Заваяванне германскімі феадаламі зямель заходніх славян і прусаў.
На ўзбярэжжы Балтыйскага мора ад р. Лабы (Эльбы) да Одры (Одэра) у раннім сярэднявеччы размяшчалася буйная група заходніх славян, якія аб'ядноўваліся ў племянныя саюзы - бодрычаў, люцічаў, лужыцкіх сербаў. У X ст. пачалося сістэматычнае заваяванне палабскіх славян германскімі феадаламі. Палабскія славяне мужна супраціўляліся, аднак германскія рыцары ў другой палове XII ст. захапілі іх землі. У 1170 г. на гэтых землях узнікла ў складзе Германскай імперыі Мекленбургскае княства, якое было непасрэдна падпарадкавана саксонскаму герцагу Генрыху Льву. На зямлі люцічаў амаль адначасова было заснавана маркграфства Брандэнбургскае на чале з Альбрэхтам Мядзведзем. Цэнтрам маркграфства стаў у XIII ст. Берлін (упершыню ўпамінаецца ў 1230 г.). Нямецкая каланізацыя прывяла да знішчэння і асіміляцыі палабскіх славян [1].
Жорсткі і ваяўнічы Генрых Леў праз дзесяць гадоў захапіў славянскае Памор'е (паміж Одэрам і Віслай), дзе жылі блізкія да палабскіх славян памаране і існавалі паморскія гарады Волін і Шчэцін. Памор'е было ператворана ў імперскае княства, памаране цярпелі асіміляцыю, аднак не страцілі нацыянальнай самабытнасці. Яны ўдзельнічалі ў этнагенезе польскага народа. Патомкі памаран - кашубы - жывуць цяпер у Польшчы.
Германскія феадалы ў пачатку XIII ст. па ініцыятыве рымскага папы Інакенція III пачалі пранікаць у Прусію з прычыны крыжовага паходу супраць язычнікаў прусаў. У 1226 г. мазавецкі князь Конрад, які вёў доўгую і безвыніковую барацьбу з прусамі, вельмі неабачліва запрасіў да сябе на дапамогу Тэўтонскі ордэн. Так стварыўся яшчэ адзін небяспечны ачаг наступлення супраць балтаў і славян. Ордэн пачаў заваёўваць тэрыторыю прусаў і праз паўстагоддзя захапіў яе [2]. Нейкая частка прусаў перасялілася на тэрыторыю Літвы і Беларусі, аб чым гаварылася вышэй.
Разгарнулася каланізацыя нямецкімі выхадцамі запусцелых польскіх зямель. У населеных пунктах на тэрыторыі Польшчы распаўсюджвалася нямецкае права. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"
У канцы XII ст. нямецкія правіцелі вырашылі стварыць другі ачаг наступлення - на Заходняй Дзвіне. Тут яны намерваліся захапіць прыбалтыйскія землі, што было небяспечна для Полацка.
Крыніцы:
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.