Гістарычны каляндар
27 лютага 1734

Нарадзіўся Караль (Пане Каханку) Станіслаў Радзівіл

Пане КаханкуКараль Станіслаў па мянушцы Пане Каханку X ардынат нясвіжскі нарадзіўся 27 лютага ў Нясвіжы разам з братам-блізняткам Янушам, які рана памёр. Яго бацькам быў Міхал Казімір Рыбанька, а маткаю - знакамітая Францішка Уршуля з Вішнявецкіх.

Адукацыяй і выхаваннем хлопчыка займаліся хатнія настаўнікі і выхавацелі. Яны павінны былі выконваць волю і ўсе жаданні своеасаблівага, нават крыху капрызнага хлопчыка. Разам з сябрамі Валадковічам і Рэйганам чытаць і пісаць ён вучыўся вельмі цікавым спосабам. Настаўнік, каб навука ішла шпарчэй, ператварыў яе ў прыцягальную забаву. На двары замку ён умацаваў вялікую драўляную дошку з табліцай і размясціў на ёй літары азбукі. Хлопчыкі стралялі з пісталетаў у патрэбную літару і вельмі хутка запаміналі яе. Працяглы час Караль Станіслаў вучыўся ў езуіцкай школе, але пасля цяжкай хваробы дактары, а за імі і бацька, забаранілі прымушаць сына да навукі. 3-за хваробы ён не атрымаў сталай адукацыі і гэты недахоп адчуваў усё жыццё, асабліва ў недастатковым валоданні замежнымі мовамі.

Караль Станіслаў вельмі рана пачаў удзельнічаць у палітычным і грамадскім жыцці краіны. У шаснаццаці-гадовым узросце ён быў абраны дэпутатам трыбуналу, а ў семнаццаць меў званне палкоўніка.Трэба адзначыць, што палітычнае жыццё ў той час у Вялікім княстве Літоўскім было вельмі складаным. Дзве магутныя партыі - Чартарыйскіх і Радзівілаў процістаялі друг другу. I тыя, і другія не раз выкарыстоўвалі ганебныя сродкі ў барацьбе паміж сабою.

На пасяджэнні трыбуналу ў Вільню альбо ў Мінск малады Радзівіл прыязджаў з вялікай помпай. У экскорце ішло дзвесце драгунаў з надворнай шляхты, янычарская харугва ў сто чалавек, апрача таго, сто чалавек венгерскай трыбунальскай пяхоты. Сустракаць князя на паўмілі ад Мінска выязджала амаль усё мінскае ваяводства. Ён шчодра ўсіх частаваў. Гэта традыцыя была на першым месцы на працягу ўсяго яго жыцця.

Калі Пане Каханку споўнілася 19 гадоў, ён узяў шлюб з Марыяй Любамірскай. Вяселле адбывалася з грандыёзнымі ўрачыстасцямі, у якіх прымала ўдзел вялікая колькасць прыхільнікаў Радзівілаў з Літвы і Кароны. Тысячы гасцей надоўга запомнілі гэтае вяселле, але жыццё маладой пары не было шчаслівым - сям'я распалася.

У 1760 годзе Пане Каханку напаткала яшчэ адно няшчасце: ён страціў найлепшага сябра Міхала Валадковіча, з якім амаль ніколі не разлучаўся. За нязначную правіннасць ворагі Радзівілаў прысудзілі яго да расстрэлу і паспяшаліся выканаць прысуд у адсутнасці Пане Каханку. Малады Радзівіл доўга аплакваў смерць Міхала, а перад смерцю сказаў: "Два сапраўдныя няшчасці меў я ў жыцці: першае - падзел роднага краю, другое - расстрэл Валадковіча".

У 1762 годзе ў Вільні раптоўна памёр бацька Караля князь Гетман. Гэтая смерць, як і смерць маці, якая памерла ў 1753 годзе, была вялікай трагедыяй для яшчэ не сфармаванага характару маладога Радзівіла. Вестку аб цяжкім стане бацькі ён атрымаў позна. Калі прыехаў у Вільню, то ўжо не пачуў апошніх слоў развітання, бацька быў мёртвы. 3 адчаю, што яго пакінуў самы дарагі чалавек, Пане Каханку моцна напіўся.

Маладому нясвіжскаму князю дасталася ў спадчыну вялізная фартуна. На сейме ў Варшаве ў 1762 годзе ў прысутнасці караля ён атрымаў тытул ваяводы віленскага і зрабіўся першым сенатарам Вялікага княства. Гэта была перамога, асабліва, калі ўспомніць, што Чартарыйскія рабілі ўсё, каб пасада дасталася іх сваяку.

Канфлікт паміж двума партыямі абвастрыўся. Чартарыйскія вырашылі больш не чакаць і звярнуліся да Кацярыны Вялікай па ваенную дапамогу. Пане Каханку настрайваў сваіх прыхільнікаў супраць Расіі. Руская імператрыца напісала нясвіжскаму князю асабісты ліст, напомніла пра сардэчныя адносіны Міхала Казіміра з рускім прастолам, прасіла прытрымлівацца той жа палітыкі павагі і еднасці. Князв Радзівіл адказаў, што прыкладзе ўсе свае намаганні, каб абраць караля, якога пажадае царыца, калі яна не будзе падтрымліваць Чартарыйскіх.

Пакуль Пане Каханку сустракаў новы, 1764 год і бавіў час у балях і вечарынах, партыя Чартарыйскіх набірала моц і стварыла літоўскую канфедэрацыю супраць Радзівілаў і іх прыхільнікаў і выклікала рускія войскі. Кацярына толькі і чакала гэтага сігналу. У Варшаву прыбыў новы прадстаўнік царыцы, а потым пасол Мікалай Рапнін. Ён атрымаў загад прыкласці ўсе намаганні, каб выбраць польскім каралём Станіслава Панятоўскага. Частка рускай арміі разышлася па краіне, каб адсочваць не згодных, другая стаяла ў Варшаве, а вялізныя сілы чакалі на граніцы. Мікалай Рапнін атрымаў немалыя грошы на правядзенне выбараў караля ў Рэчы Паспалітай. Ён наняў тысячы шпіёнаў, каб даносілі аб тым, што робіцца вакол партыі князя Радзівіла.

7 мая 1764 года ў Варшаве пачаліся выбары караля. Людзі былі здзіўлены вялікай колькасцю рускіх казакаў на вуліцах, на лесвіцах і пляцоўках будынка, дзе адбываліся выбары. Вайсковыя патрулі рускіх суправаджалі Чартарыйскіх і іх прыхільнікаў на сейм да самай залы. Іх рэзідэнцыі напаміналі грозныя басціёны. Каб аслабіць партыю Радзівіла, рускае войска прымусіла яго і ягоных прыхільнікаў пакінуць Варшаву. Французскі палітык і гісторык XVIII стагоддзя С. Рулге пісаў, што Пане Каханку ў 1764 годзе дзейнічаў справядліва, абараняў свабоду айчыны, выступаў супраць інтэрвенцыі рускіх войскаў. Знаходзячыся ў Бельскім замку, нясвіжскі князь даведаўся, што вялікія сілы рускіх аблажылі Нясвіж, Слуцк і іншыя гарады, якія належалі князю. Ён даў загад сваім падначаленым абараняцца да апошняга, не здаваць на рабаванне гарады і мястэчкі. Пад націскам ворага Караль Станіслаў адступіў на паўднёвыя рубяжы Літвы. Яго рэзідэнцыя ў Белай, якую ён пакінуў у чэрвені, таксама была спустошана.

Калі злучаныя сілы рускіх і канфедэратаў пайшлі на Нясвіж і Слуцк, Пане Каханку паспяшаўся туды на дапамогу. Над ракой Шчарай ён быў атакаваны рускімі і прыняў бой. Пасля васьмі гадзін няспыннага бою прыйшлося спыніць бітву з-за наступлення ночы. Пазней князь запісаў: "Назаўтра, калі рускае войска адступіла за рэчку і там атрымала падмогу, дарога для мяне да Нясвіжа была перакрыта. Павінен быў падавацца ўглыб краіны і пайшоў на Палессе. Над Прыпяццю зноў прыняў бой, адтуль накіраваўся да Алыкі". Нясвіж і замак не вытрымалі аблогі і апынуліся ў руках ворага. Усе малыя і вялікія гарады і мястэчкі, якія належалі Радзівілам, паліліся і вынішчаліся.

Князь Радзівіл бачыў безнадзейнасць свайго становічша і рабіў усё, каб не трапіць у палон. Ён пісаў ваяводзе кіеўскаму Патоцкаму: "За мной палявалі дзве варожыя групоўкі: адна ішла з Літвы, другая, князя Дашкава, накіроўвалася ад Варшавы. Потым, калі наблізілася трэцяя група войска пад кіраўніцтвам Галіцкага, я быў вымушаны, каб выратаваць сваё жыццё і жыцці сваіх прыхільнікаў, перабірацца праз Днестр на турэцкі бок і там звярнуўся да мясцовых уладаў".

У Варшаве партыя Чартарыйскіх паспяшала пазбавіць усіх правоў "літоўскага мядзведзя", што і было зроблена 16 жніўня. Князь быў пазбаўлены ўсіх званняў і правоў, а ўсе яго маёнткі канфіскаваны. За мяжой Пане Каханку звяртаўся за дапамогай да еўрапейскіх манархаў, стараўся ўздзейнічаць на іх, каб вызваліць родную айчыну. Няшчасны выгнаннік вельмі часта пісаў сваёй сям'і і блізкім, скардзячыся на свой страшны лёс: "Трагічны і сумны мой лёс, але яшчэ больш трагічны лёс маёй айчыны, дзе глыбока пахавана вольнасць і свабода". У Венгрыі Пане Каханку даведаўся, што яго галоўны саюзнік па апазіцыі Ян Браніцкі схіліў галаву перад каралём і Чартарыйскімі і вярнуўся на радзіму, даўшы слова больш ніколі не займацца палітыкай. Гэтае рашэнне старога гетмана засмуціла і прыгнябіла нясвіжскага князя. У гэтых цяжкіх абставінах толькі родная Літва чакала Радзівіла як свайго караля, не зважаючы на тое, што ён быў пазбаўлены ўсіх тытулаў і званняў.

Другая жонка Пане Каханку Тарэза з Ржавускіх не пажадала раздзяліць з князем лёс выгнанніка і адраклася ад яго. Князь пісаў свайму цесцю: "Да тых перажыванняў і клопатаў маіх, найвялікшае адчуваю ўмяртвенне, калі нават уласная жонка, якая абавязана дзяліць шчасце і няшчасце з мужам, адвярнулася і пакінула мяне..."

Караль Радзівіл заставаўся вельмі папулярным у Літве і нават у Кароне. Ён не пакідаў думкі вярнуцца ў родны край, але як гэта зрабіць? Некаторыя раілі Пане Каханку звярнуцца да караля Станіслава Аўгуста, які быў абраны на польскі трон 6 верасня 1764 года пры дапамозе імператрыцы Кацярыны. Але як павініцца Радзівілу перад "нейкім Цялём", схіліць "карак перад паручнікам"? Вось каб хто-небудзь працягнуў яму руку, ды каб яшчэ адыграць ролю выратавальніка айчыны! Тут палымянае жыццё Пане Каханку супала з патаемнымі планамі царыцы.

Станіслаў Аўгуст разам са сваімі прыхільнікамі падрыхтаваў пакет рэформаў на сейм 1766 года. Яны былі накіраваны на ўзмацненне Рэчы Паспалітай. Расія і Прусія занепакоіліся, але стрымаць гэтую справу не маглі. Вырашылі разыграць карту з Радзівілам, якога лёгка было абвесці ў той складанай палітычнай сітуацыі. Панін пісаў: "Змена абставін і поглядаў, якія суправаджаюць выгнанне гэтай асобы з радзімы можна выкарыстаць на карысць нам, а ўрэшце, трэба напалохаць Чартарыйскіх, а для гэтага звязацца з Радзівілам з дапамогай нашых прыяцеляў і вярнуць яго ў Літву".

Кацярыну пераканалі, што Радзівіл найлепшая кандыдатура ў гэтым выпадку, бо ён наіўны, непрадбачлівы, не зразумее адразу ўсіх хітрыкаў царскай палітыкі.

Караль Станіслаў Радзівіл згадзіўся ўзначаліць Радамскую канфедэрацыю, накіраваную супраць Чартарыйскіх і за тое, каб пазбавіць трону Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Экс-ваявода пакінуў Дрэздэн і праз Гданьск і Кралявец рушыў да Вільні. 3 чэрвеня 1766 года ён ступіў на родную зямлю. Паветра Радзімы ўліло ў яго новыя сілы, ён адчуў сябе зноў першым грамадзянінам Вялікага княства, хаця яму яшчэ не вярнулі ні званняў, ні маёнткаў. На кожным кроку князь сустракаў шчырую сімпатыю да сябе. Стыхійныя бурныя выказванні радасці сведчылі аб вялікім уплыве Радзівіла ў Літве. Ён пісаў: "Быў прыняты з вялікай радасцю. Усе паветы і ваяводствы сустракалі мяне за паўмілі ад месца, была вельмі вялікая колькасць сустракаючых. Люд крычаў "віваты", вечарам была ілюмінацыя". Палітычнае, эканамічнае жыццё ў Літве ажывілася.

Рапнін і Кар вымусілі Радзівіла скараціць прывітальныя цырымоніі ў Літве і паспяшацца ў Варшаву, адкуль князь пад экскортам казакаў накіраваўся ў Радам, куды з'язджаліся ваяводскія маршалкі, каб далучыцца да канфедэрацыі. Але Пане Каханку і канфедэратаў подла падманулі і літоўскі магнат хутка зразумеў, што ён мае столькі ўлады, колькі яму дае Рапнін. Ён у поўнай ад яго залежнасці. Пасля заканчэння сейма Пане Каханку вярнуўся ў Літву, дзе яму вярнулі Віленскае ваяводства. Ён пачаў рыхтавацца да абароны Нясвіжа, Слуцка і іншых сваіх гарадоў і мястэчак. Дазнаўшыся аб падрыхтоўцы да абароны, царыца рушыла на Нясвіж шматтысячнае войска. У самім Нясвіжы знайшоўся даносчык Брастоўскі, які падрабязна пісаў Рапніну аб усім, што рабілася ў радзівілаўскай сталіцы. Рапнін зразумеў, што памыліўся ў Радзівіле, што гэты "балван" на справе больш складаны і ад яго патрэбна як мага хутчэй пазбавіцца. Загад аб знішчэнні Караля Станіслава Радзівіла быў адданы генералу Ізмайлаву, армія якога знаходзілася паблізу Нясвіжа. Рускія войскі аблажылі невялічкі горад, занялі бліжэйшыя ваколіцы. Сам князь закрыўся ў замку, нядрэнна падрыхтаваным для барацьбы, і таленавіта кіраваў абаронай. 700 жаўнераў занялі брамы, дзесяткі вялікіх гармат ашчэрыліся на ворага. Але сілы былі няроўныя. Князю нічога іншага не заставалася, як сесці ў сваім кабінеце і пісаць пісьмы Рапніну, просячы яго змілавацца над няшчасным горадам. Ён даў слова ніколі больш не выступаць супраць царыцы, але слова свайго не стрымаў. У чэрвені 1769 года выехаў за мяжу, дзе зноў шукаў паратунку для Бацькаўшчыны, пісаў пісьмы манархам Еўропы, звяртаўся па дапамогу да Порты.

А на Літве ў гэты час дзейнічаў малады Сувораў, які руйнаваў гарады і мястэчкі Радзівілаў. Пад Сталовічамі ў 1771 годзе быў разбіты корпус Агінскага. 3 поўначы насоўваліся прускія войскі, якія баяліся спазніцца і даць магчымасць Расіі захапіць усю Рэч Паспалітую. 3 поўдня набліжаліся аўстрыякі. Адбыўся першы, яшчэ не поўны падзел Рэчы Паспалітай.

Шмат пісьмаў напісаў Караль Станіслаў Радзівіл да манархаў Еўропы. Нарэшце, 22 сакавіка 1774 года ён звярнуўся да Кацярыны II: "Няхай Ваша Светласць зверне ўвагу са свайго высокага трону на няшчаснага, які прыпадае да ног тваіх, каб прасіць справядлівасці і міласэрнасці". Дазвол на вяртанне быў дадзены. Картэж князя праз Баварыю, Маравію, Галіцыю накіраваўся ў Літву. Па дарозе да яго далучаліся яго прыхільнікі, падданыя, сябры. Жыхары Львова гучна віталі князя. У Жолкве князь затрымаўся на працяглы час.

Нарэшце войскі Расіі пакінулі Рэч Паспалітую і Нясвіж вызваліўся з няволі. Двойчы за невялікі кавалак часу сталіца Радзівілаў перажыла страшэнныя спусташэнні і рабаўніцтва. Усё, што можна было вынесці, было раскрадзена. Пакоі і залы замка былі разрабаваны дашчэнту. Слугі амаль усе разбегліся.

Пане Каханку вярнуўся ў Нясвіж і пачаў цяжкую работу па адраджэнню цудоўнага ў мінулым горада. Ён вырашыў вярнуць былы бляск замку і гораду. Запрацавалі мясцовыя мануфактуры, якія былі перапоўнены заказамі. У сакрэтных тайніках зберагліся каштоўнасці, нават дарагія напоі, якія заўсёды высока цаніліся ў нясвіжскім замку.

Пане Каханку адчуваў сябе патрыётам сваёй роднай беларускай зямлі. Ён нярэдка падкрэсліваў прыдворным у замку: "Я люблю Карону, але няма нічога лепшага, як наша Літва (Беларусь)". Радзівілы лічылі сябе ліцвінамі або "ліцвякамі", добра ведалі беларускую мову, ставіліся да яе з павагай, часта ёю карысталіся, і старажытнай, і кніжнай, і гутарковай, на якой размаўлялі сяляне. Польскі кароль Станіслаў Аўгуст, прыехаўшы да Пане Каханку, выступіў з вершаваным тостам - на беларускай мове, які пачынаўся так: "Пане гаспадару, кажы віна даці, каб тваёй хаце ліха не знаці".

Паміраў Пане Каханку ў Белай. Перад смерцю траціў прытомнасць, трызніў, гаварыў сам з сабою: "Давялося мне нарадзіцца ў цяжкія часы... Сляпым быў, але дарогу шукаў, а людзі казалі, што я гарэза. Вызвалення айчыны страшэнна прагнуў, але хто мог ведаць, у чым яно было? Валадковіч, ці ты на паляванне ў Налібокі сабраўся, ці прыйшоў па мяне? Пачакай, каханы, ужо нядоўга... Пры жыцці прыняў цяжкую кару. Заплаціў за ўсё з лішкам: грашыма, крывёю, слязьмі, выгнаннем, бедамі, пане каханку... Пасля Барскай уволю наглядзеўся, як нас чацвертавалі, і мне гэта не залічыцца?.. У Альбе не ўдалося закончыць будаўніцтва, хутка там усё загіне... Хто ведае, што будзе з самімі Радзівіламі?"

Караль Станіслаў Радзівіл памёр 22 лістапада 1790 года. У Белай ён быў падрыхтаваны да жыцця ў вечнасці. Кароль, замежныя паслы і ўсе жыхары Рэчы Паспалітаў прынялі ўдзел у жалобнай імшы, якую адслужылі па ўсёй краіне.

Цела князя было забальзаміравана ў Белай і перавезена ў Нясвіж, але не адразу трапіла ў сямейную крыпту з-за палітычных абставін. Толькі праз некаторы час труна з целам князя заняла сваё месца ў Радзівілаўскай пахавальні ў нясвіжскім касцёле. У наш час цёмны вялізны саркафаг, на якім пазначана прозвішча і гады жыцця, стаіць каля вакна, забранага кратамі, праз якія нават з вуліцы можна ўбачыць апошні "пакой" легендарнага магната.

Трэба адзначыць, што вобраз Караля Станіслава II Радзівіла ў літаратуры і ў аповядах экскурсаводаў падаецца аднабока, нават скажона, далёкім ад гістарычнай праўды. Інтрыганка "старэйшая сястра" Кацярына II і яе акружэнне "старэйшых братоў" скарысталі сітуацыю і злавілі Пане Каханку ў пастку. Сувораў зрабіўся героем, а сапраўдны патрыёт нашай зямлі на доўгі час схаваны за характарыстыкай блазна, п'яніцы і гультая.

К.Я. Шышыгіна-Патоцкая, "Нясвіж і Радзівілы", Мінск: Беларусь, 2007. - 240 с.: іл.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал