Гістарычны каляндар
27 красавіка 1584

Памёр Мікалай Радзівіл Руды

Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584) ваявода трокскі, вялікі гетман літоўскі, вялікі канцлер літоўскі, быў сынам праслаўленага абаронцы Юрыя Радзівіла. Бараніць Бацькаўшчыну для дзяржаўных мужоў Вялікага княства было галоўным абавязкам. Славуты гетман дастойна працягваў справу бацькі, які быў героем вядомай Аршанскай бітвы і якога за шматлікія перамогі называлі "Геркулесам".Мікалай Радзівіл Руды

Залатымі літарамі ўпісалася ў гісторыю бітва на рацэ Вуле, дзе войскам княства кіраваў Мікалай Руды. З захопу Полацка Іван Жахлівы пачаў агрэсію супраць Беларусі. Пачалася крывавая Лівонская вайна. Найвышэйшы гетман ВКЛ, якому падпарадкаваліся ўсе войскі дзяржавы, на сейме ў Вільні дамагаецца вайсковых падаткаў, каб падрыхтавацца да вайны. Масковія наступала з двух бакоў - з Полацка і Смаленска. Дзве трыццацітысячныя армады павінны былі адрэзаць ад ВКЛ Полацк, Оршу, Віцебск, каб потым аб'яднацца і рушыць на Вільню.

Стратэгія, якую распрацаваў найвышэйшы гетман Мікалай Руды і дворны гетман Рыгор Хадкевіч, не дазволіла злучыцца дзвюм арміям і прадухіліла акупацыю большай часткі Беларусі і захопу Вільні.

26 студзеня 1564 года маскоўская армада на чале з ваяводам П. Шуйскім падышла да ракі Вулы. Тут іх чакалі ў засадзе рыцары найвышэйшага гетмана. Атака была раптоўная, а бітва маланкава-хуткацечная. Радзівілаўскі корпус налічваў не больш за 5 тысяч ваяроў, але гэта была выдатна ўзброеная мабільная конніца беларускай шляхты - спрадвечнай абаронцы краіны. Найвышэйшы гетман Мікалай Руды біўся поплеч са сваімі рыцарамі. Маскавіты былі поўнасцю разбіты. Ваявода Шуйскі з паловай войска загінуў, а астатнія разбегліся.

Другая частка армады ў гэты час падыходзіла да Оршы пад кіраўніцтвам князя Сярэбранага. Оршу бараніў двухтысячны корпус аршанскага старосты Філона Кміты-Чарнабыльскага. Чуткі пра перамогу пад Вулай і падыход Радзівіла да Оршы пасеялі паніку ў войску князя Сярэбранага. Маскавіты ў паніцы разбягаліся, баючыся помсты, пакідаючы абозы з нарабаваным дабром.

Бліскучая вайсковая аперацыя каля Вулы, якая прынесла перамогу беларускім ваярам на чале з найвышэйшым гетманам Мікалаем Рудым Радзівілам, стала вядомай ва ўсёй Еўропе, прадэманстраваўшы выдатную вайсковую арганізацыю ў Вялікім княстве, высокае вайсковае кіраўніцтва ягоных палкаводцаў і, галоўнае, неўтаймаваны баявы дух беларускага рыцарства. Шмат яшчэ было перамог у найвышэйшага гетмана Радзівіла, і ў тым ліку вызваленне Полацка ў 1579 годзе. Перамога на рацэ Вуле спрыяла адцягненню падпісання уніі ВКЛ і Польскай Кароны і акупацыі Беларусі.

Цяжкія абставіны ў сувязі з агрэсіяй Івана Жахлівага ўсё ж змусілі княства падпісаць у 1569 годзе ганебную Люблінскую унію. Праслаўлены пераможца дзесяткаў бітваў Мікалай Радзівіл Руды плакаў, стоячы на каленях перад каралём Жыгімонтам і заклінаючы таго імем Ягайлы не падпісваць унію, улічыць інтарэсы Вялікага княства. Выступаючы супраць уніі, літоўскія патрыёты пісалі Мікалаю Рудому гнеўныя пратэсты. Вось невялікі ўрывак з пісьма Хадкевіча: "Я нават адмаўляюся гаварыць, якое вялікае зло Люблінскай уніі для "убогай і нужднай Літвы". Моцна баліць сэрца, гледзячы на тое, што з намі робіцца, бо нас сустракае зло іменна з таго боку, адкуль мы аднаго толькі дабра спадзяваліся". У другім лісце той жа Хадкевіч працягваў: "Паведамляю аб трагічнай канчыне майго стрыя Ераніма Хадкевіча, трокскага пана. Размаўляючы ў мяне за абедам з Асалінскім аб тым, якую згубу прыносіць нам гэтая унія, ён, пад уплывам любові да Айчыны, пажадаў сабе не дачакацца яе. Так і здарылася: пад раніцу ён аддаў душу Богу".

Нягледзячы на тое, што Люблінская унія запісала дамоўленасць аб роўнасці і вольнасці Кароны і Вялікага княства, але хутка яны пачалі парушацца.

Мікалай Руды даказваў каралю: "Якая ж гэта будзе унія Літвы з Польшчай, калі ад Літвы адарвалі шмат абласцей дэкрэтамі. Пасля гэтага можна сказаць, што Літвы больш не існуе, а разам з гэтым і нейкай уніі". Ад'язджаючы з Кракава пасля таго, як скончыліся перагаворы, Мікалай з болем і горыччу сказаў: "Нават вораг падчас перамір'я не парушае ўласнасці, а нас, жывушчых у вечным міры і братэрстве з вамі, вы, палякі, пазбавілі гэтага права. Справядлівасці на зямлі мала! Але Бог такой няпраўды з намі не прапусціць: рана альбо позна, але расплата будзе!".

Пасля смерці бацькі ў 1541 годзе Мікалай Руды атрымаў вялікую спадчыну, у тым ліку Біржы Жупраны, Дубінкі і дзесяткі іншых маёнткаў. За заслугі перад радзімай быў узнагароджаны гарадамі Барысавам, Лідай, Мозырам, Ашмянамі, Койданавам і іншымі тэрыторыямі.

Пасля смерці Мікалая Чорнага біржанскі князь узначаліў пратэстантаў ВКЛ. Шмат вядомых палітычных і рэлігійных дзеячаў прысвяцілі яму свае творы. Нават пісьменнікі-католікі славілі яго за перамогу пад Вулай.

Мікалай Руды памёр у Вільні ў 1584 годзе, а пазней быў пахаваны ў Дубінках у кальвінскім зборы.

К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал