Камянецкая вежа

Камянецкая вежа. Галіцка-валынскі летапіс пад 1276 г. захаваў прыгожы аповяд пра заснаванне Камянца валынскім князем Уладзімірам Васількавічам: "I затым уклаў Бог добрую думку ў сэрца князю Уладзіміру, задумаўся ён, каб дзе- небудзь за Бярэсцем збудаваць горад. І ўзяў ён кнігі прарокаў, у думках кажучы сабе: "Госпадзе Божа, моцны і ўсемагутны, які сваім словам стварае і разбурае, што Ты, Госпадзе, укажаш мне, грэшнаму рабу свайму, тое я і зраблю". Разгарнуў кнігу, і выпала яму прароцтва Ісайі: "Дух Госпада на мне, дзеля яго Бог памазаў мяне дабравесціць жабракам, паслаў мяне вызгаяць сэрцы ў скрусе, аб'явіць палонным вызваленне і сляпым вяртанне зроку ... іх назавуць народам праведным, садам Гасподнім у славу яго, і забудуюць пустэчы вечныя, раней запусцелыя, адновяць разбураныя гарады, апусцелыя з даўнейшых родаў". Князь Уладзімір з гэтага прароцтва зразумеў міласць Боскую да сябе і пачаў шукаць адпаведнае месца, дзе б паставіць горад. Зямля ж гэтая запусцела за 80 год пасля Рамана. А цяпер Бог адрадзіў яе міласцю сваёю. I паслаў Уладзімір разумнага мужа па імені Алекса, які пры бацьку яго многія гарады пабудаваў, з тубыльцамі ў чаўнах уверх па рацэ Лосне, каб знайсці, дзе паставіць горад. Той знайшоў такое месца, прыехаў да князя і пачаў расказваць. Князь жа сам паехаў з баярамі і слугамі і ўпадабаў тое месца над берагам ракі Лысны. Расчысціў яго і потым зрубіў на ім горад і назваў яго Камянец, таму што зямля была камяністая" [1].

Назва горада можа паходзіць і ад "стоўпа каменнага" (бо камянёў на навакольным полі было не так ужо многа). Згодна з Галіцка-валынскім летапісам час пабудовы вежы - паміж 1276 і 1288 гадамі. Заснавальнік любіў бываць у сваім новым замку, досыць непрыступным і блізкім да пушчы. Магчыма, і будаваў ён нечуваную вежу на краі княства не толькі дзеля абароны ад агрэсіўных ятвягаў, але і як рэзідэнцыю, якая стаіць далёка ад небяспечных татараў. У 1287 г. Уладзімір Васількавіч, ужо хворы, каб ухіліцца ад сустрэчы з татарамі, з Любомля прыехаў у Бярэсце і, прабыўшы там два дні, паехаў у Камянец. "І тут, у Камянцы, ён ляжаў у хваробе сваёй, і сказаў ён княгіні сваёй і слугам: "Як толькі пойдзе гэтая погань (Целябуга з татарамі. - А.Я.) з нашай зямлі, тады паедзем у Любомль". Неўзабаве прыехалі да яго ў Камянец слугі і апавялі, што брат яго Мсціслаў раздае сваім прыхільнікам яго сёлы. Уладзімір паслаў пісьмо брату з папрокамі, і прыехаў да яго пасол Мсціслава выказаць пакорлівасць. Супакоены Уладзімір паехаў з Камянца ў Рай (горад) і там прадыктаваў завяшчанне, у якім, дарэчы, упершыню згаданы Кобрын.

Камянецкая вежа
Макет камянецкага замка XIII ст.

Пасля смерці Уладзіміра Васількавіча (1289 г.) пачалася барацьба паміж братам яго Мсціславам і пляменнікам Юрыем за спадчыну (сваіх дзяцей у князя не было). Мсціслаў хацеў паслаць засады (гарнізоны) у Бярэсце, Камянец і Бельск, аднак там ужо была засада Юрыя. Выявілася, што калі Уладзімір быў яшчэ хворы, берасцяне паехалі да Юрыя і цалавалі крыж, кажучы: "Як толькі не будзе твайго дзядзькі, то мы твае і горад твой, а ты наш князь". Дазнаўшыся пра смерць Уладзіміра, Юрый уехаў у Бярэсце і пачаў княжыць па радзе сваіх маладых баяр і берасцян. Калі ж Мсціслаў прыгразіў паклікаць на дапамогу татар, Юрый ад'ехаў з Бярэсця, "абрабаваўшы ўсе дамы свайго дзядзькі, і не засталося каменя на камяні і ў Бярэсці, і ў Камянцы, і ў Бельску". Мсціслаў прыехаў у Бярэсце, але прабыў там нядоўга, а паехаў у Камянец і Бельск, паставіў там засады, і рады былі гэтаму ўсе мясцовыя жыхары.

У 1-ай палове XIV ст. Камянец увайшоў у Вялікае княства Літоўскае і пры падзеле спадчыны Гедыміна дастаўся Кейстуту. Горад моцна пацярпеў ад набегаў тэўтонскіх комтураў у 1375, 1378 и 1379 гг. Зяць Кейстута мазавецкі князь Януш у 1382 г. заняў Драгічын, Мельнік, Сураж і Камянец, нібыта як пасаг жонкі Дануты. У 1383 г. Ягайла пасля тыднёвай аблогі заняў замак, але неўзабаве ўступіў Камянец і ўсю берасцейскую зямлю Вітаўту. У часы Крэўскай уніі і барацьбы Вітаўта за суверэнітэт ВКЛ Ягайла заняў Камянец і паставіў у ім польскі гарнізон (1389 г.). Пасля прымірэння Ягайла і Вітаўт часта сустракаліся тут для нарады і палявання ў пушчы. Праз Камянец пралягаў важны шлях з Кароны (Кракаў-Люблін) у ВКЛ - на Гародню, Вільню і далей на ўсход; бывалі ў замку паслы з Еўропы, Ноўгарада і Пскова; у 1409 г. легат папы Аляксандра V уручыў тут каралю Ягайле булу пра нелегітымнасць двух антыпапаў; сюды на сустрэчу з Вітаўтам прыязджаў у 1421 г. пасол англійскага караля Жыльбер дэ Лануа. У 1526 г. пра горад Камянец "з мураванай вежай у драўляным замку" згадвае ў сваіх "Запісках" Сігізмунд Герберштэйн, пасол германскага імператара ў Масковію.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа. Злева - драўляная сінагога. Малюнак Напалеона Орды. 1876 г.

Дзякуючы свайму замку, Камянец ад 1413 г. з'яўляўся цэнтрам павета ў Троцкім і Падляшскім ваяводствах, але ў 1569 г. увайшоў у Берасцейскі павет і ваяводства. Горад і замак так моцна пацярпелі ад вайны ў сярэдзіне XVII ст., што сейм у 1661 г. вызваліў Камянец ад падаткаў на 4 гады. Пасля маскоўска-шведскага нашэсця замак страціў ваеннае значэнне, застаўшыся толькі дваром - цэнтрам староства. Інвентары Камянецкага замка XVIII ст. сведчаць пра пакінутасць вежы. Уезд у замак з боку горада вёў праз браму на вале, далей па мосце цераз роў, праз другую браму, па баках якой знаходзіліся карцары (замак выконваў і функцыі вязніцы). За ровам па перыметры двор быў абнесены вастраколам. Усе пабудовы былі драўлянымі, шкло ў вокнах апраўлена рамкамі з дрэва і волава, камін з ляпнінай, пры ім печ кафельная з арламі... "За межамі замка на вале вежа, пад якой ёсць сховішча з дзвярамі ў яго на верхні ярус... Ніжні ярус без дзвярэй і якога-небудзь закрыцця, гэтая вежа зверху замуравана, у сярэдзіне паруйнавана, у вокнах няма шкла" (1728 г.).

У 1757 г., калі староства дзяржаў гетман Міхал Казімір Радзівіл, на дзядзінцы ўжо стаяў драўляны палац, нядаўна пабудаваны, з шасцю пакоямі, сталовай і залай, у якой па вуглах стаялі два каміны-шкафчыкі, а ў кабінетах - чатыры круглыя печкі. Топка печаў знаходзілася пад залай у падвале са скляпеннямі. (У 1896 г. на месцы замка стаялі будынкі мужчынскага і жаночага вучэльняў. Калі пры будоўлі капалі ямы для іх фундаментаў, знайшлі пад зямлёй цагляную муроўку. Напэўна, гэта быў падвал палаца, згаданага вышэй. Сярод жыхароў існавала паданне, што паміж палацам і вежаю ёсць падземны ход.)

Замак быў абведзены ровам і штакетнай агароджай. "Замкавая вежа круглая, высокая, мураваная, мае пад сабою склеп, напалову са скляпеннем. Да ўвахода ў склеп прыбудаваны тамбур з распілаваных бярвёнаў, з уваходнымі дзвярамі на завесах. Уваход у склеп ішоў праз такія ж дзверы, толькі з жалезнымі кратамі. Да вежы нядаўна прыбудаваны сені з абчэсанага дрэва, з дзвярамі і падлогай з дошак, і ў саму вежу вядуць такія ж сасновыя дзверы з плах, якія маюць шэсць фрамуг і падлогу з дошак". Пра верхнія ярусы ў інвентары 1757 г. не гаворыцца ні слова, відаць, яны ўжо ніяк не выкарыстоўваліся. Урэшце, у 1761 г. у Камянцы стаяў полк драгунаў, і цікаўны Удальрык Радзівіл, які служыў у ім, з афіцэрамі назіраў рэдкую астранамічную з'яву - праходжанне Венеры праз дыск Сонца. Тады яшчэ ніхто не зацікавіўся паходжаннем і гістарычнай каштоўнасцю вежы.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа.

Апошні вядомы інвентар Камянецкага замка за 28 снежня 1822 г. апісвае радавы скарбавы двор, не згадваючы ні пра валы, ні пра равы. Вежа аказалася ўжо зусім за яго межамі, з яе пачынаюць здабываць цэглу. "На правым баку за замкавым дзяцінцам стоўп, ці старажытная вежа, з цэглы вымуравана, вакол яе ўнізе штабель вынятай цэглы, пад ёю падвал з новым прыбудаваным тамбурам з сасновага дрэва, накрытым дранкай, з лесвіцай, умураванымі вушакамі і дзвярамі. З другога боку вежы зроблены склад... Наверсе вежы скляпенне з цэглы дзіравае. Унізе - лесвіца для магчымасці рамонту ўверсе гэтага будынка".

Здзіўляе, што ў 1826 г., адразу пасля драматычнага ўступлення на трон, імператар Мікалай I загадаў не разбураць старажытныя пабудовы, у прыватнасці замкі, аднак і рамантаваць толькі вароты ў іх ці патрэбныя памяшканні. Міністэрства ўнутраных спраў запатрабавала ад губернатараў звесткі пра наяўнасць такіх старажытнасцяў. Гродзенскі грамадзянскі губернатар К.В. Максімовіч накіраваў запросы павятовым спраўнікам. 3 лістапада 1827 г. атрымана данясенне з Брэста "аб наяўнасці мураванага стоўпа ў Камянцы, які належаў графам Веліогурскім". Спраўнік абмераў стоўп і паведаміў, што вышыня яго 35,5 аршына, акружнасць - 48 аршынаў, таўшчыня сцен 3 аршыны. "Цэгла зусім не папсутая, і паколькі (стоўп) збудаваны са старажытнага добрага матэрыялу, то цэгла амаль скамянела, і гэты стоўп вельмі трывалы, а толькі як у сярэдзіне было некалькі паверхаў, то верхнія падлогі пашкоджаны".

Спраўнік не змог выясніць, калі і для чаго пабудаваны "слуп, ці вежа", якая здаўна знаходзіцца ў Камянцы, але даведаўся, што калі ў мястэчку была Магдэбургія, то гэты слуп у якасьці герба быў паказаны на пячатцы. Мясцовыя жыхары выказвалі розныя версіі. Адны казалі, што вежа пабудавана нейкім удзельным князем, каб у яе пасадзіць за злачынствы свайго роднага брата, і другая такая ж нібыта была пабудавана ў Камянцы- Падольскім ці ў Хэлме для арышту другога брата злачынцы. Іншыя лічылі, што калі ў тутэйшых месцах жылі ятвягі, вежа ўжывалася для абароны і ў ёй маглі змяшчацца некалькі соцень чалавек на адным паверсе, а іх было тры. "Каля той вежы ёсць замак, пабудаваны з дрэва на насыпным вале, з аднаго боку ракою і з трох бакоў равамі абведзены, і ў часы бітваў, калі замак быў абложаны, то гарнізон, які абараняў мястэчка, размяшчаўся ў такіх пабудовах і адтуль праз вакенцы кідаў патрэбныя для паратунку снарады". У дакладзе спраўніка змяшчаецца гіпотэза паходжання назвы Белавежскай пушчы ад назвы вежы, якая калісьці называлася Бела Вежа з-за таго, што яна была пабелена вапнаю, "чаго і зараз засталіся на ёй сляды".

У 1837 г. Ігнат Кулакоўскі прысылае губернатару ў Гродне пераклад з французскай мовы "Стоўп Камянца Літоўскага" і карціну з выявай вежы. У тэксце ўказана дата заснавання Камянца - 1276 г. У "Гродзенскіх губернскіх ведамасцях" за 1845 г. быў надрукаваны артыкул "Вежа ў Камянцы Літоўскім", падпісаны "Іг. К.". Аўтар (Ігнат Кулакоўскі) пісаў, што ў 1837 г., калі ён быў у Пецярбургу і Маскве, прагледзеў у музеі Румянцава Валынскі летапіс, знойдзены ў 1809 г. Далей падаецца летапіснае апавяданне пра заснаванне Камянца, але выказаны наіўны матыў пабудовы стоўпа: на памяць аб знаходжанні тут князя. Паведамляецца, што ўнутры яшчэ засталіся рэшткі драўляных ступеняў, а ад паловы вышыні(?) вядуць уверх ступені, выкладзеныя ў сценах. Каменныя скляпенні з дзіркамі, у 1834 г. яшчэ быў наверсе купал, таксама дзіравы. Унізе вежы знаходзіліся прасторныя паграбы.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа.

У тым жа годзе гродзенская будаўнічая камісія накіравала памочніка архітэктара Калянкевіча ў Камянец з заданием апісаць вежу. Ён абмежаваўся кароткай справаздачай: вежа мае пяць паверхаў, драўляныя перакрыцці і цаглянае скляпенне ўверсе зусім абваліліся.

У кнізе "Старажытная Польшча", надрукаванай у Варшаве ў 1846 г., Міхал Балінскі сціпла апісаў стан Камянца і вежы: "...цяпер кволае мястэчка, толькі адзін гэты стоўп, без ужытку ўжо амаль пяць вякоў, тырчыць сваімі руінамі над грудай нізкіх халуп. Унутры гэтага самавітага помніка захаваліся нават рэшткі дубовых сходаў Бог ведае якіх часоў, але ад паловы вышыні ідуць уверх ступені ў сцяне; скляпенні, хоць і дзіравыя, як рыбалоўная сетка, але яшчэ трымаюцца, пад вежай прасторныя падвалы" [2]. З Балінскім аглядаў і абмяраў вежу суседні памешчык І.А. Херсонскі, які зрабіў прыгожы малюнак. Апісанне Гродзенскай губерні М. Баброўскага (1862 г.) таксама адзначае ў вежы мураваныя ступені і дубовыя бэлькі.

Пытанне аб рамонце вежы ўзнікла ў 1853-1866 гг., магчыма, пад уплывам сумнага лёсу Каложскай царквы. У гэты час Камянецкі двор належаў памешчыку Касаржэўскаму. У гродзенскай будаўнічай камісіі знайшлі план вежы, невядома калі і кім начэрчаны, але ніякія працы не выконваліся.

У 1869-1881 гг. улады зноў зацікавіліся Камянецкай вежай. Звесткі з губернскай будаўнічай камісіі не даюць нічога новага ў параўнанні з ранейшымі; адзначана, што мясцовыя жыхары называюць вежу "стаўпом", а таксама, што пограб унізе пад ёю быў перакрыты скляпеннямі. Тады ж у Пецярбургу з'явілася публікацыя І.І. Сразнеўскага, які пераказаў пісьмо Будзіловіча за 2 жніўня 1864 г. з апісаннем Камянца і вежы. Будзіловіч (яшчэ студэнт Пецярбургскага універсітэта, пазней вядомы славяназнаўца) даслаў Сразнеўскаму малюнкі драўлянай царквы і вежы, а таксама свае назіранні. "Таўшчыня зубчатых сцен вежы (1 сажань і 2 вяршкі) дае падставу лічыць, што яна з'яўлялася ў свой час крэпасцю. Вышыня вежы 12 сажняў 2 аршыны, дыяметр 6 сажняў. Ад паўночнага ўсходу яе відаць за 15 вёрст. Гара на беразе ракі па ўсіх прыкметах насыпная: пра гэта сведчыць правільны круглы выгляд і круты пад’ём на 2 сажані. У вежы 4 паверхі; 1-ы захаваў скляпеністую столь, іншыя - згнілыя драўляныя бэлькі. Вокны вузкія (4 вяршкі), даўжынёю ў рост чалавека, толькі на 4-ым паверсе чатыры вялікіх акны ў чатыры бакі свету і пятае вузкае. Уверсе скляпенне, сцены закончаны тупымі зубцамі. Зверху скляпенне было пакрыта пластом пяску, зарасло пустазеллем і дрэвамі. Унізе вялікае каменнае сутарэнне. Пабудавана з чырвонай цэглы; звязка і вапнавая цэгла так зацвярдзелі за вякі, што ўвесь стоўп нібы адзін вялікі камень. Памешчык, нябожчык Касаржэўскі, спрабаваў разбіць на цэглу, але не змог. Цяпер стоўп стаіць пусты, ні на што не годны". Мясцовыя жыхары ўспаміналі, што яшчэ гадоў дзесяць назад у нядзелю і ў святы над стаўпом вывешвалі харугву. Пакуль ішло богаслужэнне, нельга было пачынаць гандаль на рынку. Апавядалі, нібыта будавалі стоўп веліканы, стоячы на каленях; казалі таксама, што стоўп - гэта надмагільны помнік велікану. Але нейкі археолаг паведаміў Будзіловічу, што стоўп збудавалі валынскія князі ў XIII ст. як пагранічную крэпасць.

У 1881 г. у "Литовских епархиальных ведомостях" святар Балабановіч апісаў стан Камянецкай вежы 1879 г. Паверхня насыпнога ўзгорка няроўная, так што помнік "стаіць у катлавіне, у якую часткова сцякае вада пры раставанні снегу ці дажджы. Вышыня яго 16 сажняў, дыяметр больш за 6. Цэгла трох колераў: цёмна-жоўты, цёмна-чырвоны, цёмна-буры. Сцены бура-чырвонага колеру. Унізе, каля ўвахода ў другі паверх, яны выкрышыліся, асабліва ў самай ніжняй частцы. Гэтыя выемкі глыбінёй у дзве з паловай цагліны ўтварыліся ад дзеяння стоку вады і чалавечых рук. Тупыя зубцы ўверсе параслі зеллем, часткова паападалі. Верхняе скляпенне, па звестках жыхароў, упала некалькі год таму, але не раней 1864 г. Унутры ніякіх слядоў ад паверхаў, толькі выемкі, дзе былі бэлькі, груды пабітай цэглы ляжаць на самым ніжнім скляпенні". У час паўстання 1863 г. у вежы быў ваенны цэйхгауз, нават стаялі гарматы.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа.

Балабановіч налічыў у вежы чатыры паверхі, у тым ліку падвал з ацалелым скляпеннем і круглай адтулінай пасярэдзіне. Уваход у падвал не зачыняўся. Уваход на другі паверх па загаду станавога прыстава быў забіты дошками, але дзеці ўсё-такі цягалі адтуль цэглу. Аўтар заўважыў сляды тынку ўнутры верхняга паверха. Ён апісаў размяшчэнне акон па паверхах і іх форму. "Гадоў 20 таму (у сярэдзіне XIX ст.) вежа яшчэ была абведзена агароджаю, ад якой не засталося і следу. Цяпер вакол вежы гразь і гной, з-за чаго нязручна нават яе агледзець. Нячыстыя жывёлы знаходзяць прытулак у пограбе і выкрышаных месцах сцен знадворку".

Камянецкім дваром, адпаведна і вежай, ад 1798 г. валодаў граф Вяльгорскі, затым Касаржэўскі, пасля 1863 г. - рускі памешчык Іваноў. У 1879 г. двор быў куплены на імя Штарка, інспектара народных вучылішчаў, і Балабановіч баяўся, што стоўп неўзабаве могуць ператварыць у свіран або склад. Утварылася грамадская камісія для захавання старажытнага помніка, якая мела намер аднавіць верхняе скляпенне вежы і абгарадзіць тэрыторыю, але гэтага не адбылося.

У 1899 г. па просьбе Імператарскай археалагічнай камісіі акадэмік архітэктуры Ул. В. Суслаў даследаваў Камянецкую вежу і склаў праект яе рэстаўрацыі. Імператар Мікалай II наказаў абмежавацца неабходнымі работамі: 1) аднавіць знешнюю абліцоўку сцен і ваконных праёмаў там, дзе яна пашкоджана; 2) паправіць зубцы па чарцяжу акадэміка Суслава і накрыць іх каменнымі плітамі; 3) унутры вежы наверсе зрабіць канічны дах, які не павінен узвышацца над зубцамі і аснова якога павінна знаходзіцца на ўзроўні паміж зубцамі для стоку вады. Работы былі выкананы ў 1903 г.: закладзены цэглай разбураныя ўчасткі сцен і зубцоў, пакладзены драўляныя бэлькі і перакрыцці паміж паверхамі. 10 тысяч штук цэглы для рэстаўрацыі вырабіў селянін Матыкальскай воласці Сямён Дранюк. Муроўку выканаў майстар з Гродна Адам Арцішэўскі [3]. Апрача таго, быў адкінуты ад сцен вежы слой зямлі глыбінёю 3 м і абкладзена каменнямі паверхня вала, які пры гэтым утварыўся. Такім чынам, адкрыўся знадворку ніжні ярус вежы, які ў інвентарах лічыўся падвалам (мяркуючы па камянях у сценах унутры, ён і служыў складам-"лядоўняй" для захоўвання прадуктаў).

Вежы накшталт Камянецкай былі таксама ў Бярэсці і Гродне; дзве захаваліся каля Холма, аднак яны значна саступаюць Камянецкай па памерах і архітэктурна-будаўнічых якасцях. У муроўцы Камянецкага стоўпа, у адрозненне ад Холмскіх, не скарыстаны палявы камень. Для будоўлі спатрэбілася амаль паўмільёна цаглін памерамі каля 26,5x13,5x8 см, цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру. Для лепшай звязкі з растворам на адной плоскасці цэглы зроблены падоўжныя раўчукі (нібы ад пальцаў рукі). Якасна выканана і муроўка на вапнавым белавата-шэрым растворы, таўшчыня швоў 2-4 см. Для звязвання радоў цэглы ў іх чаргуюцца два "лажкі" і адзін "тычок" (балцкая ці вендская муроўка). У сценах вежы за шмат вякоў не адбылося значных страт ад прыродных уздзеянняў. Сцены ўверх становяцца крышку танчэйшымі, утвараючы знадворку невялікі нахіл да вертыкальнай восі. Яны не маюць ніякіх гарызантальных ці вертыкальных падзелаў, прарэзаны толькі вокнамі-байніцамі, толькі ў самым версе вежа аздоблена поясам з чатырох радоў парэбрыка. У першым ярусе - дзве байніцы, у другім і трэцім - па тры, у чацвёртым - дзве і шырокі праём са сціплым гатычным парталам. Гэта, напэўна, старажытны ўваход, звернуты ў бок ракі, да яго пазней дадалі балкон. У пятым ярусе чатыры байніцы з раскрыццём унутр і на двор, а паміж імі плоскія нішы з паўцыркульным верхам, калісьці тынкаваныя і пабеленыя. Ступені ў сцяне пачынаюцца пасля 3-га яруса і выводзяць на верх вежы з 14 зубцамі, у іх невялікія адтуліны, якія служылі для назірання ў час варожага абстрэлу. Знадворку і ўнутры ў муроўцы сцен засталося мноства рэгулярных паглыбленняў, у якіх мацаваліся будаўнічыя рыштаванні. Пры археалагічных даследаваннях М.А. Ткачовым быў выяўлены пад вежай фундамент, раней невядомы, глыбінёй 2,3 м і дыяметрам каля 16 м з палявога каменю і засыпкай чыстым дробным пяском [4]. Вежа першапачаткова была падзелена ўнутры на пяць ярусаў дошкавымі перакрыццямі па драўляных бэльках у рознай колькасці. Паміж 2-ім і 3-ім ярусамі перакрыцце трымалася на двух узаемна перпендыкулярных радах бэлек у разліку на большую нагрузку. Невядома, калі над двума ніжнімі ярусамі былі выкладзены скляпенні; хутчэй за ўсё, на схіле готыкі, а не ў XIX ст., як лічыў М.А. Ткачоў. Ён жа слушна сцвярджаў, што вежу не бялілі да 1950-ых гг. і не з ёю звязана назва Белавежскай пушчы.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа. Уваход у ніжні ярус вежы і муроўка сцяны

Камянецкая вежа-данжон уяўляе сабою унікальны помнік ваеннага дойлідства на ўсходнеславянскіх землях. Узнікнуўшы ў Нармандыі, гэты тып абарончага будынка ў XI-XIII стст. распаўсюдзіўся па Заходняй Еўропе, дасягнуўшы зямель Заходняй Русі. Строгі масіўны воблік вежы нагадвае раманскую архітэктуру, але стрэльчатыя і трохлопасцевыя завяршэнні праёмаў, а таксама яе стромкасць даюць падставы прылічваць яе да самых ранніх помнікаў готыкі на беларускіх землях. Ад 1950 г. вежа з'яўляецца філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Гісторыя Камянца звязваецца ў нашым уяўленні найперш са знакамітай вежай, менш вядомы падзеі яго культурнага і царкоўнага жыцця, пачатак якому паклаў князь Уладзімір Васількавіч, празваны Філосафам, які заснаваў тут першую царкву Дабравешчання і забяспечыў яе іконамі і літургічнымі кнігамі. Апісанне Камянца 1562 г. указвае ў ім чатыры царквы: Дабравешчання, Уваскрэсення, Нараджэння Хрыстова і Святога Сімяона. Дабравешчанская перастала існаваць у 1654 г. Царква Нараджэння Хрыстова характарызуецца ў 1579 г. як вельмі састарэлая, але з іканастасам. У 1797 г. царква згарэла ў час пожару мястэчка, захавалася толькі цудатворная ікона Маці Божай "древнейшей прекрасной живописи" (тыльны бок ліпавай дошкі абгарэў, але лікі засталіся непашкоджанымі). Прыхаджане сумесна набылі багатую сярэбраную пазалочаную шату і вялікія вянцы. Пасля скасавання прыхода ў 1835 г. ікона была перанесена ў Сімяонаўскую царкву і змешчана на горнае месца. Народ асабліва шанаваў гэту каштоўную святыню [5].

Уваскрэсенская царква ўпершыню згадваецца ў 1562 г. У 1637 г. кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла заснаваў манастыр з царквою Уваскрэсення. Пабудавалі царкву мяшчане, служылі ў ёй толькі манахі, вярхоўная ўлада належала кіеўскаму мітрапаліту; першым ігуменам быў Макарый Такарэўскі. Зямельную маёмасць манастыра пацвярджалі каралі Уладыслаў IV Ваза (1639 г.), Міхал Карыбут Вішнявецкі (1670 г.), Ян III Сабескі (1676 г.). Манастыр згадваецца апошні раз у 1726 г. Храм, які стаяў на Літоўскай вуліцы, да 1782 г. так збуцвеў, што літургічныя прылады з яго былі перанесены ў царкву Святога Сімяона, але да канца XVIII ст. адноўлены, а ў 1835 г. прыпісаны да Сімяонаўскай царквы. Пахіленую ад старасці царкву апісаў Будзіловіч у лісце да І.С. Сразнеўскага: "Я не знаўца тэорыі мастацтва і не магу вызначыць, да якога стылю належаць адмысловы насценны жывапіс і абразы гэтай царквы, але і для нявопытнага вока яна ўяўляе штосці асаблівае, рэдкасць у мясцовым краі. Іканастас у ёй невялікі і царскія вароты вельмі малыя. Намесная ікона Спасіцеля, відавочна, падноўлена няўдала. Храмавы абраз Уваскрэсення досыць арыгінальны: унізе мноства дэманаў - у свіных і іншых выявах. Затое жывапіс усходняй запрастольнай сцяны выдатны. Дванаццаць апосталаў ва ўвесь рост і дзесяць святаў, усе са славянскімі надпісамі, добра захаваліся і дасканалага жывапісу. Многа абразоў перанесена з Уваскрэсенскай у новую Сімяонаўскую, усе цудоўнага жывапісу. Ды яшчэ пры ўваходзе ў старую царкву ўражваюць два абразы рэдкім майстэрствам жывапісу. Сцены размаляваны таксама досыць па-майстэрску, але ўжо ў часы добрай памяці Уніі - пад моцным уплывам лацінскага жывапісу. Святыя ў выглядзе манахаў пад кронамі дрэваў моляцца з незвычайнай пакорай і горка плачуць пра слодычы раю - гэта кантраст праваслаўнай выяве сузіральнага пустэльніка, хаця б св. Ануфрыя, яго абраз таксама ў царкве. Шаты святых усе звычайныя, часам дапасаваныя да палесцінскага клімату, апрача шышака, шчыта і кап'я, досыць своеасаблівых. Свецкага жывапісу накшталт партрэтаў я не знайшоў, было калі зняць". Турбуючыся, што царкву пераробяць, Будзіловіч пісаў: "Сумна думаць, што выдатны, хоць крыху пацямнелы, жывапіс можа трапіць пад руку якога-небудзь правінцыяльнага маляра, які не пасаромеецца перарабіць усё на свой густ, ці што даўніна трапіць на паддашак..." [6]. На жаль, прадказанне Будзіловіча збылося: ад Уваскрэсенскай царквы нічога не захавалася.

Камянецкая вежа
Камянецкая вежа. Панарама верхняга яруса са скляпеннем

З 1835 г. у Камянцы застаўся адзіны Сімяонаўскі прыход. У 1759 г. на месцы старой царквы была пабудавана новая, з двухвежавым фасадам і купалам. 29 верасня 1839 г. яна стала саборам. Храмавы абраз іканастаса ў канцы XIX ст. намаляваў віленскі мастак І.П. Трутнеў. Звон вагою каля 500 кг з выявамі Спаса, Маці Божай і Святога Мікалая быў выліты ў 1887 г. на заводзе Самгіна ў Маскве. У 1912-1914 гг. па праекту архітэктара В.А. Срока на высокім узгорку пабудаваны новы мураваны Свята-Сімяонаўскі сабор з пяццю купаламі і высокай шатровай званіцай над бабінцам [7]. У 1920-ыя гг. жыхарка вёскі Пруска Феадосія Піліпаўна Трайчук у памяць сына-лётчыка, які загінуў ў 1918 г. у Францыі, і рэгент хору Сямён Паўлавіч Карнялюк купілі ў храм трох'ярусны разны дубовы іканастас, выкананы ў 1912 г. для бакавога прыдзелу сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве.

Са старажытным Сімеонаўскім храмам, напэўна, звязана выдатная Чэцця-Мінея 1489 г.[8] перапісаная сынам святара Бярозкаю з Навагрудка (зараз знаходзіцца ў Кіеве). На адной з яе старонак надпіс кінаварам паведамляе месца напісання, імя і паходжанне пісца: "Списана бысть книга сия, нарицаемая четья въ граде оу камянци при великомъ короли андреи в лето 6997, а тогды держалъ от короля камянец панъ третина кухмистръ, а писал сию книгу березка с Новагородка с Литовского поповичь попа литовоцкого с(ы)нъ Семионовъ Долъбнича и в митрополии а п(и)сал есми от початка книги сам от дошки до половины от с(вя)того семиона до сорок с(вя)тых...". Дзіўным здаецца ў надпісе згадка пра караля Андрэя, таму што каралём у 1489 г. быў Казімір Ягелон. Але запіс у кароткай "Хроніцы Вялікага княства Літоўскага" (Альшэўскі кодэкс): "...король Андрей Казимир умер лета (от) божьего нарожения 1500" - паказвае нам, што Казімір Ягелон меў і другое імя. Вядомы кіеўскі прафесар М.І. Пятроў лічыў, што ў надпісе маецца на ўвазе Камянец Літоўскі (знойдзены рукапіс недалёка адсюль, у Седлецкай губерні). Ён адзначыў у царкоўнаславянскім тэксце наяўнасць паўднёварускіх (украінскіх) і беларускіх слоў, што характэрна для Брэсцкага рэгіёна. Бясспрэчна лічыў рукапіс "заходнерускім" А.І. Сабалеўскі. На прызначэнне кнігі для нейкай Сімеонаўскай царквы, якая знаходзілася калі не ў Камянцы, то не далее чым у Брэсце, дзе здаўна існаваў праваслаўны манастыр Святога Сімяона Стоўпніка, можа сведчыць і тое, што бацьку пісца, святара царквы ў Літоўцы (пад Навагрудкам), звалі Сімяон Доўбніч, а пачаў Бярозка працу над рукапісам у дзень Святога Сімяона.

Валынскі летапісец пранікнёна падвёў вынік жыцця князя Уладзіміра Васількавіча, які памёр у Любомлі 10 снежня 1289 г.: "Ён быў многаразумны кніжнік і філосаф, якога не было на ўсёй зямлі і пасля яго не будзе. Тым, хто прасіў, даваў, голых адзяваў, даўжнікоў выкупляў... за гады княжання свайго многія гарады збудаваў пасля бацькі свайго. Пабудаваў ён Бярэсце, а за Бярэсцем пабудаваў горад на пустым месцы, названым Лестне, і даў яму імя Камянец... У ім ён пабудаваў каменную вежу вышынёю ў 17 сажняў, вартую здзіўлення ўсіх, хто яе бачыць. I паставіў царкву Благавешчання Святой Багародзіцы, і аздобіў яе іконамі залатымі, і скаваў сярэбраныя сасуды служэбныя і паклаў у ёй Евангелле-апракас, акаванае серабром, і Апостал-апракас, і парамійнік, і саборнік айца свайго, і крыж уздзвізальны ўклаў...". Такім чынам, заснаваўшы Камянец, Уладзімір Васількавіч патурбаваўся не толькі пра яго абарону, але і пра царкоўна-духоўнае развіццё яго жыхароў. Не дайшлі да нас кнігі і іконы, падараваныя князем, але на месцы яго царквы ўзвышаецца Свята-Сімяонаўскі сабор, а Камянецкі стоўп, як і сем стагоддзяў назад, уражвае наведвальнікаў простай і велічнай архітэктурай.

  • [1] Памятники литературы Древней Руси XIII век. М, 1981.
  • [2] Starożytna Polska. Warszawa, 1846. Т. III. С. 765.
  • [3] Ткачоў M.A. Замкі Беларусі. Мн., 1977.
  • [4] Ткачоў М.А Замкі Беларусі. Мн., 1977. С. 9-11.
  • [5] Паевский Лев. Каменец и его древние храмы // Виленский календарь, 1896.
  • [6] Срезневский И.С. Сведения и заметки о малоизвестных памятниках. Вып. 1. СПБ, 1867. С. 8-9.
  • [7] Кулагін A.M. Праваслаўныя храмы на Беларусі. Мн., 2001. С. 96.
  • [8] "Чэцці-Мінеі" - зборнікі жыцій святых, складзеныя па месяцах.

© Ярашэвіч А.А., тэкст, 2005
© Дрыбас А.П., Раманюк Дз.М, фота, 2005
© Бажэнаў Ю.В., пераклад на англійскую мову, 2005

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Віта напiсаў(ла) 08.04.2011 17:55

Вялікі дзякуй за артыкул! Вельмі карысныя звесткі і здымкі!!!!

У мяне ёсць два пытанні:

1) "....Валынскі летапісец пранікнёна падвёў вынік жыцця князя Уладзіміра Васількавіча..." - адкуль узяты гэты матэрыял? Словы у двукоссі, а крыніца не ўказана....

2) Гэты валынскі летапісец насамрэч пісаў:".... пабудаваў царкву Благавешчання..." ? Вядома, што блага на беларускай мове зусім не тое, што на рускай, можа там мелася на ўвазе царква Дабравешчання?

Дзякуй.

Admin напiсаў(ла) 08.04.2011 19:19

"Князь же Володимеръ въ княжении своемъ многы городы зруби по отци своем. Зруби Берестий, и за Берестиемъ зруби город на пустом мѣстѣ, нарицаемѣм Льстнѣ, и нарече имя ему Каменець, зане бысть камена земля. Създа же въ нем столпъ каменъ высотою 17 саженей, подобенъ удивлению всѣм зрящим на нь. И церковь постави Благовѣщениа святыа Богородица, и украси ю иконами златыми, и съсуды скова служебныа сребрены..."

Галіцка-Валынскі летапіс

Iniskimmiste напiсаў(ла) 06.05.2017 04:30

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.