Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл
Караль Станіслаў Радзівіл VIII ардынат нясвіжскі, вялікі канцлер літоўскі нарадзіўся 17 лістапада 1669 года ў Кракаве, калі бацькі прымалі ўдзел ва ўрачыстасцях з выпадку каранацыі польскага караля Міхала Карыбута Вішнявецкага, які потым згадзіўся быць хросным бацькам народжанага.
Пачатковую адукацыю хлопчьк атрымаў пры дапамозе хатніх настаўнікаў і клапатлівай маткі Кацярыны з Сабескіх, а затым некалькі гадоў вучыўся ў нясвіжскай школе. Калі Каралю споўнілася дзесяць гадоў, яго з братам адправілі прадоўжыць навучанне ў Люблін.
У 16 гадоў Караль Станіслаў Радзівіл атрымаў свой першы тытул - стольніка літоўскага, а праз некаторы час - званне канюшага. У 1684 годзе ён выехаў у падарожжа, наведаў Кракаў, Вроцлаў, Франфуркт, Берлін, Дрэздэн, у Пражскім універсітэце праслухаў курс па філасофіі. Працягваючы падарожжа, наведаў дзесяткі еўрапейскіх гарадоў, у тым ліку Парыж, Лондан, Оксфард.
У 1698 годзе князь Радзівіл атрымаў тытул вялікага канцлера літоўскага. Сваёй разважлівасцю і памяркоўнасцю ў справах дзяржавы прытрымліваўся палітыкі свайго дзядзькі Альбрыхта Радзівіла. Летам 1702 года французскі кароль і яго пасол Герон абмяркоўвалі кандыдатуру Караля Станіслава на польскі трон замест Аўгуста II. Крывавыя спрэчкі паміж Аўгустам II і Станіславам Ляшчынскім далі падставу ўмяшацца ў справы Рэчы Паспалітай двум ваенным геніям таго часу Пятру Вялікаму і Карлу XII. Шведы падтрымлівалі Ляшчынскага і рабавалі Польшчу і Літву.
Петр I некалькі разоў сустракаўся з нясвіжскім ардынатам. Не аднойчы на перамовы да Радзівіла прыязджалі Мазепа і Меншыкаў. Карл XII таксама спрабаваў схіліць Караля Станіслава на свой бок, бо ён быў магутным праціўнікам. Калі мірным шляхам гэта не ўдалося, шведскі кароль пачаў плюндраваць яго гарады і маёнткі. Адным з першых ахвярай яго нянавісці стаў Нясвіж. Знешняй, а можа і галоўнай, прычынай для рабаўніцтва тутэйшых ваколіц паслужылі 40 тысяч казакаў пад кіраўніцтвам Мазепы, якіх разам з расіянамі Петр I размясціў у Мінску, Слуцку, Нясвіжы і іншых гарадах ВКЛ. Не ўцалела ні адна вёска, ні адзін горад, якія належалі Радзівілам і іх прыхільнікам.
У 1709 годзе Караль Радзівіл будучы ў Белай атрымаў паведамленне аб паражэнні Карла XII пад Палтавай. Улада Аўгуста II у Рэчы Паспалітай была адноўлена. 15 кастрычніка 1709 года нясвіжскі князь сустрэўся з Пятром I і Аўгустам II у Варшаве. Як і ягоны сваяк Альбрыхт Радзівіл, Караль займаў памяркоўную пазіцыю ў спрэчках. Роля яго ў палітыцы была велізарнай. Ён карыстаўся павагай і сімпатыяй у шляхты, у вачах якой быў заўсёды справядлівым, за што і меў мянушку Джастыс (Справядлівы).
Жонкай Караля Станіслава Радзівіла была Ганна Кацярына з Сангушкаў, энергічная, працавітая, апантаная мецэнатка мастацтва, стваральніца дзесяткаў мануфактур, актыўная удзельніца ў палітычным і эканамічным жыцці краіны.
Мемуары XVIII стагоддзя расказваюць аб незвычайным шлюбе, калі аднойчы Кацярына Радзівіл з Сабескіх паклікала да сябе сваячку Ганну Сангушка, па бабцы Радзівіл, і загадала ёй вечарам апрануць белую секунку. Дзяўчына падумала, што будзе прысутнічаць на шлюбнай цырымоніі адной з сябровак. Але вечарам Ганне сказалі, што ў парафіяльным касцёле сціпла адбудзецца яе ўласны шлюб, прозвішча нарачонага аднак не сказалі. I толькі каля алтара Ганна пабачыла сына Кацярыны з Сабескіх Караля Станіслава Радзівіла.
У сваіх вотчынных вёсках і гарадах Ганна Кацярына заснавала шэраг мануфактур, дзе працавалі побач замежныя і мясцовыя рамеснікі. Апошнія ўплывалі на вырабы, аздабляючы іх мясцовымі традыцыямі вясковага мастацтва, асабліва ў галіне ткацтва і ганчарства. Для шкляных і фаянсавых мануфактур выкарыстоўвалася мясцовая сыравіна. Улічваючы вялікую патрэбу ў крышталёвым гравіраваным посудзе, Ганна Кацярына заклала ў 1717 годзе шкляную мануфактуру ў Налібоках. Сюды ў 1724 годзе яна запрасіла саксонскага тэхнолага па вытворчасці багемскага шкла Канстанціна Фрэмеля. Калі ў Еўропе ў XVIII стагоддзі з'явіліся ванны, Радзівілы першымі ў ВКЛ увялі іх у сваіх палацах. Са здзіўленнем аглядалі госці ванну ў Нясвіжы, адлітую з блакітнага шкла ў Налібоках. Захапленне выклікалі вырабы з рубінавага, рэдкага па колеру зялёнага шкла з ізумрудным адценнем, блакітнага, пурпурнага. У Налібоках асвоілі тэхніку рэльефнай разьбы па крышталю, адліванню медальёнаў, на якіх гравіраваліся партрэты, кубкаў для падарункаў каралям, родзічам і сябрам.
У 1737 годзе нясвіжская княгіня залажыла люстэркавую мануфактуру ва Урэччы, дзе доўгія гады вырабляліся дэкаратыўныя рэчы для інтэр'ераў, крышталёвы посуд для сервіроўкі стала. Саксонскі майстар Тэадор Шэрбер наладзіў выпуск аздоб для люстраў, свечнікаў, жырандоляў, рэфлектараў і люстэркаў. Ганна Радзівіл вельмі клапацілася, каб даць патрэбную адукацыю мясцовым жыхарам, якія паступова замянялі іншаземных майстроў. Сумесная праца мясцовых майстроў з іншаземнымі нарадзіла незвычайнае самабытнае грэцка-налібоцкае шкло.
Высока ацэньваў дзейнасць Ганны Радзівіл польскі кароль Станіслаў Аўгуст, які пісаў Пане Каханку: "Сардэчна дзякую Вашай Княскай Вялікасці, а таксама выказваю радасць маю - бачыць, што гэта цудоўная мануфактура - справа нябожчыцы бабкі Вашай Княскай Мосці, развіваецца і працвітае дзеля ўпрыгожання і карысці краю. I так цяпер сказаў, каб у рэзідэнцыі маёй тутэйшай у Лазенках іншага шкла не давалі мне да стала. Хай кожны ведае, што ўмеюць рабіць у Налібоках".
Ён ганарыўся налібоцкім шкляным посудам, прысланым яму ў дар.
Партрэт Ганны Кацярыны з нясвіжскай мастацкай галерэі напісаны ў першай палове XVIII стагоддзя ў чорным колеры збярогся да нашага часу. Чорнае адзенне закрывае ўсё, што магчыма: постаць, валасы. Выразна выдзяляецца паўнаваты твар пажылой жанчыны і белыя арыстакратычныя рукі. Левая рука абапіраецца на крэсла, абцягнутае яркай чырвонай парчой. Правая рука прыжата да грудзей, трошкі ніжэй за сэрца. Выразныя цёмныя вочы на стомленым твары носяць сляды шматлікіх душэўных бур і гора. А гора княгіні Ганне хапала. 3 пятнаццаці народжаных ёю дзяцей сем памерлі ў дзяцінстве. Польскі гісторык і пісьменнік Юзаф Крашэўскі падае своеасаблівую легенду, па якой маці страціла прыгажуню-дачку напярэдадні яе вяселля. Ужо прыгатаваны пышныя вясельныя аздобы, запрошаны шматлікія госці. Нявеста раптам памірае. I тады маці дала абет заўсёды хадзіць у чорным.
Ганна Кацярына з Сангушкаў памерла 23 кастрычніка 1746 года ў Міры. Урачыстае пахаванне адбылося ў радзівілаўскай крыпце ў Нясвіжы разам з маленькім каханым унукам Мікалаем.