Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Бітва на Сініх Водах
У 1223 годзе на рацэ Калцы пры паўночным узбярэжжы Азоўскага мора адбылася першая сутычка аб'яднаных усходнеславянскіх і палавецкіх войскаў з татара-мангольскімі ордамі. Крывавая сеча скончылася паразай хаўруснікаў. У высокую стэпавую траву ляглі і дружыны з беларускіх княстваў. Праз 14 гадоў Бату-хан вынішчыў Разанскую зямлю, а ў 1240 годзе захапіў і Кіеў. Пачаўся татара-мангольскі прыгнёт, які доўжыўся ў Масковіі амаль два з паловай стагоддзі. Прыхадні з далёкіх азійскіх стэпаў спрабавалі захапіць і Беларусь. Але нашыя прадзеды паспелі згуртавацца, утварыўшы моцнае гаспадарства - Вялікае Княства Літоўскае. Да таго ж яны прайшлі суровую баявую школу ў змаганнях з рыцарамі нямецкіх манаскіх ордэнаў. Таму захопнікі былі спыненыя на Палессі і пад Смаленскам.
Калі наша дзяржава ўзмацнілася, яна распачала экспансію на суседнія абшары. Увагу князёў найперш прыцягнулі ўрадлівыя землі Украіны, што плаціла цяжкую даніну татара-мангольскай Залатой Ардзе. Да таго ж там жыло адзінавернае хрысціянскае насельніцтва, блізкае беларусам па мове.
|
| Вялікі князь Альгерд Гедзімінавіч. 3 старадаўняй гравюры |
Увосень 1362 года вялікі князь Альгерд, сабраўшы войскі, пераправіўся на правы бераг Прыпяці. Па дарозе на поўдзень да яго далучыліся з сваімі дружынамі сыны наваградскага князя Карыята. Яны валодалі землямі на паўночным захадзе Украіны і таксама былі зацікаўленыя ў аслабленні татарскага панавання. Мінуўшы Канеў і Чаркасы, войскі выйшлі да ракі Сінюха (Сінія Воды). Гэта левабярэжны прыток Паўднёвага Буга. Там, як піша летапісец, "указалася ім у полю вялікая арда з трыма царыкамі, на тры абозы раздзеленая". Гэта былі татары, якія тады валадарылі ў Крыме, на Паўночным Прычарнамор'і і ў Падольскай зямлі. На чале іх былі ханы Кутлубуга, Качубей і Дзімітр.
Летапісныя звесткі не даюць дакладнага ўяўлення пра размяшчэнне татарскіх войскаў. Але трэба меркаваць, што яны размясціліся паводле свайго даўняга звычаю, заведзенага яшчэ вялікім палкаводцам і заваёўнікам Чынгіз-ханам. Наперадзе ў ардынцаў мусіў знаходзіцца авангард спрактыкаваных лучнікаў на конях. Яны пачыналі імклівую атаку, у часе якой засыпалі праціўніка хмарамі стрэлаў. Вострыя дзюбы гэтых стрэлаў забівалі вершнікаў, ранілі іхных коней. Зрабіўшы сваю справу, лучнікі разварочваліся і прапускалі наперад другую хвалю лёгкаўзброенага авангарду, якая ўразалася ў прарэджаныя шыхты праціўніка.
Калі ж вораг быў шматлікі і вытрымліваў націск, гэтыя вершнікі паварочвалі і рабілі выгляд, што ўцякаюць. Разгарачаны "ўдала" пачатай бітвай праціўнік звычайна кідаўся наўздагон у прадчуванні блізкай перамогі. I тады татарскі авангард, завабіўшы пераследнікаў у глыбіню сваіх баявых парадкаў, расступаўся. Ён такім чынам адкрываў шлях для атакі цяжкаўзброенай конніцы, якая складала асноўную моц ардынскіх сціжмаў. Загартаваныя ў шматлікіх сечах вершнікі ў жалезных панцырах і шаломах пускалі ў справу сякеры, шаблі, дзіды. Адначасова лягчэйшыя татарскія загоны ахоплівалі флангі праціўніка, заходзілі з тылу, стараючыся абкружыць. Калі такая тактыка спрацоўвала, вораг звычайна выбіваўся дарэшты, як тады казалі, у пень.
Ды Альгерд добра ведаў гэтыя хітрыкі. Убачыўшы, што ардынцы ўжо гатовыя да бою, ён паставіў свае войскі ў шэсць палкоў-гуфаў. Ён умацаваў флангі і выставіў авангард, "абы іх татары танцамі звыклымі агарнуці і стрэламі шкодзіці не маглі".

Схема бітвы 1362 года на Сініх Водах
Бітва, як звычайна, пачалася наскокам вершнікаў татарскага авангарду, якія "град жалезны з лукаў ... густа пусцілі". Але першы варожы націск не прынёс вялікай шкоды нашаму ваярству, дзеля яго "параднага ўшыкавання і прудкага расступання". Магчыма таксама, што беларускія ваяры шчыльна прыкрыліея шчытамі, утвараючы вядомую яшчэ з антычных часоў "чарапаху". Адначасова Альгерд паслаў нашую конніцу "з копіямі і шаблямі" ў імклівую сустрэчную атаку. Гэтая атака была падтрыманая знішчальнай стралянінай наваградцаў з нязвыклых для стэпавікоў кушаў-арбалетаў. Выпушчаныя з іх стрэлы з цяжкімі жалезнымі дзюбамі-бэлтамі ляцелі значна далей, чым з звычайных лукаў. Яны лёгка прабівалі ахоўнае татарскае ўзбраенне, нават і жалезнае.
Такім магутным націскам праламалася "чало" ардынскіх парадкаў. Тым часам былі нанесеныя і флангавыя ўдары. Татарскія шыхты змяшаліся "як снапы ад раптоўнага ветру". Стэпавікі пачалі ўцякаць, засцілаючы трупамі палі і рэкі. Ляглі на пабаявішчы ўсе ардынскія "царкі", шмат знаці. У рукі пераможцаў трапіла і вялікая здабыча - статкі жывёлы, вярблюды, абозы з дабром.
У выніку гэтай перамогі ды іншых поспехаў Альгерда паўднёвыя межы нашай дзяржавы перасунуліся з Кіеўшчыны - Прыкарпацця да дняпроўскіх парогаў. У абсягі Вялікага Княства былі ўлучаныя большасць земляў, заселеных украінскім земляробчым насельніцтвам, шматлікія вёскі і гарады. Беларуская конніца выйшла нават на берагі Чорнага мора ў вусцях Дняпра і Буга.
Разгром татараў на Сініх Водах паклаў канец больш як стогадоваму панаванню іх ва Украіне, распачаў вызваленне Усходняй Еўропы з-пад ардынскага прыгнёту.