Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Павел Сухі
Ад зробленага ім - займае дух! I гэта зусім не перабольшанне. Вось ужо не адно дзесяцігоддзе спецыялісты авіяцыйнай тэхнікі з самых розных краін свету перад справамі, набыткамі і здзяйсненнямі нашага земляка гатовы, што называецца, зняць капялюш: у знак павагі і прызнання! А нам застаецца толькі радавацца, ганарыцца і даражыць светлым імем Паўла Восіпавіча...
Канструктар з XXI стагоддзя
Будучы стваральнік рэактыўнай і звышгукавой авіяцыйнай тэхнікі Павел Сухі (1895-1975) нарадзіўся ў горадзе Глыбокае на Віцебшчыне. Бацькі яго - Восіп Андрэевіч і Лізавета Якаўлеўна - працавалі ў тамтэйшым народным вучылішчы. Скончыўшы яго, Павел таксама настаўнічаў, але - нядоўга: у 1914-м быў мабілізаваны ў царскую армію і неўзабаве апынуўся на фронце Першай сусветнай вайны ў якасці прапаршчыка-артылерыста.
Пасля вайны Павел паступае ў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча, дзе з захапленнем слухае лекцыі і наведвае тэарэтычныя семінары самога Мікалая Жукоўскага - хроснага бацькі рускай і савецкай авіяцыі. У 1925-м 30-гадовы малады чалавек бліскуча заканчвае вучылішча і атрымлівае запрашэнне на працу ў сталічны Цэнтральны аэрагідрадынамічны інстытут. Тут таленавіты спецыяліст трапляе ў не менш "знакамітыя" рукі - да Андрэя Тупалева, з якім жыццёвы і творчы лёс спачатку звяжа яго на гады, а потым "зробіць" і канкурэнтамі-сапернікамі - на цэлыя дзесяцігоддзі...
Вучнем і паслядоўнікам сваіх знакамітых настаўнікаў Павел Восіпавіч аказаўся здольным і настойлівым, і ўжо ў 1932 годзе нашаму зямляку давяраюць узначаліць праектаванне самалётаў РД (шырэй была вядома іншая назва яго - "АНТ-25") і "Радзіма" ("АНТ-37 біс"). Што гэта была за тэхніка, сведчыць толькі адзін факт: менавіта на самалёце "АНТ-25" у 1936 годзе лётчыкі Валерый Чкалаў, Георгій Байдукоў і Аляксандр Белякоў ажыццявілі легендарны пералёт па маршруце Масква-Зямля Франца Іосіфа-Петрапаўлаўск-Камчацкі працягласцю 9374 кіламетры, а на наступны год без пасадкі праз Паўночны полюс даляцелі з Масквы да амерыканскага Портленда. Пра новую савецкую авіяцыйную тэхніку загаварыў увесь свет, і ў знак прызнання заслуг Паўла Сухога ў яе стварэнні яму даручаюць стварыць і ўзначаліць уласнае доследнае Канструктарскае бюро.
На працягу 1939-1949 і 1953-1975 гадоў Павел Восіпавіч Сухі з'яўляўся спачатку галоўным, а потым- генеральным канструктарам гэтага галоўнага навукова-даследчага авіяцыйнага цэнтра Савецкага Саюза. I зусім невыпадкова ў 1976-м, пасля смерці стваральніка-авіяканструктара, гэтаму Канструктарскаму бюро было прысвоена імя Паўла Сухога.
Пад кіраўніцтвам і пры самым непасрэдным удзеле Паўла Восіпавіча амаль што за чатыры дзесяцігоддзі былі створаны: знішчальнік-манаплан з хаваемым у палёце шасі "І-14", шматмэтавы самалёт "Су-2", браніраваны штурмавік "Су-6", рэактыўны франтавы знішчальнік "Су-9" з тармазным парашутам і катапультай, звышгукавыя рэактыўныя знішчальнікі-перахопнікі з герметычнай кабінай "Су-15", а таксама са стрэлападобнымі і трохвугольнымі крыламі, знішчальнік са зменнай геаметрыяй крыла "Су-17", франтавы бамбардзіроўшчык "Су-24", браніраваны звышгукавы штурмавік "Су-25", высокаманеўраны знішчальнік "Су-27", стратасферны стратэгічны разведчык-ракетаносец "Т-4"... А ўвогуле Павел Сухі быў канструктарам звыш 50 мадэлей самалётаў, больш за 20 з якіх выпускаліся серыйна і знаходзіліся і знаходзяцца зараз на ўзбраенні армій многіх краін свету.
На самалётах канструкцый П. Сухога ўстаноўлены дзесяткі сусветных рэкордаў па працягласці, вышыні і скорасці палётаў Сотні лётчыкаў Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны на яго машынах сталі Героямі Савецкага Саюза, здзейсніўшы пры гэтым дзесяткі паветраных таранаў (асабліва на самалётах "Су-2").
Між іншым, не ўсё гладка і бясхмарна было ў навукова-даследчыцкім і канструктарскім лёсе Паўла Восіпавіча. З 1949-га па 1953-ці гады яго Канструктарскае бюро было зачынена: падчас выпрабаванняў у выніку няправільнай эксплуатацыі адзінага экземпляра "Су-15" машына разбілася, што і стала падставай I. Сталіну даць каманду спыніць распрацоўкі... Дзякуй Богу, справядлівасць пасля смерці "бацькі народаў" была адноўлена...
Здараліся і канфлікты, непаразуменні ў нашага слыннага авіяканструктара (а на працягу 40-х - 60-х гадоў Павел Восіпавіч стаў доктарам тэхнічных навук, двойчы Героем Сацыялістычнай Працы, лаўрэатам Ленінскай і двойчы - Дзяржаўных прэмій СССР) і з калегамі (чытай: з зайздроснікамі!), і з трымальнікамі ўлады... А ў выніку - цярпела справа! Так і не "пайшоў" у серыйную вытворчасць створаны ў Канструктарскім бюро Паўла Сухога стратэгічны разведчык-ракетаносец "Т-4", ласкава названы "Соткай" - самалётам XXI стагоддзя. Унікальная машына са скорасцю 3200 кіламетраў у гадзіну, за якой проста не маглі ўгнацца знішчальнікі, вельмі і вельмі працяглы час не ведала аналагаў у свеце!
Дарэчы, і амерыканскі самалёт-шпіён "У-2" з Гары Паўэрсам на борце ў 1960-м быў збіты не савецкай ракетай, як тое афіцыйна сцвярджаецца і да гэтага часу, а незадоўга да таго створаным рэактыўным знішчальнікам "Су-9"...
Што ж, наша гісторыя, а тым больш - ваенная - без загадак і таямніц "абыходзіцца" пакуль што проста не можа...
Імем Паўла Восіпавіча Сухога Беларусь ганарыцца, хаця і далёка не спаўна яшчэ: яно прысвоена пакуль што толькі Гомельскаму тэхнічнаму універсітэту...