Гістарычны каляндар
верасень 1917

Утаворана таварыства "Папараць-Кветка"

"Папараць-Кветка" - беларускае культурна-асьветнае таварыства на Случчыне ў 1917-1922 гг. Утворана ў верасьні 1917 г. з ініцыятывы навучэнцаў Слуцкае агульнае земскае (беларускае) гімназіі Сяргеем Буслам ды Янкам Ракуцькам (першы ейны старшыня). У сваім складзе мела 3 сэкцыі: краязнаўчую, літаратурную і драматычна-харавую. Паводле свайго статуту ставіла за мэту прапаганду беларускае мовы, культуры і мастацтва. Знаходзілася пад уплывам беларускіх эсэраў. Намаганьнямі сяброў арганізацыі ў 1920 г. былі выдадзеныя 2 нумары газэты "Наша Каляіна" (больш выдаць не ўдалося, бо ў сьнежні 1920 г. польскімі ўладамі былі канфіскаваныя рукапісы наступных нумароў). У гэты час сябрамі "Папараць-Кветкі" заснаванью філіі таварыства ў іншых вёсках і мястэчках павету, закладзенью каапэратыў "Зара", бюро для беспрацоўных, у сакавіку-ліпені 1920 г. - беларускія настаўніцкія курсы, ладзіліся тэатральныя вечарыны і харавыя выступленьні. Летам 1920 г. у складзе таварыства налічвалася больш за 300 чалавек. У ліпені 1920 г. дзейнасьць арганізацыі забаронена польскімі акупацыйнымі ўладамі. Аднавіла сваю дзейнасьць у лістападзе 1920 г. Ейныя актывісты прынялі чынны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Беларускага зьезду Случчыны і ў збройным чыне, рэштка сяброў таварыства працягвала дзейнасьць і за бальшавікамі. Спыніла сваё існаваньне ў пачатку 1922 г. пасьля масавых арыштаў на Случчыне беларускіх нацыянальных дзеячоў.

Таварыства Папараць-Кветка
Сябры Беларускага-культурна-асьветнага таварыства "Папараць-Кветка". Слуцак, 1920 г.

Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

Увесь спіс падзей

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал