Землі Пасожжа ў XI-XIII стст.уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Таму гісторыя гэтых зямель непасрэдна звязана з падзеямі, якія адбываліся на асноўнай тэрыторыі княстваў.
Паўднёва-ўсходнія раёны Беларусі, населеныя радзімічамі, канчаткова ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі ў 984 г. у выніку паходу ваяводы князя Уладзіміра Воўчага Хваста. Аднак усобіца, якая ўспыхнула пасля смерці Уладзіміра (1015) паміж яго сынамі Яраславам Мудрым і Мсціславам, прывяла ў 1024 г. да расколу Кіеўскай Русі на дзве часткі. Левабярэжжа Дняпра разам з зямлёю радзімічаў адышло ў сферу ўплыву Чарнігава, у якім сядзеў Мсціслаў. Правабярэжжа разам з Кіевам і астатнімі землямі засталося за Яраславам. У такім стане Кіеўская Русь заставалася да 1036 г., калі пасля смерці Мсціслава яна была зноў аб'яднана Яраславам. Але землі радзімічаў і пасля гэтага заставаліся пад уплывам Чарнігава.
Адсутнасць стабільнасці ў дзяржаве, якая назіралася ў першай трэці XI ст., зразумела, не спрыяла ўмацаванню Кіеўскай Русі, і таму, хаця пісьмовыя крыніцы маўчаць аб падзеях, якія адбываліся на Пасожжы ў XI ст., можна лічыць, што ўсё XI ст. - гэта гісторыя адзяржаўлення радзімічаў - замена суверэнітэта мясцовых князёў на суверэнітэт Рурыкавічаў, упарадкаванне падаткаабкладання і хрысціянізацыя.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё ў IX-X стст. стварыла ўмовы для пачатку фарміравання ў X ст. гарадскіх цэнтраў. Перш за ўсё гэта адносіцца да Гомеля (летапіснага Гомія), які вырас з племяннога цэнтра радзімічаў. Размешчаны на поўдні зямлі радзімічаў, ён замыкаў сабой усе шляхі па Сожы і яго буйных прытоках і займаў зручнае геаграфічнае становішча. Таму ён стаў галоўным пунктам канцэнтрацыі і пераразмеркавання княжацкай даніны з усяго радзіміцкага саюза, што спрыяла развіццю горада.
У канцы IX-X ст. на Гомельскім паселішчы з'яўляюцца рысы, якія адлюстроўваюць пачатак генезісу раннефеадальнага горада. Значна павялічваецца яго плошча, якая дасягнула ў памерах 8 га і мела двухчасткавую тапаграфічную структуру: дзядзінец (0,7 га), вакольны горад са сваёй лініяй умацаванняў (4 га) і прылеглыя да яго паселішчы адкрытага тылу. Гомель стаў не толькі важным адміністрацыйным, але і рамесным цэнтрам, аб чым сведчыць наяўнасць тут слядоў ганчарнага, кавальскага, ювелірнага і іншых рамёстваў [1].
Асваенне радзімічамі Пасожжа спрыяла таму, што акрамя Гомеля, племяннога цэнтра, пачалі ўзнікаць іншыя ўмацаваныя пункты, з якіх ішло асваенне наваколля. Яны, як правіла, узнікалі ў стратэгічна важных мясцінах, якія давалі магчымасць кантраляваць значную тэрыторыю. Так, у Чачэрску, неўмацаваным паселішчы роменскай культуры VIII-IX стст., размешчаным на беразе р. Чачоры, у X ст. узводзяцца фартыфікацыйныя збудаванні, што ператварылі яго ва ўмацаваны цэнтр, які кантраляваў значную частку плыні Ніжняга Сожа. Каля ўпадзення р. Проні ў Сож, на мысу, утвораным Сожам і ярам, таксама ў X ст. на аснове паселішча VIII-IX стст. узводзіцца ўмацаваны пункт, які стаў першым крокам у развіцці сярэднявечнага Прупоя (сучасны Слаўгарад). Ён кантраляваў як шлях уверх па Сожы, так і выхад у басейн Проні. Крыху ніжэй месца ўпадзення р. Астра ў Сож, на тэрыторыі сучаснага Крычава, у X ст. на былым гарадзішчы жалезнага веку Гарадзец зноў пачынаецца жыццё.
Узніклыя апорныя пункты радзіміцкай каланізацыі Пасожжа адначасова, верагодна, выконвалі ролю адміністрацыйнага і культавага цэнтра акругі. Ва ўсялякім выпадку яны з'яўляліся адзінымі ўмацаванымі паселішчамі на значнай тэрыторыі, а ў Крычаве захавалася паданне зб існаванні на месцы будучай Замкавай гары капішча Перуна.
Пагром радзімічаў у 984 г. не спыніў развіцця Гомеля. Наадварот, уваход Пасожжа ў склад Кіеўскай Русі даў дадатковы штуршок развіццю горада. У канцы X - пачатку XI ст. старыя ўмацаванні вакольнага горада былі знішчаны і адсунуты далей на захад, што дазволіла павялічыць плошчу ўмацаванага паселішча да Юга. У гэты ж час горад пачынае пераходзіць на правы бераг ручая Гамеюк, дзе развіваецца пасад. Агульная плошча Гомеля XI ст. дасягала не менш 15 га. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"
У XI ст. назіраецца паступовы рост паселішчаў у Чачэрску і ў Крычаве. У Чачэрску каля сцен дзядзінца пачынае фарміравацца селішча, якое заняло плошчу больш за 1 га. У X-XI стст. селішча такіх памераў фарміруецца каля гарадзішча Гарадзец у Крычаве. Адначасова.ў апошнім з-за размяшчэння Гарадца ў баку ад Сожа, яго малой плошчы і, верагодна, разбурэння гарадзішча, якое пачалося ўжо ў той час, з XI ст. пачынаецца фарміраванне навага адкрытага паселішча на беразе Сожа, на месцы будучага гарадзішча Замкавая гара. Толькі паселішча ў Прупоі ў X-XI стст. заставалася ў сваіх папярэдніх памерах - займала гарадзішча памерам 0,5 га Каля сутокі Проні і Сожа.
Крыніцы:
- [1] Макушников О.А. В поисках древнего Гомия. С. 31,43.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.