Гістарычны каляндар
10 лістапада 1938

Расстраляны Марк Асьвяцімскі

Асьвяцімскі Марк Аляксандраў (1886-1938), беларускі нацыянальны дзяяч. Ураджэнец Слуцку. У беларускім руху з 1917 г., удзельнік зьездаў прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацыяў і партыяў у Менску ў сакавіку і ліпені таго ж году, адзін з кіраўнікоў слуцкай павятовай міліцыі пры мясцовым камісарыяце Часовага ўраду. Удзельнік Усебеларускага зьезду ў Менску ў сьнежні 1917 г. У 1918 г. сябар БПСР, адзін з кіраўнікоў Слуцкага беларускага нацыянальнага камітэту. У 1919-1920 гг. член ЦК БПСР, да 1924 г. узначальваў яе павятовы камітэт у Слуцку. Удзельнічаў у культурніцкіх акцыях таварыства "Папараць-Кветка". Прыхільнік збліжэньня з бальшавікамі. У лістападзе 1920 г. абраны ў склад Беларускае Рады Случчыны, узначальваў вэрбунковы пункт БВК у Слуцку па наборы добраахвотнікаў у нацыянальнае войска. Двойчы, у 1919 і 1921 гг., арыштоўваўся "чрэзвычайкаю" як эсэраўскі актывіст. У 1924 г., пасьля зьліквідаваньня БПСР, адышоў ад палітычнае дзейнасьці. У 1930-я гг. працаваў эканамістам Гомельскага тлушчакамбінату. Арыштаваны НКВД 11 лютага 1938 г., на вырак "тройкі" расстраляны 10 лістапада 1938 г. Рэабілітаваны 13 ліпеня 1960 г.

Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

Увесь спіс падзей

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал