Тураўская зямля ў XII—XIII стст.

П. Лысенка 12.02.2010

Тураўскае княства ў сістэме Кіеўскай Русі.

Развіццё гістарычных падзей у Тураўскім княстве ў XII ст. прыводзіць да высновы аб яго пэўнай своеасаблівасці ў сістэме княстваў Кіеўскай Русі. У найбольш магутных з іх, дзе цвёрда ўcталяваліся пэўныя княжацкія дынастыі, у XII ст. адбываецца натуральны працэс іх далейшага феадальнага развіцця і драблення паміж нашчадкамі наступных княжацкіх пакаленняў (Чарнігаўскае, Уладзімірскае, Полацкае). Гісторыя Тураўскай зямлі ў гэты час ідзе іншым напрамкам.

У пачатку XII ст. Тураўскае княства (зямля) належала Святаполку Ізяславічу, вялікаму князю кіеўскаму (з 1093 г.) і тураўскаму (з 1088 г.). Раней яно належала яго старэйшаму брату Яраполку Ізяславічу, а яшчэ раней(у 1052-1078 гг.) - яго бацьку Ізяславу Яраславічу, старэйшаму сыну вялікага князя кіеўскага Яраслава Уладзіміравіча Мудрага. Такім чынам, Тураўская зямля на працягу 60 гадоў (з 1052 па 1113 г.) належала адной дынастычнай ліні старэйшага сына Яраслава Мудрага Ізяслава (Ізяслаў, Яраполк, Святаполк). Гэта дынастычная прыналежнасць Тураўскага княства Ізяслававай дынастычнай лініі была зацверджана і пастановай Любецкага з'езда князёў у 1097 г. Важнасць Тураўскага княства ў той час пацвярджалася яго прыналежнасцю старэйшай лініі Яраславічаў і той акалічнасцю, што менавіта з Тураўскага княства тураўскія князі пераходзілі на кіеўскі велікакняжацкі прастол (у 1054 г. - Ізяслаў, у 1093 г. - Святаполк). Гэта надавала Тураўскаму княству дадатковае значэнне пры далейшых перадзелах княжацкіх валоданняў, і ў ёй бачылі неабходную папярэднюю ступеньку на шляху да кіеўскага велікакняжацкага прастола. Такая акалічнасць аказвала ўплыў на лёс Тураўскага княства ў XII ст.

Выраб з выявай лучніка з раскопак Турава
Выраб з выявай лучніка з раскопак Турава

Пасля смерці Святаполка Ізяславіча 16 красавіка 1113 г. на кіеўскі вяліка княжацкі прастол узышоў яго стрыечны брат Уладзімір Усеваладавіч Манамах. Ён, безумоўна, меў перавагу перад іншымі не толькі па асабістых якасцях. Бацька яго Усевалад Яраславіч, малодшы брат Ізяслава Яраславіча, князя тураўскага і вялікага князя кіеўскага, таксама з 1078 па 1093 г. займаў кіеўскі прастол. Аднак, заняўшы кіеўскі велікакняжацкі прастол, ён імкнуўся ўмацаваць сваё становішча (і сваіх нашчадкаў) і з гэтай мэтай - аслабіць магчымых прэтэндэнтаў і сапернікаў сваіх нашчадкаў. Таму Тураўскае княства Уладзімір Манамах не перадаў нашчадкам памерлага Святаполка Ізяславіча, а пакінуў за сабой. Гэта пярэчыла пастановам Любецкага з'езда 1097 г., аднак умацоўвала Уладзіміра Манамаха і яго напгчадкаў і аслабляла пазіцыі Ізяславічаў. Тураўскія нашчадкі Святаполка адчувалі сябе пакрыўджанымі. Яны не атрымалі Тураўскага княства, аднак не ў стане былі пярэчыць кіеўскаму князю. Старэйшы сын і нашчадак Святаполка Яраслаў яшчэ пры бацьку ў 1097 г. атрымаў Уладзіміра-Валынскае княства, якое было адабрана ў Давыда Ігаравіча за распачатак смуты з Васількам Церабоўльскім пасля Любецкага з'езда. Родзіч Святаполка Вячаслаў Яраславіч быў клецкім князем.

Яраслаў Святаполкавіч, як відаць, спачатку мірна чакаў паляпшэння свайго становішча і вяртання Тураўскага княства. Аднак, пераканаўшыся ў намерах Уладзіміра Манамаха аддаць Кіеў і Тураў свайму сыну, ён пачаў выступаць больш энергічна. Уладзімір Манамах асадзіў Яраслава Святаполкавіча ва Уладзіміры. Ён вымушаны быў скарыцца. Манамах адабраў г. Уладзімір ад Яраслава Святаполкавіча і аддаў валынскае княства свайму сыну Раману. Каб выратавацца, Яраслаў Святаполкавіч уцёк у Венгрыю.

Яраслаў Святаполкавіч вырашыў ваеннай сілай дамагацца сваіх правоў і Тураўскага княства. Вясной 1123 г. ён вярнуўся з вялізным войскам венграў, чэхаў і палякаў і асадзіў г. Уладзімір. Уладзімір Манамах быў у роспачы, бо не меў сіл супрацьстаяць Яраславу Святаполкавічу. Аднак лёс злітаваўся над кіеўскім князем. У час аб'езду абложанага Уладзіміра-Валынскага Яраслаў Святаполкавіч быў цяжка паранены падасланымі забойцамі і ў той жа вечар памёр. Яго войска разышлося. Кіеўскі князь уздыхнуў з палёгкай. Сярод Святаполкавых нашчадкаў не аказалася здольных арганізаваць і працягваць упартую барацьбу за Тураўскае і Кіеўскае княствы. Тураўская зямля засталася пад уладай кіеўскага князя.

