Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Зацверджаны акт Берасцейскай уніі
Пасля падпісання Люблінскай уніі і аб'яднання Польскага Каралеўства і Вялікага Княства ў нашай краіне пачало шырыцца каталіцтва, што несла з сабою пагрозу ўзмацнення польскіх уплываў. У Маскве тым часам з'явіліся свае патрыярхі, якія заадно з царамі глядзелі на Беларусь як на сваю вотчыну і дзеля яе захопу збіраліся выкарыстаць праваслаўную веру нашых продкаў. Дапамагчы пазбавіцца ад прэтэнзій Варшавы і Масквы, а таксама ад небяспекі рэлігійнае варожасці ў самой краіне магла новая вера, якая злучыла б у адным храме каталіцтва з праваслаўем. Гэта разумелі і свецкія, і духоўныя асобы Вялікага Княства - прыхільнікі ягонае самастойнасці. Такую веру магла даць царкоўная унія.
![]() Мікалаеўская царква, дзе была падпісаная Берасцейская унія. Гравюра XVIII ст. |
![]() Адзін з ініцыятараў Берасцейскай уніі, першы рэктар Віленскай акадэміі Пётра Скарга. Невядомы мастак XVII ст. |
Ідэя уніі ажыццявілася ў 1596 г. на Берасцейскім царкоўным саборы. Усталяванне ў Беларусі уніяцкай веры, якая спалучала традыцыйную ўсходнюю абрадавасць з каталіцкімі царкоўнымі дагматамі, напачатку ішло пакутліва цяжка. Своеасаблівым сімвалам гэтага стаў жыццёвы шлях полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча. Ён быў таленавітым прапаведнікам і энергічным царкоўным дзеячом, якому, аднак, не хапала талеранцыі. У барацьбе з непакорлівымі ён зачыняў праваслаўныя храмы, пазбаўляў сану і жорстка караў святароў.
Кунцэвічу супрацьстаялі аб'яднаныя ў брацтвы праваслаўныя месцічы, якіх падтрымлівала яшчэ шматлікая праваслаўная шляхта. З лістом-папярэджаннем да арцыбіскупа Язафата звярнуўся сам канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега: "Кажаце, вы вольны ганіць неуніятаў і секчы ім галовы... Не, не так трэба абыходзіцца з імі, бо Евангелле Боскае сурова нагадвае ўсім помснікам, у тым ліку і вам: "мне отмщение и аз воздам". Канцлеравы словы сталіся прарочымі. Увосень 1623 г. Язафат Кунцэвіч прыняў пакутніцкую смерць пад час бунту ў Віцебску і пазней быў прылічаны да святых. Але паступова новая царква ўмацоўвала свае пазіцыі. Жорсткі ўціск супроць праваслаўных быў спынены.
![]() Святы Язафат Кунцэвіч, арцыбіскуп полацкі. |
![]() Уніяцкі метрапаліт Іпаці Пацей быў вядомы таксама як таленавіты пісьменнік-палеміст. |
Кажучы пра гістарычны лёс беларусаў, некаторыя аўтары параўноўваюць унію з перамогаю пад Грунвальдам. Разгром тэўтонцаў адвёў пагрозу фізічнага вынішчэння продкаў, аб'яднанне цэркваў выратавала ад смерці духоўнай. Выратавала найперш дзякуючы жывой народнай мове, якая жыла ў уніяцкіх храмах і манастырах, у казаннях, у навучанні, у царкоўных спевах.
Новая царква няўхільна перамагала як сапраўды нацыянальная, народная. Так яе расцэньвалі Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, а таксама Фрыдрых Энгельс, які грунтоўна вывучаў гісторыю Рэчы Паспалітай. У другой палове XVII ст. з трынаццаці менскіх манастыроў праваслаўным застаўся толькі адзін. Уніяцкімі сталі славутыя Жыровіцкі манастыр і полацкая Сафія, якая зрабілася Меккаю ўсіх уніяцкіх паломнікаў.
![]() Партрэт уніяцкага метрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага 1680 г. З калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы. |
![]() Маці Божая Жыровіцкая. Уніяцкі абраз сярэдзіны XVIII ст. Беларуская школа |
Унія пачалася з палітыкі, а працягвалася як лёс народу.
Умацаванню уніяцтва спрыяў створаны ў 1617 г. манаскі Ордэн базылянаў, назоў якога паходзіць ад імя аднаго з айцоў царквы святога Васіля Вялікага. Базыляне друкавалі царкоўную літаратуру, адчынялі пры кляштарах школы і калегіюмы. Існуе думка, што базыляне і наагул уніяты паслухмяна "скакалі пад езуіцкую дудку". Дакументы сведчаць пра іншае. Базыляне судзіліся з езуітамі за крыж святой Еўфрасінні і не аддалі святыні. У 1802 г. езуіты, якіх тады падтрымлівалі царскія ўлады, падалі ў суд скаргу на полацкіх і вушацкіх базылянаў за тое, што тыя сцвярджалі, быццам "рэлігія рымская не пагаджаецца з святым Евангеллем".
- С. Марозава. Берасцейская унія і этнічная свядомасць беларусаў | Гістарыяграфія





