Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Напалеон Орда
Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 г. у маёнтку Варацэвічы, што стаяў на ўскраіне вёскі з такой жа назвай непадалёку ад Пінска. Адукацыю атрымаў у Парыжы і ў Віленскім універсітэце.
Яшчэ студэнтам Орда ўдзельнічаў у антырасейскім паўстанні 1831г. За асабістую мужнасць ён атрымаў самую высокую ўзнагароду – Залаты Крыж "Virtuti Militari" (Воінская доблесць), але як афіцэр (у корпусе Гераніма Рамарыны яму далі званне капітана), што здрадзіў прысязе расейскаму прастолу, быў прыгавораны да пакарання смерцю і таму мусіў уцякаць за мяжу. Амаль год ён блукаў па Еўропе, пакуль у верасні 1833 г. трапіў са Швейцарыі ў Парыж.
У 1843 г. Напалеон Орда ўзяў шлюб з францужанкай Ірэнай Бугле.
Орда шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне, рабіў замалёўкі помнікаў дойлідства і ўсялякіх славутых мясцін. Віды вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў, якія намаляваў Орда - часта адзінае сведчанне пра помнікі архітэктуры, якіх даўно няма ані ў рэчаіснасці, ані на фота. Таму асабліва каштоўнае тое, што Орда маляваў вельмі дакументальна, нічога не прыдумляючы. Праўда, пры гэтым на яго творах перададзены і настрой аўтара, і сама атмасфера ХІХст. Рэпрадукцыі гэтых твораў неаднойчы выдаваліся альбомамі.
Памёр Напалеон Орда 26 красавіка 1883 г. у Варшаве, дзе ён знаходзіўся па справе выдання свайго альбома, але, згодна з завяшчаннем, быў пахаваны ў Янаве (цяпер Іванава Брэсцкай вобласці) у родавым склепе.




