Асаблівасці першабытнай эпохі гісторыі Беларусі

М. Чарняўскі 29.10.2009

Першабытны перыяд нашай гісторыі не толькі самы працяглы, але і надзвычай важны, бо ў ім закладваліся асновы будучага развіцця краю, размешчанага на памежжы Заходняй і Усходняй Еўропы, на водападзелах рэк Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў.

У гэты час адбылося засяленне тэрыторыі Беларусі чалавекам - ад першага пранікнення на яе паўднёва-ўсходні край у палеаліце і да асваення ім узбярэжжаў вадаёмаў і нават водападзелаў ў жалезным веку. У першабытную эпоху чалавек дасягнуў вызначальнейшых поспехаў у сваім развіцці, заклаўшы асновы для болынасці адкрыццяў пазнейшых часоў:

  • ад кароткачасовых стаянак да паселішчаў і ўмацаваных гарадзішчаў, наякіх жылі многія сотні гадоў;
  • ад будаўніцтва лёгкіх прытулкаў з жэрдак, кары і скур да ўзвядзення складаных жыллёва-гаспадарчых, культавых і фартыфікацыйных збудаванняў;
  • ад прыкрыцця скурамі цела ад холаду да шыцця рознага тыпу вопраткі і абутку, не толькі са скур, але і з тканага палатна;
  • ад выкарыстання расшчэпленых камянёў, прымітыўна апрацаваных костак і палак да бронзаліцейнай вытворчасці, здабычы жалеза з балотнай руды, кавальства, зачаткаў шкларобства і ювелірнай справы;
  • ад начынняў з кары і пруткоў да высакаякаснага рознатыповага посуду з абпаленай гліны;
  • ад палявання, рыбацтва і збіральніцтва да вытвараючай гаспадаркі з жывёлагадоўляй і земляробствам, з наборам культурных раслін і свойскіх жывёл, характэрных і для пазнейшых часоў;
  • ад збірання паверхневага крэменю да распрацоўкі залежаў гэтай сыравіны шахтавым спосабам;
  • ад перамяшчэння пяшком ляснымі сцежкамі да вынаходніцтва чаўноў, лыжаў, саней і калясніц;
  • ад першабытнай стаднасці першапасяленцаў да родаплемянной арганізацыі і зараджэння элементаў дзяржаўнасці;
  • ад калектывізму і ўраўняльнасці ў сацыяльным уладкаванні да маёмаснай дыферэнцыяцыі і родаплемянной арыстакратыі;
  • ад першых прымітыўных узораў на камянях і костках да складанай і распрацаванай арнаментацыі, гравіровак, высокамастацкіх узораў аб'ёмнай пластыкі; ад падвесак з зубоў да біжутэрыі са шкла і металаў;
  • ад напаўжывёльнага ўспрымання асяроддзя і сябе да спроб іх асэнсавання праз мастацтва і рэлігію, да зачаткаў навуковых ведаў - батанікі, заалогіі, астраноміі, медыцыны, кліматалогіі і інш.

У першабытную эпоху на нашай тэрыторыі адбываліся складаныя этнічныя працэсы, яе неаднаразова краналі вялікія міграцыі плямён, пастаянна дзейнічалі фактары змешвання і асіміляцыі, ажно да фарміравання гістарычных супольнасцей балтаў і славян, якое адбывалася пры ўдзеле пэўных груп фіна-уграў, індаіранцаў, кельтаў, германцаў.

Размяшчэнне тэрыторыі Беларусі ў цэнтры Еўропы, на мяжы хваёвых і лісцёвых зон, а таксама зон атлантычнага і кантынентальнага клімату, на сумежжы ў познім каменным веку рэгіёнаў з прысвойваючай і вытвараючай гаспадаркай стваралі надзвычай своеасаблівую і плённую сістэму ўзаемаўплываў, спрыялі ўстанаўленню этнакультурных сувязяў паміж Усходняй і Заходняй Еўропай. 3 часу ж бронзавага веку пачынае праяўляцца фактар размяшчэння паміж Балтыйскім і Чарнаморскім басейнамі, дзе пераважавалі ўплывы з антычнага свету.

Пры адсутнасці пісьмовых крыніц цяжка рэканструяваць сацыяльныя адносіны ў першабытных супольнасцях. Па гэтых прычынах больш распаўсюджанай з'яўляецца археалагічная (тэхналагічная) перыядызацыя, якая падзяляе мінулае па характары сыравіны, што ішла на выраб прылад працы, - на каменны (каля 100 000 - 4 000 гадоў назад), бронзавы (каля 4 000 - 2 800/2 700гадоў назад) і жалезны (каля 2 800/2 700- 1500 гадоў назад) вякі. У сваю чаргу ў гэтых перыядах існуе і драбнейшы падзел, які паказвае асаблівасці і этапы іх развіцця. Археалагічная перыядызацыя не такая фармальная, як можа падацца на першы погляд, бо ўдасканаленне прылад працы адлюстроўвае эвалюцыю вытворчасці, а з апошняй можна звязваць з рознай ступенню верагоднасці сацыяльную, культурную і нават пэўным чынам этнічную гісторыю.

Пры археалагічных даследаваннях заўважана, што на пэўных тэрыторыях, найчасцей у басейнах буйных рэк, рэшткі жыццядзейнасці пешабытных людзей - жытло, прылады працы і зброя, рэчы побыту, упрыгожанні, сляды рэлігійных культаў - утвараюць характэрныя комплексы, якія адрозніваюцца ад археалагічных матэрыялаў з суседніх тэрыторый. Такія комплексы, якія існавалі на акрэсленых тэрыторыях і ў пэўны прамежак часу, навукоўцы аб'ядноўваюць у археалагічныя культуры. Ім надаюцца розныя, як правіла, умоўныя назвы - па тэрыторыі распаўсюджання (нёманская, паўночнабеларуская), характэрных рэчах (шарападобных амфар, баявых сякер), асаблівасцях арнаментацыі глінянага посуду (грабеньчата-накольчатай керамікі), пахавальным абрадзе (культура адзінкавых пахаванняў), назве мясцовасці, дзе ўпершыню выяўлены характэрныя паселішчы або могільнікі (нарвенская, сосніцкая), назве народа, які пакінуў пасля сябе гэтыя помнікі (гота-гепідская), і інш.

Лічыцца, што носьбітамі пэўнай археалагічнай культуры былі роднасныя між сабой плямёны, якія размаўлялі на адной мове або на блізкіх дыялектах. Але гэта назіралася далёка не заўсёды. Аднак комплексны і параўнаўчы разгляд матэрыялаў археалагічнай культуры з улікам старажытных назваў вадаёмаў і даных пісьмовых крыніц, калі яны ўжо маюцца, - пакуль што адзіная магчымасць выяўлення этнічных супольнасцей эпохі першабытнага грамадства.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.