Гістарычны каляндар
24 сакавіка 1794

Пачатак вызваленчага паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі

У Польшчы паўстанне пачалося 24 сакавіка 1794 г. Кіраўніком паўстання быў абраны нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду, змагар за незалежнасць ЗША Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Праз месяц (24.04) пасля вызвалення Вільні паўстанне ахапіла Літву і заходнюю Беларусь. Тут яго ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі. Галоўнымі мэтамі паўстання былі: вяртанне захопленых тэрыторый, выгаанне акупантаў, працяг дэмакратычных рэформаў. Віленскія "якабінцы" на чале з Ясінскім напачатку выступілі з больш радыкальнымі патрабаваннямі - "воля, роўнасць, незалежнасць", адразу салідарызаваліся з рэвалюцыйнай Францыяй. Быў утвораны самастойны орган па кіраўніцтве паўстаннем - Найвышэйшая Рада Вялікага Княства Літоўскага. У яе першапачаткова ўвайшлі 29 чалавек. Склад Рады павінен быў папоўніцца прадстаўнікамі паўстанцкіх сіл з паветаў і ваяводстваў, што стварала магчымасць яе пераўтварэння ў прадстаўнічы рэвалюцыйны орган.

Паўстанне зрабіла спробу аб'яднаць разам інтарэсы перадавой часткі шляхецтва, сялянства і гарадскога насельніцтва. Мэтай паўстанцаў была таксама дапамога ў вызваленні ад "ярма дэспатызму" народаў суседніх краін. Касцюшка заклікаў да ўдзелу ў паўстанні прадстаўнікоў усіх веравызнанняў. Асаблівая ўвага была выказана ім да праваслаўнага святарства і насельніцтва. Ім была паабяцана поўная роўнасць і самастойнасць. Паланецкім універсалам (7 мая 1794 г.) Касцюшка адмяніў асабістую залежнасць сялян. Сяляне, якія пайшлі ў паўстанне (касінеры), вызваляліся ад прыгону. На тэрыторыі Беларусі ў паўстанцкіх атрадах сяляне складалі да адной трэці іх колькасці.

За кароткі тэрмін (з красавіка па верасень) на Беларусі ў паўстанні прыняло ўдзел да 25 тыс. чалавек. Найбольш буйныя бітвы беларускіх касцюшкаўцаў адбыліся пад в.Паляны (7.05), в.Солы (25.06), Слонімам (4.08), Лю-банню (4.09), в.Крупчыцы (17.09). Пад Крупчыцамі ад-былася самая вялікая бітва часоў паўстання: з абодвух бакоў у ёй прыняло ўдзел да 20 тыс. чалавек.

Але паўстанцкае войска не змагло супрацьстаяць аб'яднаным сілам Прусіі, Расіі і Аўстрыі. Кацярына II накіравала на барацьбу з паўстанцамі сваіх лепшых военачальнікаў разам з А.Суворавым. У лістападзе паўстанне было задушана. Менавіта за актыўны ўдзел у задушэнні паўстання Сувораў атрымаў званне фельдмаршала.

Яшчэ падчас паўстання ўзнік план ліквідацыі Рэчы Паспалітай. У 1795 г. адбыўся трэці яе падзел. Прусія захапіла польскія землі з Варшавай, Аўстрыя - з Кракавам. Да Расіі адышлі заходнебеларускія, украінскія і літоўскія землі з Курляндыяй. Частка Беларусі (захад Гарадзеншчыны) апынулася пад уладай Прусіі (да 1807 г.). Станіслаў Аўгуст 25 лістапада 1795 г. падпісаў акт адмовы ад трона. Гэта якраз была гадавіна яго каранацыі і дзень імянін імператрыцы Кацярыны II, якая ў свой час "зрабіла" яго каралём, а цяпер прымусіла адмовіцца ад тытула.

Захоп Рэчы Паспалітай з'явіўся гвалтоўным актам у дачыненні да дзяржавы, якая ўваходзіла ў перыяд свайго гаспадарчага і грамадскага рзфарміравання.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал