Нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі
Міхал Клеафас Агінскі - дыпламат, кампазітар, вялікі падскарбі літоўскі. Прадстаўнік старадаўняга магнацкага роду: яго бацька, Андрэй, быў ваяводам трокскім, маці, Паўла - з роду магнатаў Шэмбекаў.
Нарадзіўся ў Гузаве, недалёка ад Варшавы. Атрымаў добрую дамашнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасці да музыкі і замежных моў. У 1786 пасол на сойме, у 1788 камісар скарбовай камісіі Вялікага княства Літоўскага, у 1789 літоўскі мечнік, у 1789 надзвычайны пасланнік у Галандыі. У 1791 вярнуўся на радзіму, займаўся пытаннямі спадчыны маёнткаў М.К.Агінскага на Беларусі, якія адышлі да Расіі. Быў дэпутатам Гродзенскага сойма 1793. У 1793-94 вялікі падскарбі літоўскі.
У 1794 удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, уваходзіў у Найвышэйшую раду літоўскага народа. Ахвяраваў на патрэбы паўстання 188 тыс. злотых, кіраваў 480 стральцамі. Двойчы са сваім атрадам спрабаваў прабіцца ў Мінскую губ., каб падняць паўстанне. Змагаўся супраць прускіх войск. Пасля таго як расійскія войскі ўзялі Вільню, Агінскі выехаў у Варшаву. За ўдзел у паўстанні яго маёнткі былі канфіскаваны царскімі ўладамі. Жыў у Вене, Венецыі, Парыжы.
Дзякуючы намаганням князя А. Чартарыйскага атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму і ў Гродне прысягнуў на вернасць Аляксандру І. У 1802-06 жыў у маёнтку Залессе Ашмянскага пав., дзе пабудаваў новы палац, парк у англійскім стылі, аранжарэі, звярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Залессе стала адной з найпрыгажэйшых магнацкіх рэзідэнцый на Беларусі. У 1807 у Італіі быў прыняты Напалеонам І. У 1810 у Пецярбургу атрымаў ад цара званне сенатара і тайнага саветніка, ордэны Св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага.
У маі 1811 падаў цару праект пра заснаванне Вялікага герцагства Літоўскага. Напярэдадні вайны 1812 услед за Аляксандрам І прыехаў у Вільню, потым вярнуўся ў Пецярбург, дзе знаходзіўся да канца вайны. У 1817 у Вільні надрукаваў 2 зборнікі сваіх твораў. У 1823 выехаў у Італію, жыў у Фларэнцыі, дзе і памёр.
Вядомы як музыкант і кампазітар. Агінскі захапляўся італьянскай і французскай операй, іграў на скрыпцы і клавікордах. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я гады стварэннем шматлікіх маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Яму прыпісваецца аўтарства музыкі песні "Яшчэ Польшча не загінула", якая стала польскім нацыянальным гімнам. У залескі перыяд пераважна займаўся музыкай; у гэты час напісаны славуты паланез "Развітанне з Радзімай". Галоўнае ў творчай спадчыне Агінскага - фартэпіянныя п’есы, паланезы, мазуркі, маршы, вальсы і рамансы. Аўтар музыкі і лібрэта оперы "Зеліда і Валькур, або Банапарт у Каіры", трактата "Лісты пра музыку" (1828). У 1826-27 у Парыжы выдадзены 4-томныя "Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 па 1815 г.".
Жыве Беларусь
Дэўлінскае перамір'е паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, паводле якога да Вялікага княства Літоўскага адышло 29 гарадоў, у тым ліку землі Смаленшчыны з гарадамі Белы, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб, Трубчэўск, Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў і інш.…
Пачалася эксплуатацыя першай чыгункі на тэрыторыі Беларусі, яна звязала Гродна з Парэччам і была часткаю Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі…
Гісторыя - настаўніца жыцьця
Historia magistra vitae
(Марк Тулій)
Што ёсць гісторыя, як не байка, у якую дамовіліся паверыць
(Напалеон Банапарт)