Гістарычны каляндар
26 студзеня 1564 г.

Бітва на рацэ Вуле (Бітва на Іван-полі)

Срэбная манета ВКЛВялікакняская срэбная манета 1546 года з выявай дзяржаўнага герба "Пагоня". Віленскі манетны двор

Маскоўскі цар Іван Жахлівы працягваў захопніцкую палітыку сваіх папярэднікаў. У канцы 50-х гадоў шаснаццатага стагоддзя ён заваяваў Паволжа. Пасля павярнуў меч у бок Прыбалтыкі, спрабуючы "прасекчы" выхад да незамярзальнага мора. Перад ім знаходзіліся аслабленыя нутранымі супярэчнасцямі Інфлянты, або, іначай кажучы, Лівонія (гэта сучасныя Латвія і Эстонія). I ў 1558 годзе вялізная маскоўская арда пачала нашэсце на захад.

Нешматлікія інфлянцкія загоны не змаглі стрымаць наступ шматкроць перасяжных сілаў праціўніка. Пад агнём царскай артылерыі, кіраванай наймітамі-немцамі, бурыліся сцены гарадоў і замкаў. Захопнікі нішчылі, рабавалі, выводзілі ў палон насельніцтва. Каму ўдалося ацалець, шукалі паратунку ў пушчах і балотах. Непакорных саджалі на кол, з іх жыўцом здзіралі скуры. Такога спусташэння і жаху край не ведаў за ўсю сваю гісторыю.

Пры канцы лета наступнага года, калі значная частка Эстоніі і Латвіі ляжала ў руінах і папялішчах, інфлянцкія паслы з'явіліся ў Вільні прасіць у Вялікага Княства Літоўскага выратавання. Наўзамен дакляравалася ўваходжанне Прыбалтыкі ў склад нашага гаспадарства ў якасці аўтаномнай часткі, з захаваннем самакіравання.

Мікалай Радзівіл РудыВялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды ў рыцарскім панцыры. Гравюра з радзівілаўскага альбома

Цяжкі выбар быў перад вялікім князем, нашымі магнатамі і шляхтай. Канчатковы захоп Ніжняга Падзвіння Масквой пагражаў тым, што смяротная небяспека была б не толькі на нашых усходніх рубяжах, але і паўночных. А ў дадатак трэба было ўлічваць і заўсёдную крымскую небяспеку з поўдня. У выпадку ж поспехаў у Інфлянтах Беларусь вяртала сабе колішні водны шлях у Балтыйскае мора.

Але паслухацца просьбаў прыбалтаў азначала і немінучую крывавую сутычку з бязлітасным ворагам, уступленне ў распачатую Іванам Жахлівым Інфлянцкую (ці, як яе інакш называюць, Лівонскую) вайну...

I выбар быў зроблены. Землі Латвіі і Эстоніі далучыліся да Вялікага Княства, а беларускія войскі ўвайшлі ў Ніжняе Падзвінне.

Тым часам Іван Жахлівы замірыўся з Швецыяй, якая захапіла частку эстонскага ўзбярэжжа. Пераканаўшыся таксама, што крымскія татары ўжо не пагражаюць паўднёваму памежжу Маскоўшчыны, ён пачаў энергічна рыхтавацца да паходу на Беларусь.

У студзені 1563 года васьмідзесяцітысячнае маскоўскае войска, узначаленае самім царом, рушыла на Полацак. Горад не вытрымаў аблогі. Пасля жорсткіх артылерыйскіх аб стрэлаў гарнізон здаўся.

Крылаты гусарКрылаты гусар з войска Мікалая Радзівіла Рудога

Пасля падзення Полацка баявыя дзеянні на некалькі месяцаў прыціхлі. Адбываліся толькі дробныя сутычкі. Нават пачаліся былі перамовы. Нашыя паслы патрабавалі пакінуць у спакоі Інфлянты. Патрабавалі вярнуць Смаленшчыну і заходнюю Браншчыну, а таксама Пскоў і Ноўгарад, якія ў часы Вітаўта былі залежныя ад Вялікага Княства. Масква ж дамагалася не толькі Прыбалтыкі, але і земляў Беларусі разам з Вільняю, а таксама Украіны.

У студзені наступнага 1564 года маскоўцы распачалі новую вайсковую кампанію. Дзве варожыя арміі - з боку Полацка (25-30 тысяч) і з-пад Смаленска (каля 50 тысяч) - павінны былі злучыцца на Аршаншчыне і затым ісці на Менск, Наваградак і на самую сталіцу нашай дзяржавы - Вільню.

Полацкая групоўка маскоўцаў рухалася па левабярэжжы Вулы, выцягнуўшыся па заснежаным шляху. На чале яе быў князь Пётр Шуйскі, які да гэтага праславіўся перамогамі ў Прыбалтыцы. Вялікі гетман Мікалай Радзівіл Руды і палявы гетман Рыгор Хадкевіч, маючы пад рукой трохі больш як 4 тысячы вершнікаў, а таксама невялікую колькасць казакоў і ўзброеных сялян, намерыліся перашкодзіць небяспечнаму злучэнню праціўніка. Нашае войска было малалікае, але вопытнае і загартаванае ў паходах. Сярод камандзіраў вылучаліся такія слаўныя ваяры, як пляменнік палявога гетмана Ян Хадкевіч, князь Багдан Саламярэцкі, Раман Сангушка, Богуш Карэцкі, Мікалай Сапега, Юрай Зяновіч, Юрай Тышкевіч - усе з славутых беларускіх родаў.

Ведаючы праз выведку аб перамяшчэнні Шуйскага, увечары 26 студзеня 1564 года Мікалай Радзівіл прыхаваў ад вачэй праціўніка галоўныя сілы і невялікім загонам атакаваў маскоўскі авангард. Беларусы ўвязаліся ў сечу, а затым пачалі адступаць, завабліваючы за сабой самаўпэўненага праціўніка. Гэтым адкрылася прастора для кідка масы конніцы на самую калону, якая ўжо падцягвалася да вёскі Іванск каля Чашнікаў. Маскоўцы, мабыць, рыхтаваліся стаць лагерам, бо ішлі спакойна, зброю везлі на санях, не чакалі небяспекі.

Беларускія жаўнеры XVI ст.
Беларускія ваяры сярэдзіны шаснаццатага стагоддзя

З'яўленне ж радзівілаўцаў было як гром сярод зімовай цішы. Лава вершнікаў з дзідамі і шаблямі абрынулася на акупантаў так імкліва і нястрымна, што тыя не ведалі, як ратавацца. Ім не было калі ні станавіцца ў баявыя парадкі, ні хапацца за зброю, каб бараніцца. Заставалася толькі панічна кінуцца наўцёкі.

І цэлую светлую месячную ноч вершнікі, як пісаў тагачасны гісторык, "секлі маскалёў", не даючы ім апамятацца, знішчаючы ўцекачоў, заганяючы на тонкі рачны лёд.

Да Полацка дамкнула толькі 5 тысяч маскоўцаў, "і то параненых". Рэшта на шмат кіламетраў уздоўж Вулы лягла на снег, некалькі тысяч утапіліся ў ледзяной рачной вадзе. Невялікая частка трапіла ў палон. Пад сякерай мясцовага селяніна скончыў жыццё сам няўдаліца Шуйскі. Паводле іншых звестак, яго знайшлі з прабітай стралою галавой у калодзежы. Засталіся на пабаявішчы Шарамеццевы, Празароўскі ды іншыя маскоўскія ваяводы, князі, вяльможныя баяры. Імёнаў жа простых ратнікаў ніхто і не ўспамінаў. Яшчэ праз 20 гадоў пасля бітвы падарожнікі бачылі пад Іванскам мноства касцей палеглых маскоўцаў.

Схема бітвы 1564 года на рацэ вуле

З беларускага ж боку, як сведчыла данясенне нашых гетманаў, загінула не больш як 20 ваяроў! Параненых было каля 700. У руках пераможцаў апынуўся і ўвесь велізарны абоз праціўніка, артылерыя, мноства коней.

Такім вось славутым чынам было цалкам скончана з полацкай групоўкай царскіх войскаў. Заставалася смаленская, значна большая, якую вёў князь Пётр Абаленскі-Сярэбраны.

Невялікую частку свайго войска Мікалай Радзівіл накіраваў пад Воршу. Яе ўзначалілі аршанскі стараста Філон Кміта-Чарнабыльскі і амсціслаўскі ваявода Юрай Осцік. Каб не выпрабоўваць лёсу, Кміта-Чарнабыльскі намерыўся выкарыстаць новую хітрасць.

Схема бітвы 1564 года на Іван-поліСхема бітвы 1564 года на Іван-полі

Ён накіраваў у Дуброўну ганцоў з весткамі аб перамозе на Іван-полі. Шлях наўмысна быў выбраны праз занятую праціўнікам тэрыторыю. Ганцы адпаведна трапілі ў рукі маскоўцам, і тыя даведаліся, што злу злучацца ўжо няма з кім, што войска Шуйскага разбітае. Пачалася паніка. А тут паказаўся аддзел беларускіх вершнікаў... Захопнікі падумалі, што гэта падыходзіць Радзівіл з усёй сваёй сілай. I войска Абаленскага-Сярэбранага кінула абоз з 25 тысяч вазоў, тысячы коней, баявы рыштунак ды спехам пачало адступаць да Смаленска.

Неўзабаве Вільня ўрачыста вітала пераможцу Мікалая Радзівіла, які ўехаў у сталіцу на кані Шуйскага. Цела ж самога царскага ваяводы з усімі хрысціянскімі пашанотамі было пахаванае ў віленскай царкве Багародзіцы. Па-людску абышліся і з палоннымі. Вяльможных трымалі ў замках, простых за харч і апратку выкарыстоўвалі на розных работах. Тыя ж з баяраў, хто згадзіўся на службу Вялікаму Княству, атрымалі зямельныя надзелы.

Калі весткі пра няўдачы маскоўцаў у Беларусі дайшлі да Івана Жахлівага, ён тым часам баляваў. Цар раз'юшыўся і з сваімі п'янымі застольнікамі выразаў у крамлёўскіх сутарэннях больш за сотню палонных палачанаў.

Бітва на Іван-полі (часта яе называюць таксама бітвай на Вуле) была нашай першай вялікай перамогай над сціжмамі маскоўскага цара ў Інфлянцкай (Лівонскай) вайне. Яна перакрэсліла планы маскоўцаў на паход у цэнтральныя землі Вялікага Княства, стала натхняльным прыкладам у далейшых нялёгкіх змаганнях. Ажно пакуль шабля Стэфана Баторыя не ўціхамірыла ўсходняга драпежніка.

Чарняўскі М.
Дзесяць бітваў. - Вільня: Наша Будучыня, 2004. - 64с

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!