Бібліятэка гістарычных артыкулаў
Нарадзіўся Ігнат Дварчанін
Гэты чалавек з той жа кагорты - пакутнікаў і ахвяр. 3 тых, хто быў беспадстаўна абвінавачаны ў "здрадзе" Бацькаўшчыне і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання... I імя яго гэтаксама было зняслаўлена і зганьбавана і на дзесяцігоддзі выкраслена з гісторыі...
Але ж - за што?!
За тое, што верай і праўдай служыў Айчыне, свайму народу?! Спадзяваўся, што і беларусы будуць "людзьмі звацца"?! Быў цвёрды і непахісны ў перакананнях і жыццёвых пазіцыях?!..
Так, за ўсё гэта, разам узятае...
З кагорты пакутнікаў і ахвяр
Ігнат Дварчанін (1895-1937) нарадзіўся ў вёсцы Погіры цяперашняга Дзятлаўскага раёна ў сям'і дробнага арандатара. Паводле аўтабіяграфіі, напісанай ім жа пазней, ужо ў сумна вядомыя 30-я гады XX стагоддзя, сям'я мела 5 дзесяцін зямлі, 12 душ сямейства...
У час службы ў радах царскай арміі ў 1916-1917 гадах Ігнат Дварчанін знаёміцца з такімі вядомымі пасля дзеячамі нашага нацыянальнага Адраджэння, як Аляксандр Чарвякоў, Язэп Дыла, Сымон Рак-Міхайлоўскі... Гэтыя знаёмствы ў многім і прадвызначылі грамадска-палітычную арыентацыю маладога чалавека.
Лепш, чым сам Ігнат, тыя будні яго жыцця наўрад ці апішаш. Таму звернемся да яго аўтабіяграфіі:
"Удзельнічаў адразу ж у Дні Вольнай Беларусі, потым - у з'ездзе прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, ідучы разам з Сацыялістычнай Грамадой, якая мяне прыцягвала. Удзельнічаю ў скліканні з'езда беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, на якім мяне выбралі членам Выканкама; прымаю ўдзел у скліканні новых армейскіх і франтавых з'ездаў, удзельнічаю ў з'ездзе Беларускай Сацыялістычнай Грамады і ў падрыхтоўцы, як і ў самім правядзенні, так зв. Усебеларускага Кангрэса, уваходжу ў састаў арганізаванай з прадстаўнікоў франтоў Беларускай Вайсковай рады і ў Сакратарыят-Канвент Кангрэса..."
Ужо адзін пералік гэтых мерапрыемстваў сведчыць: больш актыўны грамадскі дзеяч, чым Ігнат Дварчанін, у той час наўрад ці быў!..
Дарэчы, падчас разгону Усебеларускага кангрэса (з'езда) разам з іншымі арганізатарамі і яго актыўнымі ўдзельнікамі Ігнат Дварчанін быў арыштаваны, але на наступны дзень адпушчаны...
У сакавіку 1918 года Дварчанін атрымлівае ад камісара Беларускага нацыянальнага камісарыята Аляксандра Чарвякова тэлеграму наступнага зместу: "Белкамісарыят збірае лепшых работнікаў для культурна-асветніцкай працы. Шлём Вам запрашэнне і дакументы на ўезд у Маскву. Абдумайце. Рыхтуйцеся выязджаць..."
Ігнат "выязджае" і неўзабаве прыступае да выканання абавязкаў сакратара культурна-асветніцкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. Работы было больш чым дастаткова: толькі эвакуіраваных з Беларусі навучальных устаноў на тэрыторыі Расіі налічвалася больш чым 200, і іх неабходна было рыхтаваць да вяртання на Бацькаўшчыну.
...Падчас знаходжання на малой радзіме ў кароткачасовым водпуску ён нечакана апынуўся на акупіраванай - на гэты раз палякамі - тэрыторыі. У суседняй з Погірамі вёсцы Ігнат адкрыў пачатковую школу, пачаў сапраўдную барацьбу за выкладанне ў ёй прадметаў на роднай беларускай мове. "Новай" уладзе тое, натуральна ж, не спадабалася, а калі яшчэ ў "дадатак" ён стварыў у Дзятлаве (прычым - падпольна) беларускія курсы, драматычны гурток і хор, наогул апынуўся... за кратамі ў Беластоку. Амаль праз паўгода з лагера яму ўдалося ўцячы. Дварчанін вяртаецца дадому і хаваецца там ад чарговага арышту...
У жніўні 1920-га, пасля вызвалення Беларусі ад белапольскіх акупантаў, Ігнат зноў прыязджае ў Мінск. Уладкоўваецца на працу ў выдавецкі аддзел Народнага камісарыята асветы. Але ненадоўга: праз некалькі месяцаў едзе ў Вільню, дзе экстэрнам здае іспыты па праграме сярэдняй школы ў тамтэйшай беларускай гімназіі. Потым Беларускі нацыянальны камітэт і Беларуская школьная рада накіроўваюць Дварчаніна ў Латвію, дзе ён бярэ ўдзел у стварэнні таварыства беларусаў "Бацькаўшчына", чытае лекцыі па беларусазнаўстве на курсах настаўнікаў у Дзвінску.
У верасні 1921 года члены таварыства "Бацькаўшчына" выбіраюць яго дэлегатам на Беларускую нацыянальна-палітычную канферэнцыю ў Празе. Там, у чэшскай сталіцы, ён паступае на вучобу ў мясцовы Карлаў універсітэт.
У апошні год вучобы ў Карлавым універсітэце Ігнат Дварчанін у прамым сэнсе слова здзівіў увесь навуковы свет: ён абараніў дысертацыю на тэму "Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве". "Гэта кніга, - згадваў ён пазней, - пісалася па-чэшску як дысертацыйная доктарская праца пры выпуску са Старога Пражскага універсітэта. Хацелася выкарыстаць матэрыял аб ім у месцы, з якімі звязана найлепшая пара дзейнасці нашага гуманіста". Паводле водгукаў тагачасных і цяперашніх даследчыкаў Скарыніяны, і дысертацыя I. Дварчаніна, і яго артыкулы "3 гісторыі друкаваных выданняў аб Скарыне", "Аб часе нараджэння Скарыны", "Ф. Скарына ў адносінах да працоўнага народа" і іншыя з'яўляюцца самымі сапраўднымі адкрыццямі невядомых старонак жыцця і дзейнасці нашага асветніка і першадрукара.
У тым жа 1926-м ён вярнуўся ў Вільню. Уступіў у толькі што створаную Беларускую рабоча-сялянскую грамаду, адначасова быў абраны ў галоўнае праўленне Таварыства беларускай школы, якое ў той час значна ўплывала на грамадска-палітычнае і культурна-асветніцкае жыццё Прынёманскага краю. Праўда, менш чым праз год Грамада ў прамым сэнсе слова была разгромлена мясцовымі ўладамі.
Працуючы настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі, ён па-ранейшаму актыўна ўдзельнічаў у грамадска-вызваленчым руху. У 1928 годзе, паводле т. зв. "Беларускага сялянска-рабочага спіса "Змаганне" Дварчаніна выбіраюць дэпутатам польскага сейма. Аўтарытэт і прызнанне яго як змагара і сумленнага дзеяча спрыяюць таму, што ва ўтворанай аднайменнай дэпутацкай фракцыі ў сейме ён становіцца яе віцэстаршынёй. Пачаліся шматлікія паездкі па Віленскаму краю і выступленні перад землякамі. Ды нядоўга доўжылася тое: ужо 19 жніўня 1930-га Ігната Сымонавіча арыштоўваюць падчас выступлення на мітынгу ў Гродзенскім павеце. Звыш двух гадоў ён правёў у турме...
У сярэдзіне верасня 1932 года ў выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж СССР і Польшчай Ігнат Дварчанін зноў прыехаў у Мінск. Яму прапанавалі працу ў Акадэміі навук у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі. Але і на гэты раз знаходжанне на волі было нядоўгім...
У наступным, 1933 годзе, Ігнат Дварчанін быў абвінавачаны ў прыналежнасці да міфічнай, штучна створанай арганізацыі пад назвай "Беларускі нацыянальны цэнтр" і пастановай судовай калегіі ад 9 студзеня 1934-га прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Яна была заменена на 10 гадоў пазбаўлення волі. А напрыканцы 1937 года пастановай сумна вядомай "тройкі" НКУС па Ленінградскай вобласці вышэйшая мера пакарання адносна Ігната Сымонавіча была адноўлена і 8 снежня яго расстралялі...
Ён быў не толькі выбітным дзеячам нацыянальнага і культурнага Адраджэння, не толькі пісаў навуковыя творы, але і вершы, займаўся перакладамі з рускай мовы... На беларускую мову, у прыватнасці, I. Дварчанін, на маю думку, проста бліскуча пераклаў паэму паэтычнага волата Расіі Аляксандра Блока "Дванаццаць"... А ў адным са сваіх вершаў - "Покліч", апублікаваным у 1917 годзе, ён пісаў, звяртаючыся да Беларусі:
Загукай усім ты моцна,
Што жывеш на свеце ты,
Што й табе прышла свабода,
Што ня хочаш крыўды ты...
Цудоўныя радкі: актуальныя і прарочыя...