З падзей, якія адбываліся непасрэдна на Тураўскай зямлі, трэба ўспомніць набег менскага князя Глеба на Слуцк. Летапісец так апавядае пра гэту падзею:"... Глеб бо бяше воевал дреговичи и Случеск пожег, и не каяшеться о сем, ни покоряшеться...". Магчыма, гэта быў набег Глеба на Тураўскую зямлю, што ў гэты час уваходзіла ў склад Кіеўскай дзяржавы, і помста за паход на Менск у 1105 г., арганізаваны кіеўскім князем Святаполкам. Напэўна, адказам на набег Глеба на Слуцк з'яўляецца паход на Менск Манамахавічаў у 1116 і 1119 гг. [1]

У 1125 г. памёр Уладзімір Манамах. Кіеўская зямля была падзелена паміж яго сынамі. Кіеўскі прастол заняў яго сын Мсціслаў. Тураўскае княства атрымаў трэці сын Уладзіміра Манамаха Вячаслаў Уладзіміравіч, які раней быў смаленскім князем.

Вячаслаў Уладзіміравіч на працягу свайго жыцця (памёр у 1155 г.) шмат разоў валодаў Тураўскай зямлёй, аднак па розных прычынах пазбаўляўся яе і пераходзіў на іншыя княствы (Пераяслаўскаеў 1133 і 1140 гг., Перасопніцкае ў 1146 г.). Пасля смерці сваіх старэйшых братоў, што паслядоўна займалі кіеўскі велікакняжацкі прастол, Мсціслава Уладзіміравіча (памёр у 1132 г.) і Яраполка Уладзіміравіча (памёр у 1139 г.) ён па праву старшынства нават заняў кіеўскі велікакняжацкі прастол. Аднак не змог утрымацца супраць кааліцыі магутных чарнігаўскіх князёў і вымушаны быў саступіць Кіеў Усеваладу Вольгавічу, князю чарнігаўскаму, які аддаў Тураў свайму сыну Святаславу Усеваладавічу.

Выраб з выявай лучніка з раскопак Турава
Сядзіба-двор феадала ў XIII ст.

Пасля ўмацавання на кіеўскім прастоле Усевалада Вольгавіча змянілася становішча Тураўскага княства. Да гэтага часу Манамахавічы захоўвалі яго цэласнасць у складзе Кіеўскай дзяржавы. Пры Усеваладзе Вольгавічу настаў перыяд яго драблення. Асобныя гарады Тураўскага княства разам з прылеглымі землямі аддаваліся саюзнікам кіеўскага князя, якія дапамагалі Усеваладу Вольгавічу дамагчыся кіеўскага прастола. Так, у 1142 г. Бярэсце (Берасце) і Драгічын былі аддадзены Уладзіміру і Ізяславу Давыдавічам (стрыечным братам), Клецк - Святаславу (брату), Рагачоў - Ігару (брату).

Пералік раздаваемых тураўскіх гарадоў сведчыць, што яшчэ ў 1142 г. гэтыя гарады ўваходзілі ў межы Тураўскага княства. 1 жніўня памёр кіеўскі князь Усевалад Вольгавіч. Кіеўляне запрасілі да сябе Ізяслава Мсціславіча, сына Мсціслава Вялікага. Вячаслаў Уладзіміравіч вырашыў выкарыстаць гэта як спрыяльную акалічнасць і насуперак волі кіеўскага князя вярнуўся ў Тураў, які быў аддадзены Святаславу Усеваладавічу ў 1139 г. яго бацькам Усеваладам Вольгавічам (кіеўскі князь з 1139 г.). Больш таго, ён вярнуў у склад Тураўскага княства гарады, якія былі раздадзены Усеваладам Вольгавічам у 1142 г. яго саюзнікам (Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў). Такое самаўпраўства не спадабалася Ізяславу Мсціславічу. Таму ён накіраваў у Тураў у 1146 г. з войскам свайго брата Расціслава і Святаслава Усеваладавіча, якія ўзялі горад, захапілі епіскапа Акіма і пасадніка Жыраслава Іванкавіча. Як відаць, яны былі прыхільнікамі Вячаслава Уладзіміравіча і, магчыма, ініцыятарамі яго вяртання ў Тураў. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Гэтыя падзеі сведчаць, што ў Тураве ўжо сфарміравалася кола мясцовай знаці, якая аказвала значны ўплыў на лёс горада, княства і мясцовай вышэйшай улады. Вячаслаў Яраславіч быў пераведзены ў Перасопніцу. Тураў аддадзены Яраславу, сыну Ізяслава Мсціславіча. У 1149 г. вялікім кіеўскім князем стаў чарнігаўскі князь Усевалад Вольгавіч. Свайму пляменніку Святаславу Усеваладавічу ён аддаў "... и Случеск, и Клеческ. И вси дреговиче". У 1149 г. Кіеў заняў Юрый Уладзіміравіч Даўгарукі (сын Уладзіміра Манамаха), князь далёкага Уладзімірскага княства. Тураўскую зямлю ён аддаў свайму сыну Андрэю.

П. Лысенка

Крыніцы:

  • [1] ПСРЛ. Т. 2. С. 282.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.