Гістарычны каляндар
3 траўня 1791

Прыняцце канстытуцыі ў Рэчы Паспалітай

Канстытуцыя прынятая 3 траўня складалася з 11 артыкулаў. Першы тычыўся рэлігіі, тры наступныя вызначалі стан шляхецтва, мяшчанства і сялянства, астатнія - месца і ўзаемнае размежаванне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад. Згодна з ёю адмяняліся "ліберум вета", выбары караля шляхтай і абавязковасць соймікавых "інструкцый" для паслоў, уводзілася спадчынная манархія, у якой выканаўчная ўлада перадавалася каралю і ўраду, падпарадкаванаму сойму. Канстытуцыя 3 мая абвясціла таксама, што бярэ сялянства "пад апякунства ўрада", даючы надзею на паляпшэнне яго долі.

Каб урэгуляваць рэлігійнае пытанне і пазбавіць Расію падстаў для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, сойм ухваліў у маі 1792 г. рашэнне аб утварэнні ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім самастойнай праваслаўнай іерархіі, падпарадкаванай канстанцінопальска-му патрыярху.

Аб'ектыўна Канстытуцыя 3 траўня спрыяла развіццю краіны ў прагрэсіўным буржуазным напрамку. Прыняцце соймам Канстытуцыі 3 мая выклікала станоўчую рэакцыю ў Францыі, Англіі. Спагадліва трымалі сябе ў дачыненні да яе Прусія і Аўстрыя. Рымскі папа асобым указам (breve) перанёс святкаванне дня Св.Станіслава з 8-га на 3-е мая. Толькі ў Пецярбургу былі раздражнёныя такім аднаўленнем самастойнасці і чакалі заканчэння вайны з Турцыяй, каб пачаць вайсковыя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай.

Канстытуцыя 1791 г. зрабіла рашучы крок да ўтварэння цэнтралізаванай дзяржавы (адзінае войска, адзіны скарб і г.д.). Самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага ў ёй была значна абмежаваная. Тым не менш 20 кастрычніка 1791 г. па настаянні ліцвінскіх паслоў адбылося прыняцце соймам спецыяльнага дакумента "Узаемнай гарантыі" Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. У ім агаворваліся ўмовы раўнапраўнага ўдзелу прадстаўнікоў княства разам з палякамі ў кіраванні дзяржавай.

Увесь спіс падзей

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал