Гістарычны каляндар
6 лістапада 1883

Нарадзіўся Язэп Лёсік

Язэп ЛёсікКалі задумваешся над жыццёвым шляхам гэтага чалавека, зноў і зноў задаеш сам сабе пытанне: "За што?!" За што выпаў яму такі лёс: не за тое ж, што "лёс" і "Лёсік" - аднакарэнныя словы?..

Ён сядзеў у турме і быў у ссылках пры ўсіх палітычных рэжымах, падчас улады якіх жыў, працаваў, дзейнічаў і змагаўся... Пры царскім, нямецкім (кайзераўскім), польскім, а пры савецкім - ажно два разы! Ужо сам гэты факт, на маю думку, сведчыць аб неардынарнасці і непаўторнасці і характару Язэпа Юр'евіча, і яго поглядаў і пазіцый у канкрэтнай тагачаснай абстаноўцы. I ўсё ж такі: чым не дагадзіў ён тым уладам - законным і акупацыйным, такім процілеглым па мэтах, праграмах, задумах, планах, здзяйсненнях?..

Выгнаннік сваёй Айчыны

Язэп (Іосіф) Лёсік (1883-1940) нарадзіўся ў вёсцы Мікалаеўшчына Мінскага павета (цяпер гэта Стаўбцоўскі раён). Між іншым, ён - родны дзядзька Якуба Коласа, хаця і маладзейшы за свайго пляменніка на цэлы год... Ды ці ў гэтым, уласна кажучы, справа: галоўнае, што абодва яны пасвяцілі сябе самай удзячнай працы - працы на ніве беларускага нацыянальнага Адраджэння.

Падросшы на тых жа, што і Колас, мікалаеўшчынскіх прасторах, Язэп адразу ж пайшоў у навуку, як тады модна было казаць - у людзі. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, Ноўгарад-Северскім гарадскім вучылішчы... Працаваў выкладчыкам Бабруйскай сельскагаспадарчай школы, настаўнікам у мястэчку Грамяч на Чарнігаўшчыне... Там і засталі Язэпа Лёсіка рэвалюцыйныя падзеі 1905 года, падчас якіх і вызначыліся далейшыя накірункі яго жыцця, грамадска-палітычнай і навукова-практычнай дзейнасці на карысць беларускага народа.

За ўдзел у рэвалюцыйных хваляваннях 1905-га ён стаў вязнем Ноўгарад-Северскай турмы, у якой прасядзеў амаль што тры гады. У 1907-м Язэпа прывезлі на суд у горад Старадуб, аднак праз некалькі дзён з тамтэйшай турмы ён уцёк. Чатыры гады (!) Лёсік хаваўся ў родных і знаёмых, але, у рэшце рэшт, зноў быў схоплены паліцыяй і прыгавораны да бестэрміновага пасялення ў Сібіры.

На працягу 1911-1917 гадоў Язэп адбываў ссылку ў гарадах Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губерні. Там ён пазнаёміўся з Алесем Гаруном - такім жа праведнікам і пакутнікам зямлі беларускай.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Язэп Лёсік вярнуўся ў Мінск. Уступіў у Беларускую сацыялістычную Грамаду, стаў неўзабаве адным з лідэраў яе правага крыла. На працягу мая- ліпеня таго ж года рэдагаваў газету "Вольная Беларусь", якая стала тады сапраўдным рупарам вольнай беларускай думкі і іншадумства. Напрыканцы 1917-га - на пачатку 1918-га года ўдзельнічаў у абвяшчэнні і першых кроках Беларускай Народнай Рэспублікі...

Канец красавіка 1918-га... Разам з групай прыхільнікаў утварэння БНР Язэп Лёсік падпісвае тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II, у якой ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі заяўлялася аб тым, што будучыню Беларусі яны бачаць "толькі пад апекай германскай дзяржавы". У выніку ў Беларускай сацыялістычнай Грамадзе адбываецца раскол. У чэрвені 1918 года быў утвораны кааліцыйны ўрад БНР, у якім Язэп Юр'евіч становіцца старшынёй Рады. Гэту прывідную пасаду ён займае да сярэдзіны 1920 года.

Пасля выгнання белапалякаў з тэрыторыі Беларусі ў ліпені 1920 года Язэп заявіў аб прызнанні Савецкай улады. Ён поўнасцю адыходзіць ад палітычнай дзейнасці і сканцэнтроўвае сваю ўвагу, аддае ўсе сілы і здольнасці навуковай, культурна-асветніцкай і літаратурнай працы. Перакладае на родную беларускую мову Маніфест Камуністычнай партыі Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, чытае лекцыі ў толькі што створаным Беларускім дзяржаўным універсітэце, актыўна працуе ў Інстытуце беларускай культуры (Інбелкульце)...

У сярэдзіне лістапада 1926 года Язэп Юр'евіч становіцца адным з ініцыятараў арганізацыі і правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, на якой выступае з двума асноўнымі дакладамі. Яшчэ праз тры гады ў ліку першых яму было нададзена званне правадзейнага члена (акадэміка) Беларускай акадэміі навук.

Пяру Я. Лёсіка належыць шэраг літаратурных прац, у тым ліку аповесцей і апавяданняў "Ня ўсе-ж разам, ягамосьці", "Гаронім у дарозе", "Апавяданне без назвы", казка "Геркулес і селянін". Яны вызначаюцца сакавітай народнай мовай, глыбокім пранікненнем у сутнасць з'яў, умелай, непадробнай характарыстыкай герояў... Пісьменніцкі талент яго першым прыкмеціў Максім Гарэцкі, які засведчыў: "Гэтага слаўнага пісьменніка чакае яшчэ слаўнейшая будучыня..." Але найбольш значны след пасля сябе Лёсік пакінуў як мовазнавец.

На працягу 1921-1927 гадоў ён апублікаваў восем навуковых мовазнаўчых прац: "Беларускі правапіс", "Школьная граматыка беларускае мовы", "Сынтакс беларускае мовы", "Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка", "Граматыка беларускае мовы. Морфолёгія", "Практычная граматыка беларускае мовы", "Наша крыніца (кніга для чытання)", "Пачатковая граматыка беларускае мовы". Асобныя з іх перавыдаваліся па некалькі разоў і па іх, без перабольшання, вучыліся цэлыя пакаленні беларусаў.

За шчыраванне, сумленную працу на ніве беларускага нацыянальнага Адраджэння Язэп Лёсік, як і многія іншыя праведныя беларусы ў 20-я-30-я гады XX стагоддзя, урэшце і паплаціўся. Ганенні на яго пачаліся яшчэ ў 1921 годзе - неўзабаве пасля таго, як ён прызнаў савецкую ўладу. Тады, падчас выхаду ў свет "Практычнай граматыкі беларускае мовы", газета "Звезда" (а выходзіла яна, дарэчы, на рускай мове) назвала падручнік... контррэвалюцыйным.

Яшчэ праз тры гады - 28 снежня 1924-га - намеснік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай ваеннай акрузе Іосіф Апанскі накіраваў на імя сакратара ЦК КП(б) Беларусі Аляксандра Крыніцкага дакладную запіску. Мэта яе (дарэчы, падпісана яна "заместителем Полномочного Представителя ОГПУ по Западному краю", хаця, як вядома, Заходняга краю ўжо і не было! - Заўвага А.М.)- "дапамагчы" толькі што прызначанаму новаму партыйнаму лідэру Беларусі, прысланаму да нас, як і папярэднія, з Масквы, разабрацца ў абстаноўцы ў рэспубліцы. I найперш - "разабрацца" ў нацыянальнай палітыцы, якая, як вядома, у той час спавядалася і разгортвалася сапраўды ў інтарэсах беларускай нацыі! Але не: I. Апанскі ведаў, на варце якіх інтарэсаў ён стаяў, таму і стала тая запіска, створаная пад яго асабістую дыктоўку, адным з першых сігналаў вышэйшаму кіраўніцтву аб з'яўленні "ворагаў народа", нацдэмаў, якія, паводле цвёрдага пераканання Апанскага, "представляют из себя попутчиков интеллигентов-шовинистов, вносяших в литературу настроения, чуждые Революции, а иногда и к.-р. (контррэвалюцыйныя. - Заўвага А.М.) тенденции...". Да ліку чатырох найбольш актыўных сярод іх намеснік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ аднёс Янку Купалу, Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка і Змітрака Бядулю...

Дзякуй Богу, тады тыя абвінавачванні засталіся без рэакцыі... Аднак усё гэта "нагадалі" Язэпу Юр'евічу ў 1930-м, калі яго абвінавацілі ўсё ж такі ў нацдэмаўскай дзейнасці і на пяць гадоў выслалі ў Паволжа. Але і пасля ссылкі, у 1936 годзе, акадэміку не дазволілі вярнуцца на Бацькаўшчыну. Ён выкладаў рускую мову спачатку на станцыі Злынка каля Навазыбкава Бранскай вобласці, а потым - у педагагічным тэхнікуме ў горадзе Актарску Саратаўскай вобласці...

У 1938-м Я. Лёсіка арыштавалі зноў. Праз два гады яго сям'я атрымала паведамленне аб тым, што беларускі акадэмік памёр ад сухотаў у саратаўскай турме № 2...

Крыніца: Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. - 2-е выд., дапрац. - Мінск : Литература и Искусство, 2009. - 344 с.: іл.

Увесь спіс падзей

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал