Пошукі кіраўніцтвам ВКЛ знешнепалітычных саюзнікаў.
На пачатку 1380-х гг. ВКЛ апынулася ў крызісным становішчы. Уніфікацыйная праграма Ягайлы сутыкнулася з моцным супрацівам другога роду Гедымінавічаў - нашчадкамі Кейстута. У выніку ўнутрыдынастычнай барацьбы нецэнтралізаванае Вялікае Княства, што ўяўляла сабой кангламерат розных зямель і этнасаў, аказалася расколатым. Абцяжараны Дубіскім пагадненнем з Ордэнам і не маючы сіл для спынення нямецкай экспансіі, каб утрымаць цэнтральную ўладу і тэрытарыяльную цэласнасць сваёй дзяржавы, Ягайла быў вымушаны шукаць падтрымку знешняга саюзніка. Першым разглядаўся варыянт саюзу з Маскоўскай Руссю. Дзякуючы такой арыентацыі Ягайлы ўжо на пачатку 1380-х гг. выявілася тэндэнцыя збліжэння Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай. Вялікі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі) наладзіў непасрэдныя зносіны з Ягайлам, і ў 1383-1384 гг. Масква і Вільня перайшлі ад канфрантацыі да палітычнага супрацоўніцтва. Ягайла праз сваю маці Ульяну - дачку цвярскога князя Аляксандра Міхайлавіча - дасягнуў папярэдняй дамоўленасці аб збліжэнні з вялікім князем Дзмітрыем Іванавічам. У 1384 г. паміж апошнім і Ульянай Аляксандраўнай было падпісана адпаведнае пагадненне. Яго ўмовамі прадугледжвалася, што Ягайла ажэніцца з дачкой маскоўскага князя Соф'яй, прыме праваслаўе і ахрысціць у тую ж веру сваіх суайчыннікаў. Да такога саюзу з Масквой прыхільна ставілася вялікая частка арыстакратыі Вялікага Княства, на якую і апіраўся Ягайла. Аднак падобны дзяржаўны саюз умацаваў бы пазіцыі беларуска-ўкраінскай большасці ВКЛ і паскорыў бы асіміляцыю літоўцаў. Да таго ж хрысціянства ўсходняга абраду не спыніла б агрэсіі Нямецкага ордэна, для якога русіны былі схізматыкамі, а не сапраўднымі хрысціянамі.
Ягайла. Фрагмент роспісу на кракаўскім Вавелі. XV ст.Па меркаванні некаторых даследчыкаў, якраз дыпламатыя Ордэна і захады Заволжскай Арды таксама перашкодзілі віленска-маскоўскаму збліжэнню. Ва ўсякім разе, ужо ў 1384 г. Ягайла адмовіўся ад саюзу з Масквой і аддаў перавагу планам уніі з Польшчай, ідэю якой адстойваў віленскі староста немец Ганул [1]. Збліжэнне з Польшчай больш адпавядала інтарэсам віленскага двара. Польскае каралеўства магло разгляДацца як стратэгічна найважнейшы саюзнік для барацьбы з Ордэнам. З аднаго боку, у адпаведнасці з тагачасным міжнародным правам прыняцце каталіцтва пазбавіла б Мальбарк галоўнай падставы нападаў на ВКЛ; з другога - для літоўцаў, якія складалі тады не больш за пятую частку насельніцтва Ягайлавай дзяржавы, саюз з палякамі і хрысціянства заходняга абраду давалі магчымасць не толькі захаваць сваё палітычнае дамінаванне ў ВКЛ, але і ўберагчыся ад рутэнізацыі, што набірала сілу [2]. Аднак яшчэ большую зацікаўленасць у збліжэнні з Літвой выявіў польскі бок.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"
У Польшчы якраз тады заставаўся вакантным каралеўскі трон. Пасля смерці каралевы, якая кіравала намесніцкай уладай, польскія паны вялі перамовы з венгерскім дваром аб запрашэнні на кракаўскі стол Ядвігі - непаўналетняй дачкі Людовіка Андэгавенскага (Анжуйскага), хоць яна ўжо была заручаная з Вільгельмам Габсбургам. Незалежна ад кантактаў з венгерскай сталіцай Будай у сакавіку 1383 г. пачаліся перамовы і з Ягайлам [3], у выніку якіх з'явілася ідэя выдання Ядвігі за вялікага князя літоўскага. Малапольскія паны, роля якіх у польска-літоўскім збліжэнні была асабліва вялікая, імкнуліся атрымаць землі Валыні і Падолля, а саюз з Венгрыяй выглядаў для іх менш прывабна. Магчыма, размовы пра гэты шлюб вяліся яшчэ летам 1384 г. [4], але першым бясспрэчным фактам існавання такога плана стала пасольства Ягайлы, якое прыехала ў Кракаў 18 студзеня 1385 г. і прасіла пасольскіх дастойнікаў выдаць Ядвігу за іх вялікага князя. Польскі бок прыняў прапанову і накіраваў сваіх прадстаўнікоў разам з літвінамі ў Буду, каб атрымаць згоду каралевы Эльжбеты.
Крыніцы:
- [1] Черепнин Л. Русские феодальные архивы XIV-XV вв. 4.1. M.; Л., 1948. С. 50.
- [2] Бардах Ю. Крэва i Люблін. З праблемаў польска-літоўскае уніі // Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мн., 2002. С. 25.
- [3] Wyrozumski J. Królowa Jadwiga. Między epoką piastowską i jagiellońską. Kraków, 1997. S. 78.
- [4] Szczur S. Negocjatorzy unii Polski z Litwą i ich kariery // Analecta Cracoviensia. Т. 18 (1987). S. 183-184.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.