Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Сьцяпан Некрашэвіч
Некрашэвіч Сьцяпан (8 траўня 1883 - 20 снежня 1937) - беларускі нацыянальны дзяяч, навуковец, мовазнаўца. Нарадзіўся ў вёсцы Данілаўка былога Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1908 г. скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, а ў 1913 Віленскі настаўніцкі інстытут. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 г. прызваны звычайным шэрагоўцам ў расейскае войска. Амаль тры гады Сцяпан Некрашэвіч ваяваў на румынскім фронце, пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. быў абраны сябрам армейскага камітэту 6-й арміі. У гэтым жа годзе становіцца сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ) і распачынае актыўную палітычную дзейнасць. З 1917 г. па 1920 г. Некрашэвіч жыве ў Адэсе. Пасля абвяшчэння БНР у 1918г., становіцца прадстаўніком гэтай маладой дзяжавы, ад яе імя вядзе перамовы з французскім вайсковым камандаваннем, адчыняе беларускамоўныя школы, займацца пытаннямі стварэння першага беларускага нацыянальнага войска.
У 1920 г. Сьцяпан Некрашэвіч вяртаецца на Беларусь і ўладкоўваецца на працу ў Народны камісарыят асветы БССР, дзе займае навукова-адміністрацыйныя пасады. У 1922 г. узначальвае Інстытут беларускай культуры, будучы аўтарам ідэі яго стварэння. Пасьля ператварэння Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук (1928), абраны яе віцэ-прэзідэнтам. У 1930 арыштаваны па абвінавачванні ў стварэнні і кіраўніцтве Саюза Вызвалення Беларусі (СВБ). Разам з ім па гэтай справе былі арыштаваны Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Язэп Дыла, Уладзімір Пракулевіч, Фларыян Ждановіч - агулам 86 беларускіх навуковых і культурных дзеячоў Беларусі. Быў асуджаны на 5 год высылкі ў Сібір, у 1936 тэрмін высылкі павялічваюць яшчэ на 2 гады, а ў 1937 Некрашэвіча арыштоўваюць паўторна і прысуджаюць да вышэйшай меры пакарання. 20 снежня 1937 г. расстраляны ў Менску.
Пасля сябе ен пакінуў значны след у лексікаграфіі, беларускім правапісе, дыялекталегіі, распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі, напісаўшы каля 20 навуковых прац, сярод якіх першы беларускі паслярэвалюцыйны буквар “Беларускі лемантар”(1922); “Беларуска-расейскі слоўнік” (1925); “Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы”(1925); “Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна” (1929); “Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты “О уставах монастырских” (1928); “Праект беларускага правапісу” (1930).