Гістарычны каляндар
красавік 1897

Нарадзіўся Юрка Лістапад

Лістапад Юрка (Георгі) Іванаў (1897-1938), беларускі нацыянальны дзяяч. Ураджэнец в. Варкавічы Слуцкага павету. Скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю (1914), працаваў настаўнікам на Случчыне.

Юрка Лістапад
Сябра Беларускае Рады Случчыны Юрка Лістапад

У беларускім руху з 1917 г. У 1918 г. у Менску скончыў 1-я Беларускія пэдагагічньы курсы, адзначаўся пэдагагічнаю радай курсаў (Язэп Лёсік, Усевалад Ігнатоўскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Нэканда-Трэпка ды інш.) за добрае валоданьне беларускай мовай і веданьне гісторыі Беларусі. Ягоны выпускны твор "Слуцкае вясельле" Язэп Лёсік надрукаваў у менскай газэце "Беларусь" у траўні 1920 г. У 1919 г. працаваў у менскіх беларускіх выдавецтвах, пераклаў на беларускую мову апавяданьне Ўл.Караленкі "Бяз мовы", камэдыі А. Астроўскага "Беднасьць ня ганьба" й "На бойкім месцы", а таксама падручнік "Арытмэтыка" Цыгельмана. Увосень 1919 г. накіраваны Беларускаю школьнаю радай Меншчыны школьным інструктарам на Случчыну, дзе з дапамогаю Андрэя Бараноўскага ды іншых актывістаў нацыянальнага руху ствараў беларускія школы. Актыўна ўдзельнічаў у працы слуцкіх беларускіх арганізацыяў (Нацыянальны камітэт, "Папараць-Кветка" ды інш.). У лістападзе 1920 г. абраны ў Беларускую Раду Случчыны, удзельнік антыбальшавіцкага збройнага чыну. 3 1921 г. у Заходняй Беларусі, вучыўся на Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (адначасова быў іх адказным сакратаром). Пазьней інструктар беларускіх школаў на Віленшчыне. Улетку 1922 г. у Савецкай Беларусі, у 1923-1925 гг. працаваў выкладчыкам беларусазнаўства на Слуцкіх агульнаадукацыйных пэдагагічных курсах. У кастрычніку 1925 г. арыштаваны ГПУ паводле абвінавачаньня ў антысавецкай дзейнасьці па "лістападаўскай справе". Асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня. У 1927 г. амніставаны, доўгі час нямог уладкавацца на працу. Зарабляў грошы як "вольны перакладчык" у Белдзяржвыдавецтве. Улетку 1930 г. зноў арыштаваны па "справе Саюзу вызваленьня Беларусі", але празь некалькі месяцаў выйшаў на волю. Каб пазьбегнуць наступных арыштаў, у ліпені 1933 г. перасяліўся ў Ржэва, дзе працаваў рахункаводам. У кастрычніку таго ж году быў арыштаваны ГПУ па сфабрыкаванай "справе Беларускага нацыянальнага цэнтру", і ў студзені 1934 г. асуджаны на 8 гадоў канцлягеру. 31 сакавіка 1938 г. засуджаны "тройкай" на расстрэл.

Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!


Спасылкі па тэме: