Гістарычны каляндар
20 жніўня 1938

Расстраляны Уладзімер Пракулевіч

Пракулевіч Уладзімер Міхайлаў (1887-1938), беларускі нацыянальны дзяяч. Ураджэнец в.Красналукі Барысаўскага павету. Скончыў Смаленскую гімназію і юрыдычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (1912). Падчас першае расейскае рэвалюцыі ўдзельнічаў у працы сацыял-дэмакратычных гурткоў (РСДРП і Бунду). Да Першае сусьветнае вайны працаваў у Менскай казённай палаце, з 1914 г. - у Менскім акруговым судзе. 3 пачаткам вайны эвакуяваўся ў Маскву, пазьней - рахункавод у структуры Ўсерасейскага камітэту земскіх і гарадзкіх саюзаў па забесьпячэньні войска.

Уладзімер Пракулевіч
Уладзімер Пракулевіч. Фота з судовай справы. 1930 г.

Зь ліпеня 1917 г. зноў у Менску на судовых пасадах. У 1918 г. абраны старшынём Слуцкага зьезду міравых судзьдзяў. 3 прыходам бальшавікоў працаваў міравым судзьдзём у м. Вызна, прыхільнік БПСР. 3 узнаўленьнем савецкае ўлады ў ліпені 1920 г. на пасадзе судзьдзі ў Слуцку. На зьезьдзе Случчыны абраны старшынём Беларускае рады Случчыны. 3 1921 г. у Вільні, у складзе Віленскага Белнацкаму, сябар Загранічнага бюро БПСР. У 1922 г. у ліку "33-х" высланы польскімі ўладамі ў Літву; у 1923 г. у Коўне кааптаваны ў склад ураду БНР на чале з А.Цьвікевічам на пасаду дзяржаўнага сакратара. 3 канца 1923 г. у Празе-Чэскай, удзельнічае ў нацыянальных арганізацыях беларускай эміграцыі. Удзельнік 2-е Бэрлінскае беларускае палітычнае канфэрэнцыі, падпісаўся пад рэзалюцыяй пра ліквідацыю ўраду БНР. 3 траўня 1926 г. у Савецкай Беларусі, працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР. 19 ліпеня 1930 г. арыштаваны ГПУ па "справе СВБ" і на 5 гадоў высланы ў Сьвярдлоўск (Екацярынбург). 9 верасьня 1938 г. зноў арыштаваны "як удзельнік контаррэвалюцыйнай арганізацыі, што працавала на карысьць адной з замежных дзяржаваў", асуджаны на расстрэл. Рэабілітаваны па першым выраку ў чэрвені 1988 г., па другім - у красавіку 1989 г

Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

Увесь спіс падзей

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал