Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька
Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька IX ардынат нясвіжскі і алыкскі, вялікі гетман літоўскі, ваявода віленскі нарадзіўся 13 чэрвеня 1702 года ў Алыцы.
Дзяцінства прыпала на крывавыя ваенныя гады, калі бацькі пакінулі ВКЛ. Толькі ў 1709 годзе яны вярнуліся ў Бельскі замак, дзе хлопчыка акружылі хатнія настаўнікі, адзін з якіх ксёндз Цэзар застаўся ў памяці Міхала на ўсё жыццё. У "Дыярыушу" ён запісаў: "Усё, што сёння ведаю і ўмею, усё ідзе ад яго інструкцый". Дарэчы, нясвіжскі князь вёў дзённік на працягу ўсяго жыцця.
У 1721 годзе князь Міхал накіраваўся ў падарожжа па Еўропе, наведаў дзесяткі гарадоў, каралеўскія двары манархаў. У кастрычніку 1722 года ён прысутнічаў на каранацыі Людовіка XV і пасябраваў з партугальскім каралевічам Эмануэлем. Праз некалькі месяцаў Рыбанька спыніўся ў Парыжы, дзе праслухаў цыкл лекцый па матэматыцы, удасканальваў майстэрства коннай язды і фехтавання. Не аднойчы прымаў удзел у паляваннях разам з каралём Людовікам XV.
У 1744 годзе Міхал. Казімір Радзівіл атрымаў тытул ваяводы віленскага і булаву вялікага гетмана літоўскага, што дало магчымасць не пакінуць у бядзе Нясвіж, ператвораны ў пустку. Сваёй пастановай ад 26 ліпеня 1724 года ён пацвердзіў гораду даўнейшыя прывілеі сваіх папярэднікаў, дазволіў карыстацца гарадскімі правамі ўсім тым, хто хацеў тут пасяліцца, з гарантыяй поўнай свабоды для ўласнага ўзвышэння.
Міхал Радзівіл Рыбанька зрабіў вялікі подзвіг - аднавіў Нясвіж і замак, узвёў новыя збудаванні. Бязлюдную пустэчу, якую атрымаў у спадчыну, ператварыў у квітнеючы край, працягваючы справу маці, стварыў мануфактуры і рамесніцкія цэхі.
У 1740 годзе ў замку была збудавана капліца і асвечана ў 1758-м, калі сюды быў прывезены абраз Маткі Боскай, знойдзены пад Венай у 1683 годзе каралём Янам III Сабескім.
На мармуровай пліце расказвалася гісторыя знаходкі. Тэкст быў наступным: "Калісьці па Божаму прадбачанню вызвалілася Вена ад доўгай і цяжкай турэцкай асады пры дапамозе Яна III Сабескага ў 1683 годзе". Станіслаў Ябланоўскі, кашталян кракаўскі, аб'язджаючы горад, убачыў каля сцен скрутак палатна, затаптаны капытамі коней. Калі разгарнулі скрутак, убачылі абраз Маці Божай і надпісы "Будзеш пераможцам, Іаан", "Ты пераможаш, Іаан!".
Уражаны гэтымі словамі, кашталян аднёс абраз каралю, які загадаў тэрмінова правесці расследаванне. Але Яну III Сабескаму не ўдалося даведацца, якім чынам абраз апынуўся пад сценамі Вены і да якога Іаана адносілася прадказанне. Стала вядомым толькі, што гэты абраз быў прывезены з Італіі Янам Капістронам, знакамітым сваімі перамогамі над нявернымі. Тады ён загадаў паставіць абраз у сваёй паходнай капліцы і перад рашучай бітвай усю ноч маліўся перад ім. На наступны тыдзень кароль атрымаў бліскучую перамогу і вызваліў Вену ад асманскай экспансіі,
Пасля смерці караля цудатворны абраз перайшоў да каралевы Марысенькі, а ад яе да сына Якуба, потым па спадчыне трапіў да Радзівілаў.
Першай жонкай князя Гетмана, як часта называлі Міхала Казіміра, была Францішка Уршуля з Вішнявецкіх, высокаадукаваная, таленавітая жанчына свайго часу. Шлюб адбыўся ў 1725 годзе, Па словах У. Сыракомлі, гэтая "набожная і адукаваная пані зрабіла дзейсны ўплыў на свайго мужа ў яго намаганнях адрадзіць Нясвіж. Яна стварыла тэатр, аднавіла работу нясвіжскай друкарні, папоўніла замкавую бібліятэку. На пахаванне жонкі Францішкі Уршулі ў 1753 годзе Міхал Казімір запрасіў шмат духавенства, біскупаў, свецкіх сенатараў, шляхты. Замкавыя, кляштарныя і гарадскія муры ледзь змаглі іх змясціць".
У 1754 годзе Рыбанька ўзяў шлюб з Ганнай Мыцельскай, якая была ўдавой пасля смерці Леона Міхала Радзівіла.
Ганна Людвіка Караліна Кунегунда (1729-1771) нарадзілася ў сям'і познанскага кашталяна Мацея Мыцельскага.
Гэты шлюб выклікаў незадавальненне старэйшага сына нясвіжскага князя Караля Станіслава Пане Каханку, але пазней адносіны паміж ім і Ганнай былі добрымі. Калі ў 1764 годзе Пане Каханку выехаў у эміграцыю, Ганна таксама пакінула Нясвіж, каб шукаць дапамогі пасынку сярод каралеўскіх двароў Еўропы.
У 1770 годзе княгіня Ганна падпісала завяшчанне, дзе выказала жаданне быць пахаванай у Нясвіжы, а ўсю сваю маёмасць падзяліла паміж дзецьмі з двух шлюбаў. Пане Каханку па яе просьбе быў прызначаны апякуном яе малалетніх дзяцей. Адзін з яе сыноў, Мацей Радзівіл ад першага шлюбу, стаў шырока вядомым таленавітым кампазітарам і паэтам.
Князь Міхал Казімір Рыбанька памёр у 1762 годзе і пахаваны ў радзівілаўскай крыпце.