Прыход да ўлады Свідрыгайлы і абвастрэнне адносін з Польшчай.
Згодна з беларуска-літоўскімі летапісамі і нямецкімі хронікамі, пасля смерці Вітаўта Ягайла сам як вярхоўны суверэн ВКЛ вызначыў вялікім князем свайго роднага брата Свідрыгайлу (Баляслава). Баяры і князі, што з'ехаліся ў Вільню з усёй Літвы і Русі, таксама адзінагалосна абвясцілі яго сваім гаспадаром. Аднак для паноў-рады Польскай Кароны, якая лічыла Літву часткай каралеўства, такі ўладар на віленскім стале быў непрымальны, асабліва пасля іх нядаўняга канфлікту з Вітаўтам ("каранацыйнай буры").
Свідрыгайлу добра ведалі на беларускіх і ўкраінскіх землях як заўзятага Вітаўтавага саперніка. Гэта была яркая і неардынарная асоба. Пазней нядобразычліўцы, найперш Ян Длугаш, а пад яго ўплывам і аўтары некаторых беларуска-літоўскіх летапісаў[1], малявалі яго неўраўнаважаным і недалёкім чалавекам, інтрыганам, схільным да п'янства і шаленства. Аднак цяжка паверыць у словы гэтага храніста - заядлага каталіка і гарачага польскага патрыёта, адзначаў яшчэ Я. Каро[2], асабліва калі ўлічыць, што за Свідрыгайлу аднолькава горача ўступаліся як русіны, так і Нямецкі ордэн. Жанаты з дачкой цвярскога князя, Свідрыгайла дэманстраваў выразную зычлівасць да праваслаўнай царквы. Яго выступленні супраць Ягайлы і Вітаўта ў 1393 г. у Віцебску, у 1402 г. на Падоллі, у 1406 г. у Ноўгарадзе Северскім, Бранску і Старадубе заўсёды апіраліся на русінаў, якія бачылі ў Свідрыгайлу абаронцу сваіх інтарэсаў. Невыпадкова Ян Длугаш падкрэсліў, што гэты Альгердавіч, хоць сам быў каталіком, парадаксальным чынам "большую прыхільнасць выяўляў да веры" русінаў. З-за аднаго гэтага панаванне такой асобы паставіла б пад пытанне поспехі 30-гадовай дзейнасці рыма-каталіцкага касцёла ў ВКЛ. З улікам жа выразнай тэндэнцыі Вялікага Княства да ўмацавання сваёй самастойнасці прыход Свідрыгайлы да ўлады не абяцаў польска-літоўскай уніі ніякіх добрых перспектыў.
Праблемы адносін паміж Кракавам і Вільняй спадзяваліся рэгуляваць шляхам сустрэч і нарадаў. Тытулуючыся вялікім князем "з Божай ласкі", 7 лістапада Свідрыгайла сам паабяцаў летам наступнага года вырашыць спрэчкі на з'ездзе з палякамі [3]. Аднак пакуль Ягайла быў у Літве, каронная рада без яго ведама сілай авалодала Камянцом і Падольскам. Так у напружаных адносінах паміж дзяржавамі асцярожная палітыка караля была сарваная адкрытым выклікам каронных паноў. Ягайла выслаў суровы загад, каб захоплены горад і Падолле былі вернуты камісару вялікага князя літоўскага. Зрываючы выкананне загаду, паны кароннай рады пайшлі на фальшаванне дакументаў, абвясціўшы, што кароль арыштаваны Свідрыгайлам, а гэтае распараджэнне выдаў пад прымусам у няволі.

Вялікі князь Свідрыгайла
Спрэчкі за Падолле ўжо ў канцы 1430 г. перараслі ва ўзброеную барацьбу. Свідрыгайла са свайго боку прыняў захады па ўтрыманні памежных замкаў пад сваёй уладай. Былі заняты Уладзімір, Гародня, Збараж. Гэта выклікала разрыў паміж Свідрыгайлам і Ягайлам ды іх напружаныя перамовы.
Рыхтуючыся да вайны, Свідрыгайла шукаў саюзнікаў. Адным з першых стаў малдаўскі ваявода Аляксандр. Адпаведную дамову падпісалі з колішнім Вітаўтавым стаўленікам татарскім ханам Улуг-Мухамедам. Яшчэ на пачатку 1431 г. быў падпісаны мірны дагавор і з Вялікім Ноўгарадам. Дзякуючы старанням Жыгімонта Карыбута вымалёўваўся нават альянс з гусітамі, аднак замест ерэтыкоў каталік Свідрыгайла выбраў куды больш важнага саюзніка - імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Жыгімонт Люксембургскі падтрымаў вялікага князя літоўскага і абяцаў яму каралеўскую карону. Бакі абмяняліся пасольствамі. За Свідрыгайлу ў яго канфлікце з Польшчай гатовы быў уступіцца і Нямецкі ордэн, магістру якога імператар рэкамендаваў пайсці на цеснае збліжэнне з вялікім князем літоўскім. У чэрвені 1431 г. Свідрыгайла падпісаў абаронча-наступальны саюз з вялікім магістрам Нямецкага ордэна Паўлам Русдорфам (1422-1441), скіраваны супраць Польскага Каралеўства і гусітаў.
Польская магнатэрыя не збіралася саступаць Свідрыгайлу, які пайшоў на самае цеснае збліжэнне з яе даўнім ворагам. Яшчэ ў лютым 1431 г. на з'ездзе ў Сандаміры паны-рады абвінавацілі Ягайлу ў самавольным прызначэнні вялікага князя літоўскага і прадыктавалі ўмовы, на якіх яны маглі б цярпець Свідрыгайлу: той мусіў нанова папрасіць паўнамоцтваў на вялікакняскую ўладу паводле гарадзельскіх артыкулаў, пасля чаго саступіць Кароне землі Падолля, Валынь і Луцк. Натуральна, Свідрыгайла адмовіўся прымаць такія ўмовы, пасля чаго з абодвух бакоў пачалася падрыхтоўка да ваенных дзеянняў.
У чэрвені 1431 г. Ягайла абвясціў ВКЛ вайну і накіраваў сваё войска на Валынь. У ліпені 1431 г. польская армія падышла да валынскай сталіцы Луцка і сутыкнулася з нешматлікімі фарміраваннямі Свідрыгайлы, які пасля бітвы адступіў. Затое Луцкі замак на чале са старостам Юршам увесь жнівень трымаў аблогу, пакуль Ягайла са Свідрыгайлам не падпісалі двухгадовае замірэнне, якое тычылася і саюзнікаў (Нямецкага ордэна і малдаўскага ваяводы).©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"
Каронная рада рыхтавалася пасля заканчэння тэрміну гэтай дамовы абвясціць вайну Ордэну. Да яе пачатку важна было заручыцца дапамогай саюзнікаў ці нейтралітэтам суседзяў. Свідрыгайла ж перад пагрозай новага польскага націску аднавіў дагавор з немцамі: 15 мая 1432 г. у Хрыстмемелі прадстаўнікі ордэнскага кіраўніцтва, рыцарства, прускіх ды інфлянцкіх гарадоў, з аднаго боку, а таксама баяры і гарады Літвы ды Русі, з другога, сваімі подпісамі пацвердзілі саюз паміж Вялікім Княствам і Нямецкім ордэнам.
Крыніцы:
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.