Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Святкуюць Грамніцы або Стрэчаньне
Грамніцы альбо Стрэчанне, зімовае свята народнага календара (каталікі адзначаюць яго 2 лютага, а праваслаўныя - 15). Мяркуюць, што назва паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) - бога веснавых навалънщ і дажджоў, якія спрыялі расліннасці. Паводле іншых меркаванняў, свята названа так таму, што Юрай нібыта выпрабоўвае на нячыстай сіле свае стрэлы і менавіта з гэтага дня ўжо можна пачуць грымоты. Другая назва свята - Стрэчанне (ад царкоўна-славянскага "Сретенье") у хрысціянстве знаменавала сустрэчу Сімяона з кусам Хрыстом, сустрэчу Старога і Новага запаветаў, а ў народзе тлумачылася як сустрэча зімы з летам:
"А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула
I ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы".
Дзяцей, зацікаўленых пабачыць сустрэчу зімы і лета, пасылалі голых і босых за гумны і гароды, абяцаючы, што зіма ім дасць чырвоныя боты. Пра гэты пераломны дзень казалі: "На Грамніцы - паўзіміцы". Па стане надвор'я прадказвалі характар надыходзячых вясны і лета. Якая пагода на Грамніцы, такая і вясна. Калі на Грамніцы вялікі мароз, то лічылася, што снег паляжыць нядоўга, а лета будзе пагоднае і сухое; мяцеліца на Стрэчанне прадказвала доўгую вясну, а значыць - недахоп корму для жывёлы; пацяпленне на Стрэчанне сведчыла пра раннюю вясну ("Калі на Грамніцы певень нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я вол пад'есць травіцы"), аднак лета чакалася непагоднае, з невялікім ураджаем ("На Грамніцы адліга - з ураджаю будзе хвіга"). Асноўным рытуалам на гэтае свята было асвячэнне ў храмах свечак. На свята маці пяклі з цеста дочкам сярпы, а сынам - косы. Пасля Грамніц сяляне пачыналі рыхтавацца да веснавых работ, мужчыны ладзілі сохі і бароны, жанчыны садзіліся за кросны.




