барацьбы супраць БНР і Літоўскай рэспублікі за ўсталяванне сваёй улады. На з'ездзе Саветаў было прынята рашэнне аб'яднаць БССР (шэсць паветаў Мінскай губерні) з Літоўскай ССР. Такім чынам суверэнітэт БССР прыносіўся бальшавікамі ў ахвяру ідэі сусветнай рэвалюцыі.

27 лютага 1919 г. адбылося аб'яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую ССР са сталіцай у Вільні. Старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэта стаў К. Цыхоўскі, Савета народных камісараў - В. Міцкявічус-Капсукас. З наступленнем палякаў ЛітБел так сама хутка памёрла, як і нарадзілася.

У сакавіку 1919 г. пачынаецца наступленне палякаў (у лістападзе 1918 г. адрадзілася польская дзяржава, якую ўзначаліў Ю. Пілсудскі. Ён аб'явіў аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.). Пад націскам перавышаючых сіл праціўніка савецкія войскі вымушаны былі адступіць. 8 жніўня 1919 г. праціўнік уварваўся ў Мінск. Акупанты рухаліся на ўсход, фронт стабілізаваўся толькі на лініі ракі Бярэзіна. На захопленай тэрыторыі польскія улады ўсталявалі жорсткі рэжым. Але народ не пакарыўся акупантам. У тыле ворага разгортвалася ўзброеная барацьба супраць іх. Актыўна дзейнічаў партызанскі атрад пад камандаваннем матроса Балтыйскага флоту А. Блажко ў мястэчку Дукора. Партызаны рыхтавалі паўстанне да моманту прыходу часцей Чырвонай Арміі. Аднак месцазнаходжанне штаба атрада стала вядома палякам і яны нечакана атакавалі яго. У палон трапілі 11 партызан, якія на досвітку 17 мая былі расстраляны. У раёне Петрыкава на Палессі дзейнічаў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам селяніна Талаша. Яго партызаны рабілі смелыя налёты на гарнізоны ворага. У Рудабельскай воласці Бабруйскага павета ў перыяд нямецкай і польскай акупацыі (1918 - 1920 гг.) захоўвалася Савецкая ўлада. Гэта была партызанская зона - Рудабельская рэспубліка. Кіраўнікамі яе былі Салавей, Адзінцоў, Ус.

Поспехам інтэрвентаў садзейнічалі выступленні супраць бальшавікоў унутры краіны. Стракапытаўскі мяцеж - антысавецкае выступленне двух палкоў у Гомелі ў сакавіку 1919 г. пад кіраўніцтвам генерала Стракапытава. Мяцежнікі захапілі Гомель, Рэчыцу. Аднак у канцы сакавіка часці Чырвонай Арміі перамаглі стракапытаўцаў, невялікая група на чале з Стракапытавым перайшла за лінію фронту.

Неабходна таксама сказаць аб выступленні С. Булак-Балаховіча восенню 1920 г., Слуцкім паўстанні ў снежні 1920 г.

18 сакавіка 1921 г. быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж РСФСР і Польшчай.

Крыніца: Шарова Н. С. Гісторыя Беларусі% Матэрыялы да экзамену. - Мн.: ВП "Экаперспектыва", 1997. - 124 с.

Каментары чытачоў
Адам Шпакоўскі напiсаў(ла) 18.01.2011 16:00

Сьцьверджаньне «ЦК КП(б)Б узначалілі А. Мяснікоў, В. Кнорын, якія не былі беларусамі і яшчэ напярэдадні выступалі супраць беларускай дзяржаўнасці» выглядае ня вельмі карэктным.

Вышэйзгаданы сказ прапаную ў наступным выглядзе:
“ЦК КП(б)Б узначалілі армянін А. Мяснікоў (Аляксандр Мясьнікян, партыйныя мянушкі: Мясьнікоў, Мартуні) і латыш В. Кнорын (Вільгельм Кнорыньш, Vilhelms Vilis Knoriņš). (Пры тым, яны абодва не прызнавалі існаваньне Беларускае нацыі і выступалі супраць беларускае дзяржаўнасьці!)”

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.