Гістарычны каляндар
28 лютага 1918

Нарадзіўся Міхась Ганько

Міхась Ганько (Michał Hańko)Ганько Міхась, Сын Яўхіма і Марыі Ганько. Нарадзіўся 28 лютага 1918 г. на хутары Калядзіна Лебедзеўскай воласці Маладзечанскага паветаў заможнай сялянскай сям'і. Скончыў Маладзечанскую гімназію, увосень 1938 г. паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта. Аднак не належаў да універсітэцкага Беларускага студэнцкага саюза і не браў удзелу ў беларускім грамадска-культурным руху. У 1939_1941 гг. працаваў настаўнікам у Маладзечанскім раёне, пазней - бухгалтарам у канторы "Заготсена". У маі 1941 г. прызваны ў Чырвоную Армію, пасля пачатку вайны накіраваны на фронт.

У палон трапіў на пачатку ліпеня 1941 г. пад Псковам. У выніку старанняў Фабіяна Акінчыца вызвалены з лагера ваеннапалонных і накіраваны ў Вустраўскую школу прапагандыстаў, дзе ўспрыняў нацыянал-сацыялістычную ідэалогію, якая стала асноўным арыенцірам ягонай пазнейшай дзейнасці.

На пачатку 1942 г. (верагодна, у лютым) Ганько скіраваны ў Мінск і прызначаны супрацоўнікам аддзела прапаганды Генеральнага камісарыята. Супрацоўнічаў з Акінчыцам у Берліне. У канцы лютага 1943 г., пасля скандалу з лістом Барановіча Вільгельм Кубэ страціў давер да Ганько, абвінаваціў яго ў падрыўной дзейнасці, хацеў арыштаваць, аднак задаволіўся ўсталяваннем над ім паліцэйскага нагляду. Невыпадкова ягоны брат Мікола Ганько сцвярджаў, што да гэтага часу Міхась нічога не рабіў для заснавання СБМ, "нават пальца не прыклаў", не ведаў таксама, чаму яго прызначылі кіраўніком СБМ. Не назваў Кубэ Ганько і падчас нарады 8-10 красавіка 1943 г. шэфаў акупацыйнай адміністрацыі, прысвечанай, галоўным чынам, пытанням СБМ. Фармальнае прызначэнне Ганько шэфам-правадніком адбылося ў дзень абвяшчэння СБМ, гэта значыць 22 чэрвеня 1943 г., хоць рашэнне было прынята генеральным камісарам некалькімі тыднямі раней. Няясна, што паўплывала на змену стаўленьня Кубэ да Міхася Ганько - паліцэйская рэкамендацыя, смерць Акінчыца, дэпартацыя Ермачэнкі ў Прагу ці іншыя прычыны. Але, відаць, найбольшую ролю ў справе прызначэння адыграла нацыянал-сацыялістычная арыентацыя Ганько і ягоная ня вымушаная гатоўнасць выконваць загады і патрабаванні нямецкіх уладаў.

Калі Ганько даведаўся пра сваё прызначэнне, ён адразу прыехаў дамоў і, як запісаў у дзённіку брат Мікола, "сказаў, што ён выступае на палітычную арэну, і пра яго будзе ведама амаль па ўсёй Беларусі". Пра ягоныя амбіцыі захавалася нямала выказванняў СБМаўскіх супрацоўнікаў, скрупулёзна выбраных і апублікаваных Цінай Клыкоўскай.

У чэрвені-ліпені 1943 г. Ганько арганізаваў Кіраўнічы штаб і акруговыя структуры СБМ, наглядаў за арганізацыяй курсаў для СБМаўскіх функцыянераў, на якіх выступаў з дакладамі пра мэты і заданні СБМ, арганізацыю акруговых структур, пытанні беларускага нацыянальнага руху. Рэдагаваў і выдаваў часопіс "Жыве Беларусь!", прыцягнуў да яго супрацоўнікаў, змяшчаў шматлікія артыкулы, хроніку, вершы, у тым ліку свае, песні ды іншыя матэрыялы. Ганько быў здольным прапагандыстам і ўплываў на стаўленне моладзі да СБМ, ад імя якога выступаў на Другім Усебеларускім кангрэсе.

Пасля эвакуацыі з Беларусі на пачатку ліпеня 1944 г. быў накіраваны ў горад Тропаў у Судэтах, дзе спрабаваў аднавіць Кіраўнічы штаб СБМ, дзейнасць якога ўжо не мела практычнага значэння. У прыватнасці, ён не меў ніякага ўплыву на Працоўную групу СБМ, якой загадваў Барановіч з ягонымі нямецкімі начальнікамі, а таксама на юнакоў у складзе нямецкай арміі. Кааптаваны 15 верасня 1944 г. у склад Беларускай Цэнтральнай Рады, беспаспяхова развіваў праекты стварэння Саюза вызвалення Беларусі. Усе ягоныя намеры спыніла студзеньскае наступленне Чырвонай Арміі, і 24 студзеня 1945 г. ён пакінуў Тропаў. Паводле ўспамінаў калегаў, блукаў без канкрэтнай мэты па Нямеччыне ў пошуках выйсця з драматычнага становішча.

У канцы красавіка 1945 г. знаходзіўся ў Празе, аднак, насуперак выказванням розных аўтараў, не далучыўся ні да ўласаўскага Камітэта вызвалення народаў Расіі, ні да Дальвіцкага батальёна Родзькі. Паводле Герцага, які карыстаўся звесткамі Нікеля, Міхась Ганько загінуў у маі 1945 г. у Празе. Адсутнасць верагодных сведчанняў пра ягоны ўдзел у збройным змаганні дазваляе меркаваць, што ён або выпадкова загінуў падчас Пражскага паўстання, або скончыў жыццё самагубствам. Ганько да канца заставаўся фанатычным нацыянал-сацыялістам і не бачыў магчымасці вырашэння пытання беларускай дзяржаўнасці шляхам прыстасаванства да пераможных саюзійкаў.

Крыніца: Юры Туронак. Людзі СБМ

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал