Пачатак агрэсіі Тэўтонскага ордэна ў Прыбалтыцы.
Тэўтонскі ордэн быў заснаваны ў 1198 г. у Палесціне на базе шпіталя ў Іерусаліме, што ўзнік яшчэ ў 1118 г. Поўная яго. назва - "Ордэн шпіталя Найсвяцейшай Панны Марыі нямецкага дома ў Іерусаліме". Менавіта той факт, што ордэн быў закладзены пры шпіталі для параненых крыжаносцаў нямецкага паходжання, абумовіў яго неафіцыйную назву Тэўтонскі ці Нямецкі.
Першыя тэўтонскія рыцары, пакліканыя мазавецкім князем Конрадам для барацьбы з ваяўнічымі балцкімі плямёнамі прусаў, пасяліліся ў раёне Торуня ў 1230 г. Ужо праз год іх магістр Герман фон Балк пачаў змаганне з прусамі і да канца 1230-х гг. немцам удалося амаль падпарадкаваць іх (за выключэннем самбійцаў). Першае прускае паўстанне супраць тэўтонцаў, узнятае дзякуючы падтрымцы паморскага князя Свентаполка, скончылася паражэннем, зафіксаваным Хрыстбургскай дамовай 1249 г., другое (1260-1261) таксама не дало станоўчых вынікаў. Такім чынам, да 1274 г. супраціўленне прусаў было канчаткова падаўлена, а рэшткі іх, што не пажадалі падпарадкавацца, уцяклі на землі Літвы. Яшчэ ў 1267 г. страцілі самастойнасць плямёны куршаў, а ў 1272 г. і земгалы. Да 1276 г. рыцары заваявалі і Скалву, адкуль таксама многія карэнныя жыхары сышлі ў Літву. З 1277 г. Ордэн павёў барацьбу з ятвягамі. Ужо праз паўтара дзесятка год іх землі былі захопленыя, а апошні незалежны ятвяжскі князь Скурда ў 1283 г. пакінуў свой край і перайшоў за Нёман, на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. У тым жа годзе Тэўтонскі ордэн ажыццявіў напад на літоўскі замак Бізэну. "Скончылася вайна з Прусіяй. Пачалася вайна з Літвой", - запісаў на гэты конт храніст Пётр з Дусбурга [1]. Так Ордэн распачаў вайну з невялікай язычніцкай Літвой [2], вайну, якая абярнулася для яго амаль паўтарастагадовай цяжкай барацьбой з вялікай дзяржавай літвінаў і русінаў.
Агрэсія Тэўтонскага ордэна была скіраваная галоўным чынам на Жамойць ды на замкі сярэдняга Нёмана, але тэўтонцы не пакідалі ў спакоі і Беларускае Панямонне. Ужо праз год пасля пачатку вайны адбыўся першы паход нямецкіх рыцараў на Гародню, даволі поўна апісаны Пятром з Дусбурга. Летам 1284 г. прускі ландмайстар Конрад фон Тырберг, пераправіўшыся цераз Нёман з "моцным войскам", аблажыў і стаў штурмаваць гарадзенскі замак. Абаронцы доўга паспяхова адбівалі атакі, і ўсё ж рыцары ўварваліся ў замак, "пабілі ўсіх або забралі ў палон", умацаванні спалілі і, спустошыўшы ваколіцы, з вялікай здабычай вярнуліся ў ордэнскія ўладанні [3].
Стары замак у Гародні. Канец XIV ст.У канцы XIII ст. Ордэн яшчэ не быў гатовы да рэгулярнай вайны з ВКЛ, таму паходы рыцараў на Княства спачатку былі адносна рэдкімі. Напрыклад, у Беларускае Панямонне наступны паход адбыўся праз дзесяць гадоў. Актыўнасць рыцарскай дзяржавы стрымлівала і аддаленасць яе палітычнага цэнтра ад тэатра ваенных дзеянняў (да 1309 г. рэзідэнцыя вялікага магістра знаходзілася ў Венецыі). Замацоўваючы плацдарм у рэгіёне, рыцары будавалі на памежжы мураваныя замкі - свае апорныя базы. Так, яшчэ ў 1253 г. на марскім узбярэжжы паўстаў Мемель (цяпер Клайпеда). У 1289 г. рыцары ўзвялі свае замкі на Немане - Рагнет і Тыльзіт. Толькі пасля гэтага іх ваенныя акцыі пачасціліся.
Вялікае Княства Літоўскае напачатку недаацэньвала небяспеку з боку ордэнскай дзяржавы, і паходы на землі Польшчы літоўскія князі арганізоўвалі часцей, чым на Прусію [4]. Вайна з Ордэнам уплывала і на ваенную арганізацыю ВКЛ. Калі раптоўнасць нападу паспрыяла поспеху першых паходаў, дык пасля адбудовы замкаў Бізэна і Гародня вялікі князь Віцень узяў іх пад сваю апеку і ўвёў пастаянную гарнізонную службу, што павышала абараназдольнасць памежных фартэцый.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"
Перанос сталіцы Ордэна ў 1309 г. у Мальбарк азначаў, што яго ўлады адмовіліся ад ідэі вызвалення Святой зямлі і канчаткова аддалі перавагу сваім інтарэсам у Прыбалтыцы. Важнай вяхой у нарошчванні ваеннай сілы Ордэна стаў 1304 год, калі ў Прусіі пасля трыццацігадовага перапынку з'явілася першая партыя "гасцей" - крыжовых рыцараў з розных зямель нямецкай дзяржавы - Свяшчэннай Рымскай імперыі, што ехалі дапамагчы Ордэну ў яго барацьбе з новымі ворагамі хрысціянства - паганскай "Літвой". Дзякуючы прытоку еўрапейскага рыцарства ў XIV ст. Тэўтонскі ордэн валодаў бадай самым моцным ваенным патэнцыялам у цэнтральна-еўрапейскім рэгіёне, хоць памеры яго ўладанняў не перавышалі 58 тыс. кв. км, а самі немцы складалі толькі трэцюю частку насельніцтва гэтай дзяржавы.
Крыніцы:
- [1] Dusburg P. Cronica Terre Prussie // Scriptores Rerum Prussicarum (далей - SRP). Bd. 1. Leipzig, 1861. S. 146.
- [2] Пад словам "Літва" ў нямецкіх крыніцах разумелася дзяржава літоўскіх князёў, а не этнічная Літва.
- [3] Dusburg P. Cronica Terre Prussie. S. 147-148.
- [4] Ha польскія землі яны хадзілі ў 1290,1292, 1296,1300 i 1303 гг., тады як супраць Ордэна - толькі ў 1299, 1300 i 1302 гг.
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.