Гістарычны каляндар
2 чэрвеня 1905

Нарадзіўся Юрка Віцьбіч

Юрка ВіцьбічЮрка Віцьбіч (1905-1975)(сапраўднае імя-Георгі Шчарбакоў) - пісьменьнік, грамадскі дзеяч, публіцыст і краязнаўца, значная фігура беларускага замежжа і беларускай грамады ў Амэрыцы. Віцьбіч быў адным з найбольш дзейных у культурнай сфэры асобаў з другой хвалі беларускай эміграцыі ў Амэрыцы.

Віцьбіч быў закаханы ў гісторыю свайго краю, працягваў традыцыю выдатных дасьледчыкаў беларускай мінуўшчыны і фальклору-Сапунова, Раманава, Дабравольскага. Дасьледваў віцебскую і полацкую мінуўшчыну, помнікі гісторыі, архітэктуры і мастацтва ўсходняй Беларусі й Смаленшчыны. Як сын сьвятара, Віцьбіч пасьля сканчэньня пэдтэхнікуму ня мог атрымаць працу настаўніка, мусіў рабіць на хімзаводзе. Потым змог уладкавацца ў экспедыцыі па выяўленьні помнікаў, узначаліў Аршанскую эспедыцыю.

Перад вайной пісаў пра гісторыю фабрык у Беларусі, і займаўся літаратурнай творчасьцю, уваходзіў у суполку “Ўзвышша”, а ў аднайменным часапісе суполкі ў 1929 г. зьявілася ягонае першае апавяданьне. У 1932 годзе выйшла кніга Віцьбіча “Сьмерць Ірмы Лаймінг”. Вядомы твор Віцьбіча “Лшоно Гобоо Бійрушалайм” быў апублікаваны ў “Полымі рэвалюцыі”, але твор быў скрытыкаваны “за нацыяналістычныя і клясавыя адхіленьні”, і забаронены. Ю. Віцьбіч таемна займаўся зборам матар'ялаў пра антысавецкі рух у Беларусі. Над Віцьбічам увесь час вісела пагроза быць абвінавачаным у "нацдэмаўшчыне” і трапіць за краты, як іншыя сябры “Узвышша”. У падсавецкай Беларусі Віцьбіч не мог выказваць адкрыта свае пагляды, і гэта ў нейкай ступені кампэнсавалі краязнаўчыя досьледы і працу па пошуку помнікаў беларускай культуры. У час вайны браў удзел у працы Беларускага культурнага згуртаваньня, друкаваўся ў газэтах “Голас вёскі”, “Раніца”, “Беларускі работнік”, у “Менскай (Беларускай) Газэце”. У 1944 годзе выехаў на Захад, жыў у ДыПі-лягерах, браў удзел у культурным жыцьці, арганізаваў выданьне часапісу “Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі”, рэдагаваў “Беларускі голас”.

Ю. Віцьбіч добра разумеў значаньне сродкаў масавай інфармацыі для беларускай справы, выступаў на амэрыканскім мясцовым радыё (у праграмах Э. Ясюка), на Радыё Свабода, выдаваў брашуры і артыкулы на ратапрынце, зьмяшчаў свае артыкулы ў разнастайных выданьнях, як беларускіх так і небеларускіх. Маючы добрыя адносіны з рэдактарамі, Віцьбіч быў актыўным аўтарам нью-ёрскай уплывовай газэты “Новае Рускае Слова”, кантактаваў з латыскімі журналістамі, ягоныя артыкулы зьяўляліся ў літоўскіх выданьнях, ён меў добрыя сувязі з украінскімі культурніцкімі дзеячамі ў Амэрыцы. Віцьбіч разам з паэткай Натальляй Арсеньневай стаў заснавальнікам літаратурнай суполкі “Шыпшына”, у якой дэкляравалася адданасьць прынцыпам суполкі “Узвышша”. Віцьбіч быў надзвычай актыўны ў беларускім эмігранцкім друку, публікаваў працы ў “Бацькаўшчыне”, “Запісах”, “Конаднях”. У Амэрыцы выйшлі ягоныя кнігі "Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман" (1956), “Мы дойдзем” (1974, па-расейску), “Антыбальшавіцкія паўстаньні на Беларусі” (1998). Па ўспамінах сучасьнікаў Юрка Віцьбіч быў надзвычай самаадданым і працаздольным грамадскім дзеячам, таленавітым пісьменьнікам і кампетэнтным гісторыкам. Маючы выдатныя здольнасьці папулярызатара, Віцьбіч разам з тым надзвычай пэдантычны ў дэталях, і заўсёды ў сваіх творах заставаўся верны фактам. Такі чалавек можа быць узорам для новых грамадскіх дзеячаў, і для навукоўцаў беларускай дыяспары.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал