Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Мацей Радзівіл
Мацей Радзівіл (10 лістапада 1749 - 2 кастрычніка 1800) падкаморы літоўскі, кашталян віленскі быў таленавітым паэтам, кампазітарам і грамадскім дзеячам. Яго бацькамі былі Леон Міхал Радзівіл з шыдлавецкай галіны і Ганна Людвіка з Мыцельскіх.
Пасля ранняй смерці Леона Радзівіла Ганна выйшла другі раз замуж за Міхала Казіміра Радзівіла Рыбаньку і пасялілася ў Нясвіжы разам з дзецьмі ад першага шлюбу.
Маленькім хлопчыкам Мацей трапіў у вельмі спрыяльныя ўмовы для развіцця свайго музычнага і паэтычнага таленту, бо Нясвіж у той час лічыўся цэнтрам музычнага мастацтва ў Еўропе. Яго настаўнікамі былі таленавітыя музыканты і спевакі.
У канцы 60-х гадоў малады магнат па традыцыі таго часу накіраваўся ў падарожжа па Еўропе, каб удасканаліць сваё музычнае майстэрства, набыць новыя веды ва універсітэтах Германіі, Італіі, Францыі. Ён наведаў Дрэздэн, Гданьск, Карлавы Вары, Прагу, дзе пазнаёміўся з апошнімі дасягненнямі ў музычным мастацтве. У канцы 70-х гадоў вярнуўся ў Нясвіж і жыў побач са зводным братам Каралем Станіславам Радзівілам. У гэты час у Нясвіжы расквітнела дзейнасць оперна-балетнага тэатра, дзе працавалі еўрапейскія славутасці, напрыклад, італьянскі спявак, дырыжор і кампазітар Д. Альберціні, чэшскі арганіст, кампазітар і піяніст Я. Дусік. На нясвіжскай сцэне ставіліся лепшыя творы Д. Чымарозы, Д. Сарці, I. Голанда і іншых. Далёка за межамі Нясвіжа разнеслася слава прыдворнага радзівілаўскага балета, якім кіраваў у гэты час беларускі балетмайстар А. Лойка. На высокім узроўні працавала нясвіжская капэла, якая выконвала творы I. Гайдна, Я. Стаміца і іншых. Пад уплывам музычнага асяроддзя Мацей Радзівіл уключыўся ў актыўнае жыццё тэатра. Ён пачаў пісаць уласныя мастацкія творы.
Да прыезду польскага караля Станіслава Аўгуста была падрыхтавана аперэта "Агатка", словы да якой напісаў Мацей Радзівіл. У 1786 годзе ён стварыў оперу "Войт Альбянскага паселішча", напісаўшы словы і музыку. У першых пастаноўках спектакля нават выконваў галоўную ролю. Ім былі створаны паланэзы-карціны, паланэзы-балады, якія папярэднічалі аднатыпным творам В. Казлоўскага, М. Агінскага, Ф. Шапэна. Разам з аркестравымі паланэзамі Мацей напісаў і некалькі фартэпіянных.
У 1790 годзе будучы прызначаны апекуном малалетняга Дамініка Радзівіла ён застаецца ў Нясвіжы, дзе сустракае паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Перад гэтым ім было горача падтрымана Канстытуцыя ад 3 мая. На свае грошы Мацей Радзівіл узброіў некалькі атрадаў. Сваім сялянам, якія вырашылі прыняць удзел у ваенных дзеях, дараваў вольную.
Мацей Радзівіл і сам быў у радах змагароў за незалежнасць і свабоду айчыны. Царскія ўлады праследавалі яго, адабралі права апекі над малалетнім князем Дамінікам. Апошнія гады ён правёў галоўным чынам у Паланечцы, якая ў гэты час зрабілася цэнтрам культуры і мастацтва краю. У 1787 годзе ажаніўся з маладзенькай Эльжбетай Хадкевіч і меў з ёй сына Канстанціна і дачку Антаніну.