АТРУБЫ, археалагічны помнік - гарадзішча жалезнага веку каля вёскі Атрубы Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Знаходзіцца за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок, на левым беразе ракі Бярэзіна. Адкрыта У.П.Ксянзовым у 1977. Раскопкі праводзіла Н.М.Дубіцкая ў 1983, 1997, 2000-06. Даследавана плошча 360 м2. Знойдзены керамічны посуд і крамянёвы наканечнік стралы эпох неаліту і бронзавага веку (культурны слой гэтага перыяду амаль не захаваўся). У 6-4 ст. да н.э. плямёны мілаградскай культуры збудавалі тут гарадзішча.

Гліняны посуд з гарадзішча Атрубы.
Выяўлены кераміка з "жамчужным" арнаментам і скразнымі праколамі, пасудзіны ранніх форм і прасліцы ранніх тыпаў. Трэці этап засялення звязаны з прыходам постзарубінецкага насельніцтва, верагодна, у 1-2 ст. Знойдзены наканечнік дроціка, кераміка з насечкай і ўцісканнем па краі і пад знешнім краем вянца, падглянцаваны посуд. А. адносяць да мілаградскіх гарадзішчаў. Прасочваецца ўплыў суседніх культур (юхнаўскай, штрыхаванай керамікі).
Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.